16.01.2020  
Інфармацыйнае паведамленне

Пытанні ўстойлівага эканамічнага развіцця абмеркаваны на пасяджэнні Кансультатыўнага савета пры Нацыянальным банку


Пытанні ўстойлівага эканамічнага развіцця абмеркаваны на пасяджэнні Кансультатыўнага савета пры Нацыянальным банку 16.01.2020

Актуальныя пытанні ўстойлівага эканамічнага развіцця сталі галоўнай тэмай для абмеркавання на чарговым пасяджэнні Кансультатыўнага савета пры Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь, якое адбылося 16 студзеня 2020 года пад кіраўніцтвам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура.

Першае ў гэтым годзе пасяджэнне Кансультатыўнага савета прайшло ў пашыраным складзе. Разам з пастаяннымі членамі ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, ААТ "АСБ Беларусбанк", а таксама кіраўнікі шэрагу структурных падраздзяленняў Нацыянальнага банка. У рамках праведзенай дыскусіі ўдзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі па шырокім коле пытанняў, звязаных з забеспячэннем устойлівага эканамічнага развіцця, зрабіўшы акцэнт на дзвюх тэмах – значнасці фінансавай стабільнасці для забеспячэння доўгатэрміновага эканамічнага росту і актуальных праблемах узаемадзеяння рэальнага сектара эканомікі і банкаўскай сістэмы.

Як адзначыў, адкрываючы пасяджэнне, Павел Калаур, актыўны дыспут па праблематыцы ўстойлівага эканамічнага развіцця вядзецца на розных узроўнях эканамічнай улады, у акадэмічным і экспертным асяроддзі. І гэта не выпадкова.

"Наша агульная мэта – забяспечыць устойлівы эканамічны рост і на яго аснове – павышэнне дабрабыту грамадзян", – падкрэсліў кіраўнік Нацыянальнага банка.

Па словах Паўла Калаура, у цяперашні час, нягледзячы на станоўчую дынаміку, тэмпы росту нацыянальнай эканомікі застаюцца даволі нізкімі. Гэта матывуе да пошуку пунктаў росту і стымулаў, якія забяспечваюць больш хуткае і якаснае эканамічнае развіццё. Задача ўскладняецца дынамічна зменлівым знешнім асяроддзем, якое фарміруе павышаную нявызначанасць. Для краін з малой адкрытай эканомікай гэта з'яўляецца крыніцай павышаных выклікаў і рызык. Імпарт шокаў можа справакаваць узмацненне ўнутраных праблем і такім чынам аказаць негатыўны ўплыў на эканоміку.

"Відавочна, што праблематыка, якая разглядаецца сёння, патрабуе комплекснага і сістэмнага падыходу. Меры па павышэнні сукупнай эфектыўнасці эканомікі павінны суправаджацца падтрыманнем здаровага і зразумелага макраэканамічнага асяроддзя, у аснове якога – манетарная і фінансавая стабільнасць. Гэта падмурак доўгатэрміновага эканамічнага росту", – адзначыў Павел Калаур.

Пры гэтым ён выказаў надзею, што Кансультатыўны савет стане добрай пляцоўкай для серыі дыскусій па такой шматграннай тэме, як забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту.

Кансультатыўны савет пры Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь з'яўляецца дарадчым органам. Савет створаны ў верасні 2014 года з мэтай прыцягнення шырокага экспертнага патэнцыялу пры распрацоўцы і рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, для фарміравання ўмоў устойлівага развіцця банкаўскай і плацежнай сістэм Рэспублікі Беларусь. Кансультатыўны савет сфарміраваны з прадстаўнікоў Нацыянальнага банка, банкаў, грамадскіх і навуковых арганізацый.