15.11.2019  
Інфармацыйнае паведамленне

Нацыянальны банк выпускае ў абарачэнне памятную манету "Год Пацука" серыі "Кiтайскi каляндар"


Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 15 лістапада 2019 г. выпускае ў абарачэнне сярэбраную памятную манету "Год Пацука" серыі "Кiтайскi каляндар" наміналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 33,63 г, дыяметрам 38,61 мм.

Манета мае форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў – кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манеты з насечкай.

Аверс: у вонкавым крузе уверсе – рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ; унізе – намінал 20 РУБЛЁЎ, справа – год чаканкі; злева – проба сплаву.

Ва ўнутраным крузе у цэнтры – кампазіцыя, якая складаецца з элементаў гадзіннікавага механізму, Cонца і Месяца; у цэнтры гадзіннікавага механізму – устаўка з фіяніту; па крузе – лічбы, якія абазначаюць гады з 2013 па 2024, па колькасці гадоў аднаго цыкла кітайскага месяцовага календара; золатам выдзелены асобныя элементы цэнтральнай кампазіцыі і 2020 (год Пацука).

Рэверс: у цэнтры – выявы пазалочанага паўмесяца і кітайскага іерогліфа, які абазначае пацука, па крузе размешчаны выявы васьмі пацукоў, што трымаюць у лапах кавалачкі сыру, у асяроддзі зорак, па перыметры манеты – дэкаратыўныя элементы; унізе – надпіс: ГОД ПАЦУКА.

Манета адчаканена ў АТ "Манетны двор Польшчы" якасцю "пруф-лайк", тыражом 999 штук.

Выпушчаная ў абарачэнне манета з'яўляецца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковая да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.