27.05.2020  
Прэс-рэліз

У Беларусі пашыраюцца магчымасці выкарыстання банкаўскіх плацежных картак і ўзмацняецца абарона інтарэсаў іх трымальнікаў


У Рэспубліцы Беларусь пашыраюцца магчымасці выкарыстання банкаўскіх плацежных картак і ўзмацняецца абарона інтарэсаў іх трымальнікаў. Адпаведныя меры прадугледжаны пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 18 мая 2020 г. № 155 "Аб змяненнi пастановы Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2013 г. № 34" (далей – пастанова № 155). Дакумент уваходзіць у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Пастановай № 155 прадастаўляецца магчымасць банкам-эквайерам і арганізацыям гандлю (сэрвісу) уключаць у дагавор парадак і ўмовы выдачы наяўных грашовых сродкаў трымальнікам картак у арганізацыях гандлю (сэрвісу). Пры гэтым, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў і Нацыянальнага банка ад 15 мая 2020 г. № 290/11, з 5 чэрвеня 2020 г. выдача наяўных грашовых сродкаў трымальнікам картак можа ажыццяўляцца ў арганізацыях гандлю і сэрвісу, размешчаных у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх паселішчах, а таксама па-за населенымі пунктамі. З 1 студзеня 2022 г. гэта паслуга можа прадастаўляцца на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Выдача наяўных грашовых сродкаў у арганізацыях гандлю (сэрвісу) трымальнікам картак будзе ажыццяўляцца з выкарыстаннем касавага абсталявання пры наяўнасці дастатковай даступнай сумы грашовых сродкаў на рахунку, доступ да якога забяспечваецца карткай, а таксама дастатковай для выдачы сумы наяўных грашовых сродкаў, якая можа быць праведзена праз касавае абсталяванне.

Пастановай № 155 урэгулявана пытанне адлюстравання па рахунку аперацыі, здзейсненай у беларускіх рублях пры выкарыстанні карткі, разлік па якой ажыццяўляецца пры ўдзеле замежнага банка. Напрыклад, безнаяўны плацеж за паслугу аўтамабільнай перавозкі праз выкарыстанне сэрвісу Яндэкс.Таксі, Uber або плацеж за тавар, работу, паслугу, што рэалізуюцца ў арганізацыі гандлю (сэрвісу), якая знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь, цана на якія выражана ў беларускiх рублях.

У выніку ўнесенага змянення ўсе аперацыі, здзейсненыя ў беларускіх рублях, будуць адлюстроўвацца па рахунку, доступ да якога забяспечваецца карткай, у беларускіх рублях у суме, роўнай цане тавару, работы, паслугі, без уліку курсавых розніц, якія ўзнікаюць пры разліках па такіх аперацыях за кошт удзелу ў ланцужку разліку замежнага банка.

Уводзяцца дадатковыя патрабаванні да банка-эмітэнта, накіраваныя на забеспячэнне паўнаты і своечасовасці давядзення інфармацыі, звязанай з аказаннем банкаўскіх паслуг.

У прыватнасці, у выпадку змянення "адчувальных" умоў дагавора аб выкарыстанні карткі (крэдытнага дагавора), такіх як пералік і (або) памеры ўзнагароджання (плат), якiя бяруцца з кліента, і наяўнасці абавязку ў банка-эмітэнта апавяшчаць кліента пра такія змяненні з выкарыстаннем толькі электронных каналаў інфармавання ўводзіцца патрабаванне аб паведамленні кліента пра такія змяненні з выкарыстаннем індывідуальнага электроннага канала інфармавання (SMS-паведамленне, push-апавяшчэнне, паведамленне, накіраванае праз выкарыстанне месенджараў, электроннай пошты, інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг), які падвышае верагоднасць давядзення інфармацыі непасрэдна да кліента (трымальніка карткі).

У рамках забеспячэння рэалізацыі права кліента – фізічнай асобы на вяртанне грашовых сродкаў па аперацыях, не санкцыянаваных трымальнікам карткі, уводзіцца патрабаванне аб бясплатнай падачы і разглядзе заявы трымальніка карткі банкам-эмітэнтам у выпадку пакрыцця кліенту – фізічнай асобе спісаных грашовых сродкаў па аперацыях, не санкцыянаваных трымальнікам карткі.

Прынятыя пастановай № 155 змяненні будуць спрыяць развіццю рынку банкаўскіх плацежных картак, а таксама ўзмацненню абароны правоў і інтарэсаў трымальнікаў картак.