16.04.2019  
Інфармацыйнае паведамленне

План сумесных дзеянняў па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва на 2019–2024 гады прыняты ў Беларусі


Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2019 г. № 241/6 зацверджаны план сумесных дзеянняў па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва на 2019–2024 гады (далей – план). Дакумент прыняты з мэтай забеспячэння на дзяржаўным узроўні сістэмнай работы па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь як неабходнай умовы паляпшэння дабрабыту і якасці жыцця грамадзян і ўмацавання фінансавай стабільнасці ў краіне.

Прыняцце плана дасць магчымасць:

  • каардынаваць дзеянні дзяржаўных органаў і іншых зацікаўленых арганізацый;
  • прыцягнуць да дзейнасці ў гэтым напрамку шырокае кола ўдзельнікаў;
  • падтрымаць прыватныя і грамадскія ініцыятывы ў галіне павышэння фінансавай граматнасці;
  • укараніць лепшыя міжнародныя практыкі ў частцы рэалізацыі нацыянальных стратэгій у галіне павышэння фінансавай граматнасці насельніцтва.

У адпаведнасці з планам, асноўная работа будзе праводзіцца па шасці тэматычных напрамках: персанальныя фінансы, базавыя фінансавыя веды, лічбавыя фінансавыя тэхналогіі, падатковая граматнасць, страхаванне, абарона правоў спажыўцоў фінансавых паслуг.

Для рэалізацыі плана зацверджаны шэраг мерапрыемстваў, якія прадугледжваюць канкрэтныя дзеянні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, асацыяцый прафесійных удзельнікаў фінансавага рынку, пастаўшчыкоў фінансавых паслуг, устаноў адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, грамадскіх арганізацый па павышэнні фінансавай граматнасці асноўных мэтавых груп – школьнікаў, моладзі, настаўнікаў, працоўных, пенсіянераў, беспрацоўных і людзей з інваліднасцю. Пры гэтым для работы з названымі мэтавымі групамі будуць выкарыстоўвацца розныя інструменты: адміністрацыйныя, медыйныя, навучальныя мерапрыемствы, а таксама прамая тлумачальная работа і спецыяльныя мерапрыемствы.

Агульную каардынацыю дасягнення мэты і рэалізацыі задач плана ажыццяўляе міжведамасны каардынацыйны савет, бягучы маніторынг выканання мерапрыемстваў і ацэнку дзейнасці па павышэнні фінансавай граматнасці – Нацыянальны банк. У перыяд рэалізацыі плана запланавана правядзенне кожныя два гады (у 2020, 2022 і 2024 гадах) рэспубліканскіх апытанняў насельніцтва, якія дазволяць ацаніць эфектыўнасць дзейнасці па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва ў краіне.

Даведачна. У мінулым годзе ў Рэспубліцы Беларусь завершана рэалізацыя плана сумесных дзеянняў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2013–2018 гады, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2013 г. № 31/1.

Праведзеныя ў 2013, 2016 і 2017 гадах даследаванні дазваляюць зрабіць выснову аб эфектыўнасці дзейнасці, якая ажыцяўляецца ў рамках рэалізацыі плана сумесных дзеянняў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2013–2018 гады, у выніку чаго склалася тэндэнцыя да паступовага і ўстойлівага павышэння ўзроўню фінансавай граматнасці і дасведчанасці насельніцтва. Так, колькасць рэспандэнтаў, якія валодаюць пытаннямі фінансавай матэматыкі на добрым узроўні, у 2016 годзе ў параўнанні з 2013 годам узрасла ўдвая. Пры гэтым доля рэспандэнтаў, у якіх фінансавыя веды і ўменні былі на вельмі нізкім узроўні, паменшылася з 18% у 2013 годзе да 12% у 2016 годзе.