28.06.2019  
Прэс-рэліз

Апублікаваны штогадовы агляд па фінансавай стабільнасці


На сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь апублікаваны аналітычны агляд "Фінансавая стабільнасць у Рэспубліцы Беларусь у 2018 годзе".

Нацыянальным банкам сумесна з Урадам Рэспублікі Беларусь у 2018 годзе забяспечана фінансавая стабільнасць у краіне.

Фінансавы сектар на фоне спрыяльных макраэканамічных і знешніх умоў заставаўся ўстойлівым у дачыненні да магчымых пагроз, узровень сістэмнай рызыкі за справаздачны перыяд знізіўся. Банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, іншыя фінансавыя пасярэднікі, фінансавы рынак і плацежная сістэма належным чынам ажыццяўлялі ўласцівую ім дзейнасць; рызыкі, якія прымаюцца, у поўнай меры пакрываліся капіталам фінансавых інстытутаў.

Патэнцыйную ўразлівасць для фінансавай стабільнасці нясе ў сабе аб'ём валавога знешняга доўгу, высокі ўзровень валютызацыі эканомікі, а таксама няўстойлівы фінансавы стан многіх арганізацый. У сувязі з гэтым найбольш значным з пункту гледжання велічыні патэнцыйных страт у банкаўскім сектары застаецца крэдытная рызыка.

Працягнулася развіццё макрапрудэнцыяльнага рэгулявання. У маі 2018 года ўведзены ў дзеянне два новых макрапрудэнцыяльных інструменты – ліміты на паказчыкі даўгавой нагрузкі і забяспечанасці крэдыту, накіраваныя на папярэджанне росту рызык, звязаных з дынамікай рознічнага крэдытавання.

З поўным тэкстам аналітычнага агляду "Фінансавая стабільнасць у Рэспубліцы Беларусь у 2018 годзе" можна азнаёміцца ў адпаведным раздзеле сайта Нацыянальнага банка.