22.04.2020  
Прэс-рэліз

Аб дадатковых мерах, накіраваных на павышэнне магчымасцей банкаў па аказанні фінансавай падтрымкі рэальнаму сектару эканомікі


Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь 22 красавіка 2020 года прынята рашэнне аб прымяненні дадатковых мер, накіраваных на павышэнне магчымасцей банкаў па захаванні фінансавай падтрымкі рэальнаму сектару эканомікі, у тым ліку буйнейшым прадпрыемствам і суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, ва ўмовах павышанага ўплыву знешніх негатыўных фактараў. На перыяд да 31 снежня 2020 года ўключна змяняюцца асобныя прудэнцыйныя патрабаванні.

У прыватнасці, банкам прадастаўляецца права:

– пры разліку паказчыка дастатковасці нарматыўнага капіталу прымяняць ступень крэдытнай рызыкі ў дачыненні да крэдытнай запазычанасці і каштоўных папер сістэмна значных пазычальнікаў у памеры 100%, а ў выпадку калі запазычанасць забяспечана гарантыямі Урада – 20% па запазычанасці ў замежнай валюце і 0% па запазычанасці ў беларускіх рублях;

– прымяняць значэнне кансервацыйнага буфера капіталу ў памеры 2 працэнтныя пункты (c 25 сакавіка 2020 года гэты паказчык быў паніжаны з 2,5 працэнтнага пункта да 2,25 працэнтнага пункта);

– не змяншаць асноўны капітал I узроўню на суму нематэрыяльных актываў (за вылікам налічанай амартызацыі) па камп’ютарных праграмах, базах даных або іх экзэмплярах, якія былі набыты ў 2020 годзе па ліцэнзійных (аўтарскіх) дагаворах або на iншых падставах, што прадугледжаны заканадаўствам, а таксама на суму павелічэння ў 2020 годзе амартызуемай вартасці нематэрыяльных актываў (за вылікам адпаведнай часткі налічанай амартызацыі) па камп’ютарных праграмах, базах даных або іх экзэмплярах, якая ўтварылася ў выніку мадэрнізацыі такіх актываў;

– прымяняць значэнне нарматыву пакрыцця ліквіднасці ў памеры 80% (раней 100%).

Пры гэтым у выпадку зніжэння ўзроўню ліквіднасці банкаў Нацыянальны банк гатовы падоўжыць тэрміны рэфінансавання і прадастаўляць банкам крэдыты на тэрмін ад трох да шасці месяцаў па стаўцы рэфінансавання.