31.10.2019  
Інфармацыйнае паведамленне

Вызначаны пераможцы конкурсу на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў


У Нацыянальным банку 31 кастрычніка 2019 года адбыўся фінал штогадовага конкурсу на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў беларускіх ВНУ. Конкурс быў прымеркаваны да 25-годдзя заканадаўчага замацавання беларускага рубля ў якасці адзінага законнага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь.

У фінале конкурсу аўтары васьмі найлепшых навуковых работ прадстаўлялі і абаранялі свае даследаванні перад членамі экспертнага савета.

Пераможцам у намінацыі "Конкурсныя работы студэнтаў і магістрантаў" стала студэнтка Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўгения Шчэрба, якая прадставіла работу "Выкарыстанне індыкатараў вымярэння даверу фізічных асоб да нацыянальнай валюты". Другое месца прысуджана магістранту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алегу Гічану за работу "Практыка распрацоўкі скорынгавай карткі ў сучасных банках Рэспублікі Беларусь". Трэцяе прызавое месца заваявалі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Кузюк і Вікторыя Куфто, якія прадставілі сумеснае даследаванне на тэму "Эканаметрычнае мадэляванне дэпазітаў насельніцтва Беларусі".

У намінацыі "Конкурсныя работы аспірантаў" прызавыя месцы занялі аспіранты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Пераможцам стаў Анатоль Харытончык з работай "Павышэнне даверу да Нацыянальнага банка як фактар павелічэння эфектыўнасці трансмісійнага механізму манетарнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь". Другое месца ў Арцёма Левянкова за работу "Роля дзяржавы ў павышэнні эфектыўнасці выканання нацыянальнай валютай сваіх функцый". Рашэннем экспертнага савета трэцяе месца не прысуджалася.

Конкурс на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы праводзіцца з 2014 года Нацыянальным банкам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Раней у ім удзельнічалі студэнты трох ВНУ – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2019 годзе спіс магчымых удзельнікаў конкурсу быў пашыраны – права ўдзельнічаць у ім атрымалі студэнты ўсіх ВНУ краіны, а таксама магістранты і аспіранты.

Асноўнымі задачамі конкурсу з'яўляюцца стымуляванне моладзі да навукова-даследчай дзейнасці па фінансавых дысцыплінах і папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў і эканомікі.