08.05.2015  
Прэс-рэліз

Аб адклiканнi ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці ў ЗАТ "ІнтэрПэйБанк"


Праўленнем Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб адклiканнi з 8 мая 2015 г. спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці ў закрытага акцыянернага таварыства "ІнтэрПэйБанк" (ЗАТ"ІнтэрПэйБанк").

Гэтае рашэнне прынята ў сувязі з невыкананнем ЗАТ "ІнтэрПэйБанк" лiцэнзiйных патрабаванняў да велічыні нарматыўнага капіталу банка, адсутнасцю выразных перспектыў па яго нарошчванні, невыкананнем іншых ліцэнзійных патрабаванняў, устаноўленых Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, што можа прывесці да стварэння пагрозы інтарэсам укладчыкаў і іншых крэдытораў банка.

Па памеры актываў ЗАТ "ІнтэрПэйБанк" займае 28-е месца ў банкаўскай сістэме Рэспублікі Беларусь. Доля актываў банка ў банкаўскай сістэме неістотная і на 01.05.2015 складала 0,05%. Аб'ём прыцягнутых сродкаў на бягучыя (разліковыя) рахункі фізічных асоб нязначны і па стане на 01.05.2015 складаў у эквіваленце 25,0 млн. рублёў. Прыцягнутых сродкаў фізічных асоб ва ўклады (дэпазіты) не маецца.

Зварот фізічным асобам грашовых сродкаў у беларускіх рублях і замежнай валюце, прыцягнутых на рахункі ў ЗАТ "ІнтэрПэйБанк", будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 2008 года № 369-З "Аб гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб". Інфармацыя аб месцы, часе і парадку пакрыцця фізічным асобам названых грашовых сродкаў будзе апублікавана Агенцтвам па гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі. Банкам-павераным, які ажыццяўляе прыём заяў ад фізічных асоб аб выплаце грашовых сродкаў, прыцягнутых на рахункі ў ЗАТ "ІнтэрПэйБанк", і іх выплату ў адпаведнасці з заканадаўствам, вызначана адкрытае акцыянернае таварыства "Банк Масква-Мінск" (ААТ "Банк Масква-Мінск").

У адпаведнасці з артыкулам 99 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь з моманту адклікання ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці да моманту стварэння ліквідацыйнай камісіі (назначэння ліквідатара) або назначэння гаспадарчым судом кіраўніка (антыкрызіснага кіраўніка) забараняецца заключэнне банкам новых дагавораў і перазаключэнне на новы тэрмін раней заключаных дагавораў, выкананне абавязацельстваў банка па іх, у тым ліку ажыццяўленне аперацый па карэспандэнцкім рахунку банка, за выключэннем аперацый, звязаных з бягучымі і эксплуатацыйнымі плацяжамі банка, выплатай выхадных дапамог i аплатай працы асоб, якія працуюць па працоўным дагаворы (кантракце), у межах каштарысу выдаткаў, які ўзгадняецца з Нацыянальным банкам. Забараняецца таксама зварот грашовых сродкаў, памылкова залічаных на карэспандэнцкі рахунак банка.