25.07.2019  
Прэс-рэліз

Актуальныя пытанні грашова-крэдытнай палітыкі разгледжаны на пашыраным пасяджэнні Праўлення Нацыянальнага банка


Забеспячэнне цэнавай і фінансавай стабільнасці ў першым паўгоддзі 2019 года, а таксама пытанні стварэння эфектыўнага рынку актываў, якія не абслугоўваюцца, разгледжаны на пашыраным пасяджэнні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якое адбылося 25 ліпеня 2019 года.

У першым паўгоддзі 2019 года фактычны ўзровень гадавой інфляцыі некалькі апярэджваў мэтавы параметр, што было абумоўлена часовымі фактарамі, уплыў якіх паступова вычэрпваецца. Чакаецца далейшае зніжэнне інтэнсіўнасці інфляцыйных працэсаў. Паводле ацэнак Нацыянальнага банка, да канца года інфляцыя стабілізуецца паблізу 5 працэнтаў.

Манетарныя ўмовы, што склаліся ў II квартале 2019 года і адлюстроўваюць агульны ўплыў працэнтных ставак і абменнага курса на эканоміку, у цэлым захоўвалі свой нейтральны характар.

У мэтах захавання фінансавай стабільнасці ў першым паўгоддзі 2019 года была працягнута работа па абмежаванні сістэмных рызык, падтрыманні ўзроўню золатавалютных рэзерваў і паляпшэнні іх структуры, дэвалютызацыі эканомікі, забеспячэнні бяспечнага функцыянавання банкаў і іншых фінансавых арганізацый, а таксама эфектыўнай работы плацежнай сістэмы.

У сукупнасці вынікі ў галіне цэнавай і фінансавай стабільнасці фарміруюць спрыяльныя ўмовы і аснову для ўстойлівага развіцця беларускай эканомікі.

Адносна пытанняў эфектыўнасці кіравання актывамі банкаў, якія не абслугоўваюцца, і стварэння ў Беларусі рынку праблемных даўгоў было адзначана, што сёння крэдытная рызыка застаецца найбольш значнай для беларускіх банкаў. Пытанне актываў банкаў, якія не абслугоўваюцца, знаходзіцца ў фокусе ўвагі не толькі Нацыянальнага банка, але і Урада і Кіраўніка дзяржавы.

У прыватнасці, з боку Нацыянальнага банка ацэнка крэдытнай рызыкі (акрамя іншых відаў рызык) будзе праводзіцца ў рамках новага нагляднага інструмента – агульнай нагляднай ацэнкі (SREP). З гэтай мэтай будзе выкарыстоўвацца як сістэма колькасных паказчыкаў, заснаваная на справаздачнасці банкаў, так і меркаванне аб якасці карпаратыўнага кіравання, уключаючы кіраванне рызыкамі. Асаблівая ўвага банкаўскага нагляду будзе нададзена праводзімай банкамі працы па зніжэнні долі актываў, якія не абслугоўваюцца,.

Акрамя таго, Нацыянальным банкам і Урадам падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб некаторых пытаннях работы з актывамі, якія не абслугоўваюцца", у якім рэгламентаваны эканамічныя і прававыя ўмовы функцыянавання рынку актываў, якія не абслугоўваюцца. Яго задача – арганізаваць працу на максімальна празрыстых і рынкавых асновах.

Рэалізацыя праекта Указа дасць магчымасць стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця рынку актываў, якія не абслугоўваюцца, умацаваць плацежную дысцыпліну даўжнікоў, стымуляваць зацікаўленасць у належным выкананні абавязацельстваў, садзейнічаць фарміраванню станоўчага інвестыцыйнага клімату і развіццю бізнес-асяроддзя і, як вынік, – павысіць фінансавую і макраэканамічную стабільнасць у краіне.

Тэксты дакладаў начальніка Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Дзмітрыя Мурына "Забеспячэнне цэнавай і фінансавай стабільнасці ў першым паўгоддзі 2019 года" і намесніка Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрыя Лапко "Эфектыўнасць кіравання актывамі, якія не абслугоўваюцца: ацэнка, рэгуляванне, рынак праблемных даўгоў" апублікаваны на сайце Нацыянальнага банка 26 ліпеня 2019 года.