29.04.2020  
Прэс-рэліз

У Беларусі з 1 мая ўдасканальваюцца асобныя падыходы да крэдытавання фізічных асоб


У Рэспубліцы Беларусь удасканальваюцца асобныя падыходы ў частцы прадастаўлення банкамі крэдытаў фізічным асобам. Адпаведныя рашэнні прыняты пастановамі Праўлення Нацыянальнага банка ад 31 сакавіка 2020 г. № 99 "Аб змяненні пастановы Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 г. № 149" і ад 31 сакавіка 2020 г. № 100 "Аб разліку паказчыкаў пазыковай нагрузкі і забяспечанасці крэдыту", якія ўваходзяць у сілу з 1 мая 2020 г.

Пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 31 сакавіка 2020 г. № 99 "Аб змяненні пастановы Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 г. № 149" унесены змяненні ў Інструкцыю аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння) (далей – Інструкцыя).

У прыватнасці, у адпаведнасці з абноўленай Інструкцыяй банк абавязаны прадастаўляць крэдытаатрымальніку па запыце, у тым ліку з дапамогай выкарыстання сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, па меншай меры адзін раз у месяц без спагнання ўзнагароджання інфармацыю аб запазычанасці па крэдытным дагаворы па вызначанай форме, устаноўленай Інструкцыяй. Інфармацыя павінна ўключаць, у прыватнасці, звесткі аб запазычанасці па крэдыце (асноўны доўг), суме працэнтаў за карыстанне ім, а таксама аб іншых абавязацельствах (няўстойка (штраф, пеня).

Таксама крэдытаатрымальнік мае права патрабаваць ад банка пісьмовае пацвярджэнне поўнага выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы. Гэта норма дазволіць паменшыць колькасць выпадкаў, калі недасведчанасць грамадзян аб наяўнасці абавязацельстваў па крэдытным дагаворы прыводзіць да ўзнікнення пратэрмінаванай запазычанасці.

Пры неналежным выкананні кліентам абавязацельстваў банк мае права патрабаваць датэрміновага вяртання крэдыту, папярэдзіўшы яго аб гэтым. Пры гэтым у крэдытным дагаворы абавязкова павінна быць замацавана права крэдытаатрымальніка вярнуць крэдыт на працягу трох месяцаў з дня атрымання адпаведнага паведамлення ад банка.

Акрамя таго, уводзяцца тэрміны, якія вызначаюць віды плацяжоў па крэдытным дагаворы: дыферэнцыраваныя плацяжы, ануітэтныя плацяжы, плацяжы роўнымі долямі. Фактычна ўказаныя плацяжы шырока выкарыстоўваюцца банкамі, аднак да гэтага іх вызначэнне не было замацавана заканадаўствам.

У Інструкцыі таксама замацавана забарона на спагнанне банкам з крэдытаатрымальніка плацяжоў (камісійных і іншых), звязаных з абавязацельствам банка па прадастаўленні крэдыту. Гэта значыць, што ўсе выдаткі, звязаныя з прадастаўленнем і вяртаннем крэдыту, павінны быць уключаны ў працэнтную стаўку.

Разам з гэтым з Інструкцыі выключаны нормы, якія тычацца разліку паказчыка пазыковай нагрузкі (ППН) і паказчыка забяспечанасці крэдыту (ПЗК). Падыходы да разліку ўказаных паказчыкаў, а таксама іх дапушчальныя значэнні выкладзены ў пастанове Праўлення Нацыянальнага банка ад 31 сакавіка 2020 г. № 100 "Аб разліку паказчыкаў пазыковай нагрузкі і забяспечанасці крэдыту" (далей – пастанова № 100).

У параўнанні з падыходамі, што дзейнічалі раней, у пастанове № 100 канкрэтызаваны віды штомесячных плацяжоў фізічнай асобы, якія выкарыстоўваюцца пры разліку ППН. У разлік, у прыватнасці, уключаюцца: штомесячны плацеж па прадастаўляемым крэдыце; штомесячны плацеж па аперацыях крэдытнага характару; штомесячны плацеж па дагаворах аб камерцыйных пазыках; іншыя плацяжы, якія здзяйсняюцца фізічнымі асобамі ў адпаведнасці з абавязацельствамі. Таксама ўлічваецца пратэрмінаваная запазычанасць у поўным аб'ёме і наяўнасць абавязацельстваў у выпадку, калі фізічная асоба з'яўляецца паручыцелем.

У пастанове № 100 таксама ўстаноўлены патрабаванні да вызначэння сярэднямесячнага даходу фізічнай асобы. Так, банк можа выкарыстоўваць альбо заяўны прынцып прадастаўлення інфармацыі аб даходах фізічнай асобы, альбо інфармацыю, пацверджаную дакументальна.

Пры выкарыстанні банкам заяўнага прынцыпу ў залежнасці ад віду даходу ў разлік уключаецца найменшая з наступных велічынь:

– велічыня даходу, якая ўказана фізічнай асобай;

– намінальная налічаная заработная плата работнікаў па абласцях і г. Мінску ў залежнасці ад месца жыхарства (знаходжання) фізічнай асобы;

– намінальная налічаная заработная плата работнікаў па відах эканамічнай дзейнасці ў залежнасці ад віду дзейнасці фізічнай асобы;

– сярэдні памер пенсій, назначаных у адпаведнасці з заканадаўствам;

– устаноўленая банкам велічыня даходу, якая не перавышае вышэйпералічаныя.

У іншым выпадку банк пры вызначэнні памеру сярэднямесячнага даходу фізічнай асобы ўлічвае даходы, якія пацверджаны.

Падыходы, якія прымаюцца банкам у дачыненні да інфармацыі аб даходах (пералік і парадак прадастаўлення дакументаў, якія гэта пацвярджаюць; пералік даходаў; падыходы да ацэнкі даходаў з улікам асаблівасцей розных відаў даходаў і крэдытаў; парадак праверкі інфармацыі), устанаўліваюцца ў лакальных прававых актах банка.

Разлік ППН таксама будзе ажыццяўляцца з улікам віду крэдыту ў адпаведнасці з зацверджанай пастановай № 100 класіфікацыяй. Пры гэтым уводзіцца новы тэрмін – крэдытаванне фізічных асоб на ўмовах растэрміноўкі. Гэты від крэдытавання ажыццяўляецца з адначасовым прытрымліваннем наступных патрабаванняў:

– наяўнасць пагаднення паміж банкам і арганізацыяй гандлю і сэрвісу;

– прадастаўленне крэдыту фізічнай асобе пад працэнтную стаўку, якая істотна ніжэй за працэнтную стаўку па крэдытах, што прадстаўлены банкам пры адсутнасці названых пагадненняў.

Падыходы да разліку ПЗК, які выкарыстоўваецца пры ацэнцы банкам крэдытаздольнасці фізічнай асобы пры прадастаўленні ёй крэдыту на фінансаванне нерухомасці, не змяніліся.

Дапушчальныя значэнні ППН і ПЗК засталіся ранейшымі: ППН не павінен перавышаць 40%, ПЗК – 90%.

Унесеныя змяненні ў цэлым будуць спрыяць павышэнню якасці крэдытавання, а таксама зніжэнню рызык пагаршэння фінансавага стану фізічных асоб і аптымізацыі іх плацяжоў па абавязацельствах.