21.10.2019  
Інфармацыйнае паведамленне

У дзень 25-годдзя беларускага рубля ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь пачала работу абноўленая экспазіцыя Музея грошай


19 кастрычніка 2019 года – у дзень 25-годдзя з моманту заканадаўчага замацавання беларускага рубля ў якасці адзінага законнага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь – у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь пачала работу абноўленая экспазіцыя Музея грошай.

Яе першымі наведвальнікамі сталі навучэнцы 5 "А" класа сярэдняй школы № 9 г. Пінска, якія ў ліку іншых беларускіх школьнікаў адгукнуліся на прапанову Нацыянальнага банка запісаць відэавіншаванне да 25-годдзя беларускага рубля. Менавіта іх ролік у выніку аказаўся самым творчым і крэатыўным.

Перад экскурсіяй у абноўлены Музей грошай навучэнцы сустрэліся са Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам, які паказаў дзецям свой працоўны кабінет, залу пасяджэнняў Праўлення Нацыянальнага банка, расказаў пра тое, якія задачы вырашае сёння цэнтральны банк краіны і як прымаюцца самыя важныя рашэнні па грашова-крэдытнай палітыцы дзяржавы.

Затым пінскія школьнікі разам з кіраўніком Нацыянальнага банка наведалі абноўлены Музей грошай. Падчас экскурсіі яны змаглі азнаёміцца са зборам унікальных экспанатаў, якія адлюстроўваюць гісторыю грашовага абарачэння, работы банкаўскіх і фінансавых устаноў на тэрыторыі Беларусі, а таксама сфатаграфавацца на памяць разам з Паўлам Калаурам на фоне ўнікальнай калекцыі памятных манет Нацыянальнага банка.