19.12.2014  
Прэс-рэліз

Аб рашэннях Урада і Нацыянальнага банка па недапушчэнні развіцця негатыўных тэндэнцый на фінансавым рынку


Зыходзячы з сітуацыі, якая складаецца ў эканоміках сумежных дзяржаў, і ў першую чаргу – у Расійскай Федэрацыі, Урадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь прыняты шэраг мер, накіраваных на недапушчэнне развіцця негатыўных тэндэнцый на валютным і фінансавым рынках Рэспублікі Беларусь і павышэнне прывабнасці зберажэнняў у беларускіх рублях.

Нацыянальным банкам павышаны да 50 працэнтаў гадавых працэнтныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да прапарцыянальнага павелічэння ставак па дэпазітах у нацыянальнай валюце.

Усімі буйнымі беларускімі банкамі ўводзіцца тэрміновы гарантаваны ашчадны ўклад з механізмам індэксацыі рублёвых зберажэнняў пры змяненні абменнага курса беларускага рубля. Гэта зробіць зберажэнні ў нацыянальнай валюце абароненымі ад курсавых рызык і павысіць іх прывабнасць у параўнанні са зберажэннямі ў замежнай валюце.

З улікам узрослага попыту на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку прынята рашэнне аб часовым увядзенні 30-працэнтнага збору пры куплі валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Прадпрыемствы і банкі будуць выплачваць гэты збор пры куплі валюты на біржы, грамадзяне – у выглядзе камісіі пры куплі ў банках. Выплачаныя сродкі будуць накіроўвацца ў бюджэт.

Пры гэтым падыходы да курсаўтварэння на ўнутраным валютным рынку застануцца нязменнымі. Любы грамадзянін зможа здзяйсняць куплю і продаж валюты без абмежаванняў, суб’екты гаспадарання – на Беларускай валютна-фондавай біржы. Ажыццяўленне аперацый куплі-продажу замежнай валюты суб’ектамі гаспадарання – рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь на пазабіржавым валютным рынку часова прыпыняецца.

Акрамя таго, з 19 снежня 2014 г. да 50 працэнтаў павялічваецца норма абавязковага продажу валютнай выручкі, якая паступае ў краіну.

Адначасова становяцца больш жорсткімі падыходы да правядзення грашова-крэдытнай палітыкі для абмежавання росту грашовай масы і павелічэння "кошту" грошай.

У прыватнасці, банкам рэкамендавана не дапускаць да 1 лютага 2015 г. нарошчвання крэдытнага партфеля ў беларускіх рублях і не ажыццяўляць змяненне валюты грашовых абавязацельстваў пазычальнікаў па крэдытных дагаворах.

Адначасова прынята рашэнне аб непрымяненні да банкаў мер нагляднага рэагавання за невыкананне з 18 снежня 2014 г. да 1 студзеня 2015 г. патрабаванняў пастановы Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 2014 г. № 260 "Аб максімальным памеры працэнтных ставак па аперацыях банкаў па прадастаўленні грашовых сродкаў (крэдытаў) юрыдычным асобам – рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь".

Прынятыя меры дадуць магчымасць павысіць прывабнасць зберажэнняў у беларускіх рублях, збалансаваць валютны рынак ва ўмовах павышанага попыту на замежную валюту і не дапусціць росту спекулятыўных настрояў.