ССРД. Метаданыя

у фармаце pdf
Краіна Рэспубліка Беларусь
Катэгорыя даных Міжнародныя рэзервы і ліквіднасць у замежнай валюце

Асоба, адказная за кантакты Чыжэўскі Андрэй Сяргеевіч
Пасада: Намеснік начальніка ўпраўлення
Назва структурнага падраздзялення Упраўленне плацежнага балансу
Арганізацыя Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Адрас: пр. Незалежнасці, 20
Горад: Мінск
Краіна: Рэспубліка Беларусь
Паштовы індэкс: 220008
Тэлефон +375 17 219 23 44
Факс +375 17 220 22 72
Email: A.Chizhevskij@nbrb.by

Метадалогія

Канцэпцыі і вызначэнні

Даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце распрацоўваюцца на падставе метадычных рэкамендацый МВФ, якія змяшчаюцца ў шостым выданні Кіраўніцтва па плацежным балансе і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі (МВФ, 2009 г.), і Формы прадстаўлення даных па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце. Кіруючыя прынцыпы (МВФ, 2001).

Даныя аб міжнародных рэзервовых актывах і ліквіднасці ў замежнай валюце прадстаўляюць сабой сукупнасць эканамічных паказчыкаў, якія дазваляюць супаставіць запасы фінансавых актываў і іншых запланаваных паступленняў у замежнай валюце з аднаго боку з наяўнымі абавязацельствамі і іншымі запланаванымі выдаткамі замежнай валюты з іншага боку. Разлічваемыя паказчыкі ахопліваюць актывы і абавязацельствы Нацыянальнага банка і Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь.

Даныя аб міжнародных рэзервовых актывах і ліквіднасці Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце адлюстроўваюць фінансавыя актывы і абавязацельствы ў замежнай валюце (уключаючы пазабалансавыя) як у адносінах да рэзідэнтаў, так і да нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь.

Форма справаздачнасці па міжнародных рэзервовых актывах і ліквіднасці ў замежнай валюце ўключае даныя аб афіцыйных рэзервовых актывах, іншых актывах у замежнай валюце, загадзя ўстаноўленых кароткатэрміновых чыстых выдатках актываў у замежнай валюце, абумоўленых кароткатэрміновых чыстых выдатках актываў у замежнай валюце і іншую інфармацыю аб чаканых патоках замежнай валюты.

Афіцыйныя рэзервовыя актывы адлюстроўваюць запасы высокаліквідных кароткатэрміновых замежных актываў органаў грашова-крэдытнага рэгулявання Рэспублікі Беларусь, размешчаныя ў нерэзідэнтаў, якія аператыўна могуць быць выкарыстаны для выканання сваіх функцый.

Іншыя актывы ў замежнай валюце прадстаўляюць актывы, якія не задавальняюць крытэрыям, устаноўленым для міжнародных рэзервовых актываў. У адрозненне ад міжнародных рэзерваў гэтыя актывы ўключаюць патрабаванні як да нерэзідэнтаў, так і да рэзідэнтаў.

Загадзя ўстаноўленыя кароткатэрміновыя чыстыя выдаткі актываў у замежнай валюце ўключаюць меркаваныя на працягу аднаго года паступленні і выплаты асноўнага доўгу і працэнтаў па наяўных фінансавых актывах і абавязацельствах у замежнай валюце, а таксама чаканыя ў гэты перыяд патокі валюты, звязаныя з форварднымі, ф'ючарснымі кантрактамі і свопамі.

Абумоўленыя кароткатэрміновыя чыстыя выдаткі актываў у замежнай валюце адлюстроўваюць умоўныя прытокі або адтокі замежнай валюты на працягу аднаго года, якія выкліканы дагаворнымі абавязацельствамі, звязанымі з патэнцыйным або магчымым будучым павелічэннем фінансавых актываў і абавязацельстваў у замежнай валюце. Да такога віду патэнцыйных патокаў валюты адносяцца сумы нявыбраных крэдытных ліній, выдадзеныя або атрыманыя гарантыі, а таксама апцыённыя кантракты.

Даведачныя артыкулы ўключаюць дадатковую інфармацыю аб вышэйадлюстраваных патоках замежнай валюты, а таксама раскрываюць валютную структуру міжнародных рэзерваў у вылучэнні актываў, намініраваных у валютах, якія ўваходзяць у кошык СПЗ (долар ЗША, еўра, кітайскі юань, фунт стэрлінгаў і японская ена).

Даныя прадстаўляюцца ў доларах ЗША. Пералік замежных актываў у долары ЗША ажыццяўляецца па крос-курсах замежных валют да долара ЗША, разлічваемых на падставе афіцыйных курсаў беларускага рубля да замежных валют, устанаўліваемых Нацыянальным банкам на дату складання інфармацыі.

Кошт манетарнага золата ацэньваецца па рынкавай цане.


Збор зыходных даных

Статыстычны ахоп

Да міжнародных рэзервовых актываў Рэспублікі Беларусь па метадалогіі МВФ адносяцца высокаліквідныя замежныя актывы, якія могуць быць аператыўна выкарыстаны для правядзення інтэрвенцый на валютных рынках з мэтай стабілізацыі курса нацыянальнай валюты, фінансавання Урадам Рэспублікі Беларусь імпарту тавараў і паслуг, разлікаў па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага знешняга доўгу, а таксама для іншых мэт.

Ахоп аперацый: Фінансавыя патрабаванні могуць быць выражаны ў форме:

  • манетарнага золата,
  • спецыяльных правоў пазыкі Рэспублікі Беларусь у МВФ,
  • рэзервовай пазіцыі Рэспублікі Беларусь у МВФ,
  • валютных рэзерваў.

У міжнародныя рэзервы не ўключаюцца актывы, размешчаныя ў банках-рэзідэнтах. Валютныя рэзервы Нацыянальнага банка памяншаюцца на суму кошту каштоўных папер, якія служаць забеспячэннем па здзелках прамых РЭПО.

Другія актывы ў замежнай валюце прадстаўляюць сабой актывы Нацыянальнага банка і Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, якія не задавальняюць крытэрыям, устаноўленым для міжнародных рэзерваў. У адрозненне ад міжнародных рэзерваў нерэзервовыя актывы ўключаюць патрабаванні як да нерэзідэнтаў, так і да рэзідэнтаў.


Класіфікацыя / разбіўка па сектарах

Класіфікацыя

Да міжнародных рэзерваў адносяць замежныя актывы з тэрмінамі выканання нерэзідэнтамі абавязацельстваў да аднаго года ўключна і размешчаныя ў фінансавых арганізацыях – нерэзідэнтах Рэспублікі Беларусь, альбо ў каштоўныя паперы, эмітаваныя нерэзідэнтамі, з доўгатэрміновымі крэдытнымі рэйтынгамі не ніжэй за інвестыцыйную катэгорыю па рэйтынгавых шкалах міжнародных рэйтынгавых агенцтваў Fitch Ratings, Standard and Poor's і Moody's Investors Service. У склад міжнародных рэзерваў не ўключаюцца закладзеныя органамі грашова-крэдытнага рэгулявання актывы.

Манетарнае золата вызначаецца як золата, якое належыць Нацыянальнаму банку і Ураду Рэспублікі Беларусь, што захоўваецца імі ў якасці рэзервовага актыву ў выглядзе залатых банкаўскіх зліткаў стандартнага ўзору з чысцінёй металу 995/1000, якія могуць быць рэалізаваны на міжнародным рынку золата на ўмовах біржавага і пазабіржавага гандлю. Да манетарнага золата адносіцца золата, якое знаходзіцца ў Дзяржаўным сховішчы каштоўнасцей Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і Цэнтральным сховішчы Нацыянальнага банка, а таксама ў дарозе і на адказным захоўванні, у тым ліку за мяжой, якое знаходзіцца на металічных рахунках (у тым ліку дэпазітных) у банках-нерэзідэнтах. Кошт манетарнага золата ацэньваецца па рынкавай цане.

Спецыяльныя правы запазычання ўяўляюць сабой міжнародныя рэзервовыя актывы, якія размяркоўваюцца МВФ паміж дзяржавамі – членамі МВФ прапарцыянальна квоце гэтых краін.

Рэзервовая пазіцыя Рэспублікі Беларусь у МВФ складаецца са сродкаў, размешчаных Урадам Рэспублікі Беларусь на рахунку агульных рэсурсаў МВФ, якія пры неабходнасці могуць быць выкарыстаны Урадам Рэспублікі Беларусь.

Валютныя рэзервы складаюцца з высокаліквідных замежных актываў у свабодна канвертуемай валюце і ўключаюць наяўную замежную валюту і іншыя сродкі плацяжу; астаткі сродкаў на карэспандэнцкіх рахунках і дэпазіты ў банках-нерэзідэнтах; ліквідныя каштоўныя паперы; актывы, перададзеныя ў давернае кіраванне; іншыя патрабаванні да нерэзідэнтаў.

Замежныя актывы дэпазітных арганізацый, за выключэннем цэнтральнага банка, не ўключаюцца ў разлік міжнародных рэзерваў.

Форма "Ацэнка маючых адбыцца змен міжнародных рэзерваў і ліквіднасці ў замежнай валюце" ўключае ў сябе 4 раздзелы:

  • У першым раздзеле прадстаўлена інфармацыя па складзе міжнародных рэзерваў Рэспублікі Беларусь і прыводзяцца даныя аб нерэзервовых актывах Нацыянальнага банка і Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце.
  • Другі раздзел характарызуе асноўныя напрамкі расходавання замежнай валюты, уключаючы плацяжы па знешнім доўгу, і крыніцы яе папаўнення.
  • Трэці раздзел змяшчае звесткі аб маючых адбыцца змяненнях у бліжэйшыя 12 месяцаў актываў у замежнай валюце Нацыянальнага банка і Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце ў сувязі з выкананнем умоўных патрабаванняў і абавязацельстваў і аперацыямі з апцыёнамі.
  • У чацвёртым раздзеле даецца даведачная інфармацыя, якая дазваляе растлумачыць парадак уліку асобных пазіцый у першым раздзеле, а таксама раскрываецца структура міжнародных рэзерваў па групах валют.

Аснова ўліку

Вартасная ацэнка

Аперацыі ацэньваюцца па цане іх ажыццяўлення, астаткі – па разліковым бягучым кошце (з улікам налічаных працэнтаў).

Валютныя рэзервы адлюстроўваюцца па намінальным кошце. Для наяўных грошай, дэпазітаў, крэдытаў і пазык і іншых актываў (акрамя каштоўных папер) намінальны кошт адпавядае рынкаваму кошту.

Манетарнае золата разлічваецца па рынкавых цэнах, якія вызначаюцца на падставе цаны на золата, якая ўстанаўліваецца Лонданскай асацыяцыяй удзельнікаў рынку каштоўных металаў.

Абменныя курсы: Даныя публікуюцца ў мільёнах долараў ЗША. Пералік у доларавы эквівалент замежных актываў, выражаных у валютах, адрозных ад долара ЗША, ажыццяўляецца па крос-курсах гэтых валют да долара ЗША, разлічваемых на падставе афіцыйных курсаў беларускага рубля да замежных валют, устанаўліваемых Нацыянальным банкам на дату вызначэння астатку. Пералік у долары ЗША астаткаў манетарнага золата, а таксама аперацый з патрабаваннямі да нерэзідэнтаў, выражанымі ў масе золата, ажыццяўляецца аналагічным чынам, зыходзячы з каціровак золата на адпаведную дату.

Частата разліку і пераацэнкі: Міжнародныя рэзервы разлічваюцца і пераацэньваюцца штомесяц.

Выключэнні і асаблівыя выпадкі: У форме "Ацэнка маючых адбыцца змен міжнародных рэзерваў і ліквіднасці ў замежнай валюце" ў раздзеле IV.1.4 у пункце «ўзятыя ў пазыку або набытыя, але не ўключаныя ў раздзел І” паказваецца намінал ценных бумаг, якія ўдзельнічаюць у здзелках зваротнага РЭПО.

Аснова ўліку

Адпаведнасць міжнародным кіруючым прынцыпам: Метадалагічнай асновай фарміравання даных з'яўляецца 6 выданне Кіраўніцтва МВФ па плацежным балансе і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі (МВФ, 2009) і "Форма прадстаўлення даных па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце. Кіруючыя прынцыпы" (МВФ, 2001).


Дакладнасць і надзейнасць

Зыходныя даныя

Збор зыходных даных

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі, якія выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы даных аб міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце, з'яўляюцца:

  • справаздачнасць Нацыянальнага банка "Замежныя актывы і абавязацельствы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" і "Інфармацыя аб астатках каштоўных металаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у банках-нерэзідэнтах";
  • інфармацыя Цэнтральнага сховішча Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь "Інфармацыя пра каштоўныя металы";
  • інфармацыя Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь "Інфармацыя аб запасах манетарнага золата";
  • інфармацыя Галоўнага ўпраўлення міжнародных аперацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь аб рынкавым кошце золата;
  • інтэрнэт-сайт Міжнароднага валютнага фонду па адрасе: http://www.imf.org/external/ у частцы даных пра ўзаемаадносіны Рэспублікі Беларусь з МВФ.

Вызначэнне ўваходных даных, статыстычны ахоп, класіфікацыя, ацэнка і момант уліку.

Даныя па міжнародных рэзервовых актывах супастаўныя з грашова-крэдытнай статыстыкай, статыстыкай плацежнага балансу і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі.

Нацыянальны банк мае дэталізаваную інфармацыю для вылучэння змяненняў у выніку аперацый, пераацэнкі актываў і іншых змен.

Своечасовасць уваходных даных

Даныя збіраюцца на штомесячнай аснове. Графік паступлення даных дазваляе своечасова фарміраваць даныя і выконваць патрабаванні ССРД у дачыненні да распаўсюджвання даных знешняга сектара.


Ацэнка зыходных даных


Статыстычныя метады

Статыстычныя метады работы з зыходнымі данымі

Іншыя статыстычныя працэдуры

Статыстычныя карэкціроўкі адсутнічаюць.


Кантроль правільнасці статыстычных даных

Кантроль прамежкавых статыстычных даных

Даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце параўноўваюцца з данымі грашова-крэдытнай статыстыкі, статыстыкай плацежнага балансу і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі.

Ацэнка прамежкавых статыстычных даных

Праводзіцца аналіз прамежкавых даных з пункту гледжання ўнутранай і знешняй супастаўнасці.

Ацэнка разыходжанняў і іншых праблемных пытанняў у зыходных статыстычных даных

Пры наяўнасці якіх-небудзь разыходжанняў і невытлумачальных вялікіх ваганняў даных іх прычыны даследуюцца пры прамым кантакце з падсправаздачнымі асобамі.


Практычная прыдатнасць

Перыядычнасць і своечасовасць

Перыядычнасць

Міжнародныя рэзервы: штомесяц;

Ацэнка маючых адбыцца змен міжнародных рэзерваў і ліквіднасці ў замежнай валюце: штомесяц;

Міжнародная інвестыцыйная пазіцыя органаў грашова-крэдытнага рэгулявання па рэзервовых актывах: штоквартальна.

Своечасовасць

На 7-й дзень пасля справаздачнага перыяду (для міжнародных рэзервовых актываў).

На 15-ы дзень пасля справаздачнага перыяду (для міжнародных рэзерваў і ліквіднасці ў замежнай валюце).


Супастаўнасць

Унутраная супастаўнасць

Часовая супастаўнасць

Работнікі Нацыянальнага банка, якія адказваюць за фарміраванне даных, прадпрымаюць належныя меры па забеспячэнні ўнутранай супастаўнасці даных. У выпадку змянення класіфікацыі даныя за максімальна магчымы папярэдні перыяд пераглядаюцца адпаведным чынам.

Супастаўнасць статыстычных даных з данымі іншых крыніц і статыстычных сістэм

Акрамя даных адносна міжнародных рэзерваў, Нацыянальны банк фарміруе інфармацыю аб валавых і чыстых замежных актывах органаў грашова-крэдытнага рэгулявання, якія акрамя міжнародных рэзерваў уключаюць любыя іншыя актывы і абавязацельствы. Структура гэтых даных у адносінах да замежных актываў уключае тыя ж самыя кампаненты, як і міжнародныя рэзервы (манетарнае золата, спецыяльныя правы запазычання, рэзервовая пазіцыя ў МВФ, іншыя актывы). Даныя маюць той жа ахоп, але ў адрозненне ад міжнародных рэзерваў яны ўключаюць актывы ў абмежавана канвертуемай і нацыянальнай валютах, а таксама доўгатэрміновыя і іншыя актывы з абмежаванай ліквіднасцю.

Даныя адносна міжнародных рэзерваў Рэспублікі Беларусь цалкам адпавядаюць даным плацежнага балансу і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі.

Даныя аб міжнародных рэзервах выкарыстоўваюцца для складання грашовага агляду.


Палітыка і практыка перагляду даных

Графік перагляду даных

Публікуемыя даныя з'яўляюцца канчатковымі і перагляду не падвяргаюцца.

Пра змяненні ў метадалогіі іх складання паведамляецца ў прэс-рэлізах Нацыянальнага банка і ў найбліжэйшых нумарах Бюлетэня банкаўскай статыстыкі.


Даступнасць

Даступнасць даных

Форма прадстаўлення статыстычных даных.

Адпавядае метадалагічным патрабаванням.

Спосабы і форма распаўсюджвання даных

Штоквартальныя даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце распаўсюджваюцца ў друкаваным выглядзе ў выданнях Нацыянальнага банка – Бюлетэні банкаўскай статыстыкі, інфармацыйна-аналітычным зборніку "Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь" (зводныя даныя па міжнародных рэзервах па асноўных кампанентах). Даныя публікуюцца на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка ў адкрытым доступе па адрасе: http://www.nbrb.by/statistics/sstandard/report.asp, у выданнях Міжнароднага валютнага фонду – зборніках "International Financial Statistics" ("Міжнародная фінансавая статыстыка") і "Balance of Payments Statistics. Yearbook" ("Статыстыка плацежных балансаў. Штогоднік").

Каляндар папярэдніх тэрмінаў распаўсюджвання данных

Каляндар папярэдніх тэрмінаў распаўсюджвання даных, устаноўленых ССРД, размяшчаецца на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка (на англійскай мове http://www.nbrb.by/engl/statistics/sdds/calendar.asp і на рускай http://www.nbrb.by/statistics/sstandard/calendar.asp), а таксама публікуецца ў Бюлетэні банкаўскай статыстыкі.

Адначасовы выпуск даных усім зацікаўленым карыстальнікам

Даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце прадстаўляюцца адначасова карыстальнікам шляхам размяшчэння на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка (на англійскай мове http://www.nbrb.by/engl/statistics/sdds/report.asp і на рускай мове http://www.nbrb.by/statistics/sstandard/report.asp), а таксама ў Бюлетэні банкаўскай статыстыкі (на рускай мове http://www.nbrb.by/statistics/bulletin і на англійскай мове http://www.nbrb.by/engl/statistics/bulletin).

Распаўсюджванне даных па запыце

Непублікуемыя і неканфідэнцыяльныя даныя могуць быць прадстаўлены па запыце.


Даступнасць даных

Прадстаўленне інфармацыі аб канцэпцыях, статыстычным ахопе, класіфікацыях, аснове ўліку, крыніцах даных і статыстычных метадах

Метадалагічныя тлумачэнні, апісанне крыніц даных у адносінах да фарміруемых даных публікуюцца ў выданнях Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь – Бюлетэні банкаўскай статыстыкі, а таксама на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка.

Узровень дэталізацыі прадстаўляемых даных

Узровень дэталізацыі адпавядае метадалагічным патрабаванням.


Дапамога карыстальнікам

Інфармацыя аб кантактах

У інфармацыйна-аналітычным зборніку "Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь" прыводзяцца імя і нумар тэлефона кантактнай асобы. Акрамя таго, у метаданых, размешчаных на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка, змяшчаецца імя, нумар тэлефона і факса, электронны адрас кантактнай асобы, адказнай за кожную сістэму даных.

Даступнасць дакументаў і публікацый

Спіс публікацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь даступны на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка ў адкрытым доступе. Інтэрнэт-сайт Нацыянальнага банка прадстаўляе карыстальнікам значны аб'ём інфармацыі як аб электронных публікацыях і дакументах, так і аб публікацыях і дакументах на папяровым носьбіце.