15.06.2020  
Прэс-рэліз

Аб увядзенні часовай адміністрацыі ў ААТ "Белгазпромбанк"


З мэтай абароны інтарэсаў укладчыкаў і крэдытораў адкрытага акцыянернага таварыства "Белгазпромбанк" (ААТ "Белгазпромбанк"), недапушчэння пагаршэння яго фінансавага стану пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2020 г. № 192 прынята рашэнне аб увядзенні з 15 чэрвеня 2020 г. у ААТ "Белгазпромбанк" часовай адміністрацыі па кіраванні банкам.

Гэта мера прынята на падставе артыкулаў 94, 97, 134, 1341 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь з улікам інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю аб узбуджэнні Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю ў дачыненні да службовых асоб ААТ "Белгазпромбанк" крымінальных спраў па частцы 3 артыкула 235 "Легалізацыя ("адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам" і частцы 2 артыкула 243 "Ухіленне ад выплаты сум падаткаў (збораў)" Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Кiраўнiком часовай адміністрацыі па кіраванні ААТ "Белгазпромбанк" прызначана Ермакова Надзея Андрэеўна. Паўнамоцтвы праўлення ААТ "Белгазпромбанк "на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам прыпынены.

З улікам прынятага Праўленнем Нацыянальнага банка рашэння будзе забяспечана ўстойлівае функцыянаванне ААТ "Белгазпромбанк", бесперапыннасць яго дзейнасці па аказанні банкаўскіх паслуг і выкананне ім абавязацельстваў перад укладчыкамі і крэдыторамі. Пры неабходнасці гэтаму банку будзе аказана адпаведная падтрымка з боку Нацыянальнага банка.