06.11.2019  
Прэс-рэліз

Стаўка рэфінансавання з 20 лістапада зніжаецца да 9 працэнтаў гадавых


З 20 лістапада 2019 года стаўка рэфінансавання зніжаецца з 9,5 да 9 працэнтаў гадавых, стаўка па крэдыце авернайт – з 10,75 да 10 працэнтаў гадавых, стаўка па дэпазіце авернайт – з 8,25 да 8 працэнтаў гадавых.

Адпаведныя рашэнні прыняты Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы 6 лістапада 2019 года.

У III квартале 2019 года інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў працягнула запавольвацца. Дынаміка фактычнай гадавой інфляцыі, якая ў верасні 2019 года склала 5,3 працэнта, фарміруецца ў адпаведнасці з прагнознымі ацэнкамі Нацыянальнага банка. Чакаецца, што ў канцы 2019 года і на працягу 2020 года інфляцыя будзе знаходзіцца каля 5 працэнтаў.

Прынятыя рашэнні забяспечваюць захаванне нейтральнага характару грашова-крэдытнай палітыкі.

Названаае зніжэнне ставак па крэдыце і дэпазіце авернайт забяспечыць звужэнне калідора працэнтных ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаў да 2 працэнтных пунктаў. У будучым гэтыя стаўкі будуць змяняцца адначасова са стаўкай рэфінансавання на адпаведную велічыню.

Чарговае пасяджэнне праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па грашова-крэдытнай палітыцы запланавана на 12 лютага 2020 года.