31.10.2019  
Прэс-рэліз

Дваццатае пасяджэнне Кансультацыйнага савета па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў – членаў ЕАЭС адбылося ў г. Мінску


Дваццатае пасяджэнне Кансультацыйнага савета па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў – членаў Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) адбылося 31 кастрычніка 2019 года ў г. Мінску. Таксама ў гэты дзень прайшло чарговае пасяджэнне Савета Міждзяржаўнага банка.

У рабоце Кансультацыйнага савета прынялі ўдзел Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Павел Калаур, Старшыня Цэнтральнага банка Рэспублікі Арменія Артур Джавадзян, Старшыня Нацыянальнага Банка Рэспублікі Казахстан Ербалат Дасаеў, Старшыня Нацыянальнага банка Кыргызскай Рэспублікі Талкунбек Абдыгулаў, Старшыня Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі Эльвіра Набіуліна, іншыя прадстаўнікі цэнтральных банкаў пяці краін.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі бягучую эканамічную сітуацыю і ход рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў дзяржавах – членах ЕАЭС, падыходы да рэалізацыі Канцэпцыі фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС, пытанні, якія тычацца забеспячэння інфармацыйнай бяспекі фінансавага рынку і супрацьдзеяння камп'ютарным атакам у крэдытна-фінансавай сферы, каардынацыю развіцця нацыянальных плацежных сістэм, а таксама шэраг іншых актуальных тэм інтэграцыйнага ўзаемадзеяння.

Падчас праведзенага ў гэты ж дзень 59-га пасяджэння Савета Міждзяржаўнага банка разгледжаны вынікі дзейнасці гэтай фінансавай установы за першае паўгоддзе 2019 года, ход рэалізацыі стратэгіі Банка на перыяд 2019–2023 гадоў, а таксама пытанні выканання яго бюджэту ў бягучым годзе і праект бюджэту на 2020 год.

Даведачна. Кансультацыйны савет па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў – членаў Дагавора аб ЕАЭС з'яўляецца кансультатыўна-дарадчым органам. Яго асноўная мэта – каардынацыя валютнай палітыкі, у тым ліку выпрацоўка адзіных падыходаў і накірункаў курсавой палітыкі. Першае пасяджэнне Савета адбылося ў красавіку 2012 года (на той момант – Кансультацыйны савет па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў – удзельніц Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы).

Міждзяржаўны банк з'яўляецца міжнароднай разліковай і крэдытна-фінансавай установай, якая ажыццяўляе дзейнасць у адпаведнасці з нормамі міжнароднага публічнага права. Банк заснаваны ў 1993 годзе, заснавальнікамі Банка з'яўляюцца дзяржавы ў асобе ўрадаў і цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.