17.10.2019  
Прэс-рэліз

Актуальныя пытанні грашова-крэдытнай палітыкі разгледжаны на пашыраным пасяджэнні Праўлення Нацыянальнага банка


Актуальныя пытанні грашова-крэдытнай палітыкі разгледжаны на пашыраным пасяджэнні Праўлення Нацыянальнага банка 17.10.2019

Забеспячэнне цэнавай і фінансавай стабільнасці ў студзені – верасні 2019 года, а таксама павышэнне ролі інструментаў гандлёвага фінансавання ў развіцці экспарту разгледжаны на пашыраным пасяджэнні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якое адбылося 17 кастрычніка 2019 года.

У III квартале 2019 года прырост спажывецкіх цэн, як і чакалася, запаволіўся і ў верасні ў гадавым выражэнні склаў 5,3 працэнта супраць 5,7 працэнта ў чэрвені 2019 года. Паводле ацэнак Нацыянальнага банка, да канца года інфляцыя стабілізуецца паблізу 5 працэнтаў.

Было адзначана захаванне нейтральнага характару грашова-крэдытнай палітыкі Нацыянальнага банка.

Фінансавы сектар Рэспублікі Беларусь захоўвае ўстойлівасць у адносінах да асноўных рызык. Прымаюцца меры па дэвалютызацыі эканомікі. Працягваецца работа па падтрыманні ўзроўню золатавалютных рэзерваў і паляпшэнні іх структуры, забеспячэнні бяспечнага і эфектыўнага функцыянавання банкаў і іншых фінансавых арганізацый, а таксама плацежнай сістэмы.

Яшчэ адным пытаннем, якое абмяркоўвалася падчас пасяджэння, стала ўжыванне інструментаў гандлёвага фінансавання для павелічэння экспартнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь.

Цяпер беларускія банкі могуць прадставіць разнастайны пералік такіх інструментаў: дакументарны акрэдытыў, банкаўская гарантыя, банкаўскае плацежнае абавязацельства, дакументарнае інкаса, факторынг. Названыя інструменты з'яўляюцца не толькі спосабам атрымання фінансавання, але і адначасова мінімізуюць знешнегандлёвыя рызыкі, забяспечваючы выкананне контрагентамі ўмоў здзелкі.

Як было адзначана, Нацыянальным банкам праводзіцца работа па ўдасканаленні заканадаўства з мэтай актывізацыі і пашырэння сферы прымянення інструментаў гандлёвага фінансавання. Адначасова было падкрэслена, што камерцыйным банкам таксама трэба актывізаваць работу па інфармаванні суб'ектаў гаспадарання аб патэнцыяле даных інструментаў для павелічэння экспарту.

Тэксты дакладаў начальніка Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Дзмітрыя Мурына "Забеспячэнне цэнавай і фінансавай стабільнасці ў студзені – верасні 2019 года" і начальніка Галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый Ілоны Лядніцкай "Роля інструментаў гандлёвага фінансавання ў развіцці экспарту" апублікаваны на сайце Нацыянальнага банка 18 кастрычніка 2019 года.