14.10.2020  
Прэс-рэліз

Стаўка рэфінансавання захоўваецца на ўзроўні 7,75 працэнта гадавых


Стаўка рэфінансавання і працэнтныя стаўкі па аперацыях рэгулявання ліквіднасці Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь захоўваюцца на бягучым узроўні.

Адпаведныя рашэнні прыняты Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па выніках дадатковага пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы 14 кастрычніка 2020 года.

У апошнія месяцы інфляцыя паскорылася і склалася вышэй, чым чакалася. У верасні 2020 года гадавы прырост спажывецкіх цэн склаў 6,1 працэнта. У большай ступені такая дынаміка інфляцыі абумоўлена ростам цэн на імпартуемыя тавары ў сувязі з паслабленнем беларускага рубля ў жніўні на фоне павышанага попыту на замежную валюту.

Паводле ацэнкі, прырост спажывецкіх цэн па выніках 2020 года складзе каля 6 працэнтаў. Пры гэтым уздзеянне паслаблення беларускага рубля, якое адбылося, будзе абумоўліваць павышаны інфляцыйны фон у кароткатэрміновым перыядзе.

У сярэднетэрміновай перспектыве прагназуецца перавага працяглых дэзынфляцыйных фактараў, што будзе спрыяць вяртанню інфляцыі да мэтавай траекторыі паблізу 5 працэнтаў.

У адпаведнасці з устаноўленым на 2020 год графікам чарговае пасяджэнне Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па грашова-крэдытнай палітыцы запланавана на 11 лістапада 2020 года.