22.06.2020  
Прэс-рэліз

Стаўка рэфінансавання з 1 ліпеня зніжаецца да 7,75 працэнта гадавых


З 1 ліпеня 2020 года стаўка рэфінансавання зніжаецца з 8 да 7,75 працэнта гадавых, стаўка па крэдыце авернайт – з 9 да 8,75 працэнта гадавых, стаўка па дэпазіце авернайт – з 7 да 6,75 працэнта гадавых.

Адпаведныя рашэнні прыняты Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па выніках дадатковага пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы 22 чэрвеня 2020 года.

Інфляцыя запавольваецца хутчэй, чым чакалася. У маі 2020 года прырост спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні склаў 4,9 працэнта пры 5,4 працэнта ў красавіку 2020 года. Гадавая базавая інфляцыя запаволілася да 3,9 працэнта (4,5 працэнта ў красавіку 2020 года).

Стрымліваючы ўплыў дэзынфляцыйных фактараў праяўляецца мацней, чым прагназавалася. Больш хуткімі тэмпамі запавольваюцца інфляцыйныя працэсы ў краінах – гандлёвых партнёрах Беларусі. На гэтым фоне замежныя цэнтральныя банкі актыўна зніжаюць свае ключавыя стаўкі.

У гэтых умовах Нацыянальны банк таксама працягнуў змякчэнне грашова-крэдытнай палітыкі. Падтрыманне ўмерана мяккіх манетарных умоў дазваляе захаваць прымальны ўзровень цэнавай і фінансавай стабільнасці.