01.11.2019  
Прэс-рэліз

Міжнародны форум па пытаннях павышэння даверу да нацыянальных валют адбыўся ў Мінску


1 лістапада 2019 года ў г. Мінску адбыўся Міжнародны форум высокага ўзроўню, прысвечаны пытанням павышэння даверу да нацыянальных валют. Правядзенне форуму прымеркавана да 25-годдзя заканадаўчага замацавання беларускага рубля ў якасці адзінага законнага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі і іншыя прадстаўнікі цэнтральных банкаў Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Літвы, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Турцыі, Чэхіі, а таксама Міждзяржаўнага банка, Еўразійскага банка развіцця, еўразійскай эканамічнай камісіі, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Міжнароднага валютнага фонду, прадстаўніцтваў Сусветнага банка і міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнікі і спецыялісты беларускіх органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі навуковай супольнасці.

"Ведучы актыўны дыялог па пошуку дадатковых стымулаў росту нацыянальнай эканомікі, мы разумеем, што нацыянальная валюта – гэта найважнейшы эканамічны інструмент, які забяспечвае фінансавую сувязь структурных элементаў дзяржавы: яе сацыяльнай і гаспадарчай сфер", – адзначыў, адкрываючы форум, Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Павел Калаур.

Паводле яго слоў, давер з'яўляецца важнай кампанентай сацыяльнага капіталу. Нягледзячы на тое, што гэты актыў неадчувальны, ён аказвае значны ўплыў на інвестыцыйны патэнцыял, на інфляцыйныя чаканні, узровень транзакцыйных выдаткаў і ўспрымальнасць да інавацый.

"Ва ўмовах дынамічнага змянення знешняга асяроддзя яго каштоўнасць істотна ўзрастае, а значыць, патрабуе павышанай увагі з боку эканамічных улад. Высокі ўзровень даверу да нацыянальнай валюты – сапраўдны крытэрый паспяховасці ўсіх кіраўніцкіх рашэнняў і пераўтварэнняў і ў канчатковым выніку важны індыкатар эфектыўнасці прымаемых эканамічных мер", – падкрэсліў Павел Калаур.

У ходзе мерапрыемства з дакладамі на актуальныя тэмы выступілі намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Сяргей Калечыц, старшыня Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі Эльвіра Набіуліна, старшыня праўлення Банка Літвы Вітас Васіляўскас, Кіраўнік Місіі Міжнароднага валютнага фонду па Рэспубліцы Беларусь Жак Міньян, а таксама Кіраўнік Прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь Алекс Крэмер.

У рамках форуму адбыўся абмен думкамі аб сучасных падыходах рэгулятараў, якія прымяняюцца да павышэння даверу да нацыянальных валют і палітыкі цэнтральных банкаў, механізмах макрапрудэнцыяльнага рэгулявання, якія выкарыстоўваюцца для падтрымання фінансавай стабільнасці, а таксама аб актуальнасці структурных пераўтварэнняў для актывізацыі эканамічнага росту.