19.09.2018
Прэс-рэліз
Стаўка рэфінансавання захоўваецца на ўзроўні 10 працэнтаў гадавых
Стаўка рэфінансавання і працэнтныя стаўкі па аперацыях рэгулявання ліквіднасці Нацыянальнага банка захоўваюцца на бягучым узроўні. Гэта рашэнне прынята Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы 19 верасня 2018 года.
Гадавая інфляцыя адпавядае прагнознай дынаміцы. У будучым рост цэн будзе складвацца паблізу ўстаноўленай на 2019–2020 гады мэты 5 працэнтаў. Перашкод для гэтага з боку ўнутранай эканомікі не праглядаецца. Пэўныя праінфляцыйныя рызыкі фарміруюцца з боку знешнеэканамічных умоў, якія пагаршаюцца, і ўзрослай нявызначанасці іх далейшага развіцця.
У жніўні 2018 года прырост спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні склаў 5 працэнтаў. Па выніках 2018 года інфляцыя чакаецца каля 5,5 працэнта пры мэтавым паказчыку не больш за 6 працэнтаў.
Унутраны попыт аказвае ўмеранае ўздзеянне на дынаміку цэн. З боку знешняга сектара праглядаецца некаторае ўзмацненне інфляцыйнага ціску, звязанага ў першую чаргу з чаканым паскарэннем інфляцыйных працэсаў у Расіі.
Для стрымлівання інфляцыйнага ціску з боку знешняга сектара і дасягнення мэтавага паказчыка па інфляцыі спатрэбіцца захаванне дэзынфляцыйнага характару манетарных умоў.
Захаванне стаўкі рэфінансавання на бягучым узроўні накіравана на падтрыманне манетарных умоў, якія забяспечваюць знаходжанне інфляцыі паблізу мэтавага ўзроўню 5 працэнтаў у 2019–2020 гадах.
Наступнае пасяджэнне Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па грашова-крэдытнай палітыцы запланавана на 19 снежня 2018 года.