28.07.2020  
Інфармацыйнае паведамленне

Інфармацыя аб выніках публічнага абмеркавання праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб змяненні законаў"


Праект Закона Рэспублікі Беларусь "Аб змяненні законаў" (далей – праект Закона) накіраваны на ўдасканаленне сістэмы гарантаванага пакрыцця грашовых сродкаў, размешчаных фізічнымі асобамі на рахунках і (або) ва ўклады (дэпазіты) у банках (далей – банкаўскія ўклады (дэпазіты), створанай у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 2020 года № 369-З "Аб гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб" (далей – Закон).

Арганізатар публічнага абмеркавання праекта Закона – Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.

Від публічнага абмеркавання – грамадскае.

Спосабы публічнага абмеркавання – публічнае абмеркаванне ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт на сайце "Прававы форум Беларусі".

Тэрміны правядзення – з 10 па 20 ліпеня 2020 г.

Па праекце Закона паступілі заўвагі (прапановы) ад 5 удзельнікаў грамадскага абмеркавання (фізічных асоб), якія датычацца:

  • немэтазгоднасці ўстанаўлення для індывідуальных прадпрымальнікаў абмежавання па суме пакрыцця пры ўключэнні іх у склад суб'ектаў сістэмы гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) (пункт 7 артыкула 2 праекта Закона);
  • немэтазгоднасці пашырэння магчымасцей для інвеставання часова свабодных грашовых сродкаў дзяржаўнай установы "Агенцтва па гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб" (далей – Агенцтва) у беларускіх рублях у каштоўныя паперы ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" (пункт 16 артыкула 2 праекта Закона).

Прымаючы пад увагу актуальнасць і значнасць названых пытанняў для функцыянавання сістэмы гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), неабходна адзначыць наступнае.

Індывідуальныя прадпрымальнікі з'яўляюцца суб'ектамі сістэм гарантавання (страхавання) банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) у большасці замежных краін, у тым ліку ва ўсіх дзяржавах – удзельніцах ЕАЭС. Пры гэтым памер пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) для іх абмяжоўваецца.

У ходзе падрыхтоўкі праекта Закона прыменены аналагічныя падыходы. У адпаведнасці з пунктам 7 артыкула 2 праекта Закона максімальная сума кампенсацыі для індывідуальных прадпрымальнікаў у адным банку складае 100 000 беларускіх рублёў.

Пры вызначэнні гэтай сумы прымалася пад увагу, што мэтамі прадастаўлення індывідуальным прадпрымальнікам гарантый пакрыцця грашовых сродкаў з'яўляецца не толькі абарона іх правоў і законных інтарэсаў, але і стварэнне перадумоў для павелічэння аб'ёму грашовых сродкаў, якія размяшчаюцца ў банках, умацаванне даверу да банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь.

Як паказаў аналіз даных аб памерах банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), у цяперашні час большасць індывідуальных прадпрымальнікаў, банкаўскія ўклады (дэпазіты) якіх будуць пакрывацца гарантыяй, размяшчаюць у банках грашовыя сродкі ў памеры менш за 40 000 беларускіх рублёў.

Акрамя таго, наяўнасць максімальнай сумы пакрыцця для ўкладчыкаў – індывідуальных прадпрымальнікаў у адным банку мае важнае практычнае значэнне, паколькі:

  • дазволіць пераразмяркоўваць грашовыя сродкі, якія перавышаюць 100 000 беларускіх рублёў, у банкаўскай сістэме;
  • выключае рызыкі ўзнікнення крытычнай нагрузкі на рэзерв Агенцтва ў сувязі з пашырэннем суб'ектнага складу ўдзельнікаў сістэмы гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) і магчымым павелічэннем аб'ёму грашовых сродкаў, якія размяшчаюцца імі ў банках.

З мэтай абароны ад абясцэнення пры захоўванні грашовыя сродкі Агенцтва павінны размяшчацца ў фінансавыя інструменты, якія прыносяць дастатковы прыбытак і забяспечваюць пры неабходнасці аператыўнае вяртанне ўкладзеных сродкаў.

Закон вызначае прынцыпы і пералік адпаведных ім напрамкаў інвеставання. У цяперашні час у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 22 Закона часова свабодныя грашовыя сродкі рэзерву Агенцтва і іншыя часова свабодныя грашовыя сродкі, якія ўваходзяць у склад маёмасці Агенцтва, могуць быць размешчаны і (або) інвеставаны ў наступныя аб'екты:

  • у дэпазіты Нацыянальнага банка;
  • у дзяржаўныя каштоўныя паперы Рэспублікі Беларусь;
  • у каштоўныя паперы Нацыянальнага банка.

У сваю чаргу, Наглядальны савет Агенцтва ва ўстаноўленых артыкулам 22 Закона рамках на аснове аналізу канкрэтнай сітуацыі штогод зацвярджае аптымальныя межы, парадак і ўмовы выкарыстання пералічаных фінансавых інструментаў.

Праект Закона прадугледжвае пашырэнне пераліку напрамкаў інвеставання сродкаў Агенцтва шляхам уключэння ў яго каштоўных папер ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь".

Гэты інструмент з'яўляецца падобным па надзейнасці і ліквіднасці да дзяржаўных каштоўных папер, паколькі пры неабходнай даходнасці мае абарону ў выглядзе субсідыярнай адказнасці дзяржавы пры пагашэнні і на тых жа ўмовах прымаецца для забеспячэння крэдытаў Нацыянальнага банка.

Магчымасць дыверсіфікаваць інвестыцыі за кошт прымянення каштоўных папер ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" аблегчыць аператыўнае вяртанне ўкладзеных сродкаў, у тым ліку шляхам продажу іх па прымальнай цане або выкарыстання ў якасці забеспячэння пры атрыманні крэдытных сродкаў.

Галоўнае юрыдычнае ўпраўленне