Міжнародныя рэзервовыя актывы ў вызначэнні ССРД МВФ

З 1 ліпеня 2019 года па рэкамендацыі Міжнароднага валютнага фонду скарэктаваны падыходы да ўліку міжнародных рэзервовых актываў. У прыватнасці, абмежаваны пералік валют, што ўключаюцца ў іх склад (цяпер уключаюцца актывы ў доларах ЗША, еўра, фунтах стэрлінгаў, іенах, кітайскіх юанях, швейцарскіх франках, аўстралійскіх і канадскіх доларах). Пры гэтым у складзе манетарнага золата акрамя банкаўскіх залатых зліткаў сталі ўлічвацца залатыя мерныя зліткі, памятныя і інвестыцыйныя манеты з чысцінёй металу не ніжэй за 995/1000.

Такім чынам, да міжнародных рэзервовых актываў Рэспублікі Беларусь па метадалогіі МВФ належаць высокаліквідныя замежныя актывы, што складаюцца з манетарнага золата, спецыяльных правоў запазычання Рэспублікі Беларусь у МВФ, рэзервовай пазіцыі Рэспублікі Беларусь у МВФ і валютных рэзерваў, якія могуць быць аператыўна выкарыстаны для правядзення інтэрвенцый на валютных рынках з мэтай стабілізацыі курса нацыянальнай валюты, фінансавання ўрадам Рэспублікі Беларусь імпарту тавараў і паслуг, разлікаў па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага знешняга доўгу, а таксама для іншых мэт.

Да міжнародных рэзерваў адносяць замежныя актывы з тэрмінамі выканання нерэзідэнтамі абавязацельстваў перад Нацыянальным банкам і Урадам Рэспублікі Беларусь да аднаго года ўключна, размешчаныя ў фінансавых арганізацыях – нерэзідэнтах Рэспублікі Беларусь альбо ў каштоўныя паперы, эмітаваныя нерэзідэнтамі, з доўгатэрміновымі крэдытнымі рэйтынгамі не ніжэй за інвестыцыйную катэгорыю па рэйтынгавых шкалах міжнародных рэйтынгавых агенцтваў Fitch Ratings, Standard and Poor's і Moody's Investors Service. У склад міжнародных рэзерваў не ўключаюцца закладзеныя органамі грашова-крэдытнага рэгулявання актывы.

Манетарнае золата вызначаецца як золата, якое знаходзіцца ў распараджэнні Нацыянальнага банка і Урада Рэспублікі Беларусь у выглядзе залатых банкаўскiх i мерных злiткаў і залатых памятных і зліткавых (інвестыцыйных) манет з чысцінёй металу не ніжэй за 995/1000, якія захоўваюцца ў Нацыянальным банку і могуць быць рэалізаваны на міжнародным рынку золата на ўмовах біржавога і пазабіржавога гандлю. Да манетарнага золата належыць золата, якое знаходзіцца ў Дзяржаўным сховішчы каштоўнасцей Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і Цэнтральным сховішчы Нацыянальнага банка, а таксама ў дарозе і на адказным захоўванні, у тым ліку за мяжой, размешчанае на металічных рахунках (у тым ліку дэпазітных) у банках-нерэзідэнтах. Кошт манетарнага золата ацэньваецца па рынкавай цане.

Спецыяльныя правы запазычання ўяўляюць сабой міжнародныя рэзервовыя актывы, якія размяркоўваюцца МВФ паміж дзяржавамі – членамі МВФ прапарцыянальна квоце гэтых краін.

Рэзервовая пазіцыя Рэспублікі Беларусь у МВФ складаецца са сродкаў, размешчаных Урадам Рэспублікі Беларусь на рахунку агульных рэсурсаў МВФ, якія пры неабходнасці могуць быць выкарыстаны Урадам Рэспублікі Беларусь.

Валютныя рэзервы складаюцца з высокаліквідных замежных актываў у валютах замежных дзяржаў (долар ЗША, еўра, фунт стэрлінгаў, іена, кітайскі юань, швейцарскі франк, аўстралійскі і канадскі долары) і ўключаюць наяўную замежную валюту і іншыя сродкі плацяжу, рэшткі сродкаў на рахунках у банках-нерэзідэнтах, ліквідныя каштоўныя паперы, актывы, перададзеныя ў давернае кіраванне, і іншыя патрабаванні да нерэзідэнтаў.