14.06.2019  
Інфармацыйнае паведамленне

Пасяджэнне Рэгіянальнай ініцыятывы краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (УЕЦА) Альянса за фінансавую даступнасць адбылося 11–13 чэрвеня ў Беларусі


Актуальныя пытанні забеспячэння фінансавай даступнасці разгледжаны 11–13 чэрвеня 2019 года на пасяджэнні Рэгіянальнай ініцыятывы краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (УЕЦА), якое адбылося ў Вучэбным цэнтры Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у в. Раўбічы. Асаблівая ўвага пры яго правядзенні была нададзена развіццю лічбавых фінансавых паслуг і абароне ад рызык, звязаных з укараненнем новых тэхналогій.

Мерапрыемства было арганізавана ў рамках супрацоўніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і міжнароднага аб'яднання "Альянс за фінансавую даступнасць" (АФД). Удзел у ім узялі каля пяцідзесяці прадстаўнікоў цэнтральных банкаў і арганізацый з Арменіі, Казахстана, Малайзіі, Манголіі, Расіі, Румыніі, Таджыкістана, Узбекістана і Чэхіі.

11 чэрвеня прайшло пасяджэнне экспертнай групы па палітыцы фінансавай даступнасці, на якім былі абмеркаваны пытанні стратэгіі пашырэння доступу да фінансаў у краінах УЕЦА. 12 чэрвеня мерапрыемства працягнулася семінарам-трэнінгам плацежнай сістэмы MasterCard і Альянса за фінансавую даступнасць.

Цэнтральнай падзеяй пасяджэння Рэгіянальнай ініцыятывы стаў форум высокага ўзроўню, які прайшоў 13 чэрвеня. Сустрэча была прысвечана выпрацоўцы далейшай стратэгіі краін УЕЦА ў галіне фінансавай даступнасці.

Даведачна. Альянс за фінансавую даступнасць з'яўляецца міжнародным аб'яднаннем, мэта якога – садзейнічанне развіццю нацыянальных фінансавых сістэм, якія абслугоўваюць усе катэгорыі насельніцтва, уключаючы малазабяспечаных грамадзян. Членамі Альянса з'яўляюцца цэнтральныя банкі і іншыя органы фінансавага рэгулявання з больш як 90 краін, што развіваюцца. Рэспубліка Беларусь у асобе Нацыянальнага банка ўвайшла ў АФД у маі 2010 года і ў цяперашні час з'яўляецца паўнапраўным членам гэтай арганізацыі.

Штаб-кватэра АФД размешчана ў г. Куала-Лумпур, Малайзія.

Цяпер у рамках АФД рэалізуюцца пяць рэгіянальных ініцыятыў, якія ахопліваюць дзяржавы Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, Арабскага рэгіёна, Ціхаакіянскіх астравоў, а таксама краіны Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Тэзісы выступлення намесніка Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка С.В. Калечыца на адкрыцці 3-га форуму высокага ўзроўню Рэгіянальнай ініцыятывы краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі "Павышэнне ўзроўню фінансавай даступнасці пры дапамозе лічбавых фінансавых паслуг"