ССРД. Метаданыя

у фармаце pdf
Краіна Рэспубліка Беларусь
Катэгорыя даных Плацежны баланс

Асоба, адказная за кантакты Гарбуз Андрэй Міхайлавіч
Пасада: Начальнік упраўлення
Назва структурнага падраздзялення Упраўленне плацежнага балансу
Арганізацыя Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Адрас: пр. Незалежнасці, 20
Горад: Мінск
Краіна: Рэспубліка Беларусь
Паштовы індэкс: 220008
Тэлефон +375 17 219 24 35
Факс +375 17 220 22 72
Email: A.Garbuz@nbrb.by

Метадалогія

Канцэпцыі і вызначэнні

У адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь складанне плацежнага балансу Рэспублікі Беларусь адносіцца да функцый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (далей – Нацыянальны банк). Плацежны баланс Рэспублікі Беларусь распрацоўваецца на аснове метадычных рэкамендацый МВФ, якія змяшчаюцца ў шостым выданні Даведніка па плацежным балансе і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі (МВФ, 2009 г.), іншых выданнях МВФ метадалагічнага характару, такіх як:
Сістэма нацыянальных рахункаў, МВФ, 2008;
Міжнародная статыстыка гандлю таварамі: паняцці і азначэнні, ААН, 2008;
Даведнік па статыстыцы міжнароднага гандлю паслугамі (MSITS), ААН, 2010;
Міжнародныя рэзервы і ліквіднасць у замежнай валюце. Форма прадстаўлення даных. Кіруючыя прынцыпы, МВФ, 2001;
Міжнародныя аперацыі з грашовымі пераводамі: Даведнік для складальнікаў і карыстальнікаў, МВФ, 2009.
Аналітычная структура:
Даныя па плацежным балансе ўключаюць усе аперацыі паміж рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь.
Асноўныя кампаненты плацежнага балансу групуюцца па трох рахунках: рахунку бягучых аперацый, рахунку аперацый з капіталам і фінансавым рахунку.
Рахунак бягучых аперацый уключае:
    - экспарт тавараў (ФОБ) і паслуг;
    - імпарт тавараў (ФОБ) і паслуг;
    - першасныя даходы: аплата працы работнікаў; інвестыцыйныя даходы (атрыманыя і выплачаныя) і іншыя першасныя даходы;
    - другасныя даходы (атрыманыя і выплачаныя).
Рахунак аперацый з капіталам уключае капітальныя трансферты да атрымання і да выплаты паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі; і набыццё і адчужэнне нявыкананых нефінансавых актываў паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі.
У фінансавым рахунку адлюстроўваюцца аперацыі з фінансавымі актывамі і абавязацельствамі паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі.
Фінансавы рахунак уключае:
    - прамыя інвестыцыі (за мяжу і ў Рэспубліку Беларусь);
    - партфельныя інвестыцыі (актывы і абавязацельствы);
    - фінансавыя вытворныя інструменты (актывы і абавязацельствы);
    - іншыя інвестыцыі (актывы і абавязацельствы);
    - міжнародныя рэзервовыя актывы.
Статыстычныя разыходжанні – балансуючы артыкул плацежнага балансу, які ўраўнаважвае станоўчае ці адмоўнае сальда, якое ўтвараецца ў выніку падсумоўвання зарэгістраваных у плацежным балансе аперацый.
Даныя не падвяргаюцца сезоннаму згладжванню.
Вызначэнне: Плацежны баланс Рэспублікі Беларусь – гэта статыстычная справаздача, якая адлюстроўвае ў сумарным выглядзе эканамічныя аперацыі паміж рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі за вызначаны перыяд часу.


Статыстычны ахоп

Ахоп аперацый: Статыстыка плацежнага балансу ахоплівае ўсе аперацыі паміж рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі. Міжнародныя арганізацыі, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адносяцца да нерэзідэнтаў незалежна ад працягласці іх дзейнасці.
Геаграфічны ахоп: Да эканамічнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адносіцца геаграфічная тэрыторыя краіны, якая знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Урада Рэспублікі Беларусь і ў межах якой могуць свабодна перамяшчацца рабочая сіла, тавары і капітал. Эканамічная тэрыторыя краіны ўключае паветраную прастору, тэрытарыяльныя анклавы ў іншых краінах (выразна адзначаныя зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў іншых краінах і належаць або арандуюцца Урадам Рэспублікі Беларусь у дыпламатычных, ваенных, навуковых або іншых мэтах, свабодныя зоны і мытныя склады і прадпрыемствы, эксплуатацыя якіх ажыццяўляецца пад кантролем мытных органаў). Эканамічная тэрыторыя Рэспублікі Беларусь не ўключае анклаваў замежных урадаў і міжнародных арганізацый, якія размешчаны ў межах геаграфічнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Нацыянальны банк распрацоўвае плацежны баланс у наступных геаграфічных класіфікацыях: краіны СНД (Садружнасць Незалежных Дзяржаў) і краіны па-за СНД, краіны Мытнага Саюза (Расія, Казахстан, Рэспубліка Беларусь). Таксама распрацоўваюцца двухбаковыя плацежныя балансы з Расійскай Федэрацыяй і Украінай.


Класіфікацыя / разбіўка па сектарах

Для класіфікацыі аперацый, якія рэгіструюцца ў плацежным балансе, вызначэння кола іх ахопу і метадаў ацэнкі выкарыстоўваецца шостае выданне Даведнік па плацежным балансе і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі (BPM6, МВФ, 2009).
Вылучаюцца наступныя сектары эканомікі:
цэнтральны банк –уключае аперацыі афіцыйных органаў, якія ажыццяўляюць кантроль над ключавымі аспектамі фінансавай сістэмы, уключаючы эмісію грошай, кіраванне міжнароднымі рэзервамі і рэгуляванне дзейнасці дэпазітных карпарацый. У Рэспубліцы Беларусь да іх адносіцца Нацыянальны банк;
сектар дзяржаўнага кіравання ўключае рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Рэспублікі Беларусь, фонды, інстытуты, нярынкавыя некамерцыйныя арганізацыі, якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, і іншыя арганізацыі, якія кантралююцца дзяржавай, што займаюцца нярынкавымі відамі дзейнасці. Дыпламатычныя i iншыя афiцыйныя прадстаўніцтвы ўрада Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, таксама з'яўляюцца кампанентамі сектара дзяржаўнага кіравання сваёй краіны;
дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем цэнтральнага банка, уключаюць арганізацыі, якія займаюцца фінансавым пасярэдніцтвам, звязаныя з прыцягненнем сродкаў ва ўклады (дэпазіты) як асноўным відам дзейнасці. У Рэспубліцы Беларусь да гэтага сектара адносяцца банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі;
іншыя сектары уключаюць (1) іншыя фінансавыя арганізацыі (уключаючы страхавыя), а таксама (2) нефінансавыя прадпрыемствы, хатнія гаспадаркі і некамерцыйныя арганізацыі, якія абслугоўваюць хатнія гаспадаркі (НКАХГ), не ўлічаныя ў складзе вышэйзгаданых сектараў.


Аснова ўліку

Вартасная ацэнка
Пры ацэнцы аперацый плацежнага балансу выкарыстоўваюцца рынкавыя цэны.
Даныя плацежнага балансу разлічваюцца ў доларах ЗША. Пералік аперацый, якія ажыццяўляюцца ў іншых валютах, у долары ЗША праводзіцца па афіцыйным курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на дату здзяйснення гаспадарчай аперацыі.

Аснова ўліку
Асноўным прынцыпам пабудовы плацежнага балансу з'яўляецца прынцып двайнога запісу, пры якім кожная аперацыя, што адлюстроўваецца ва ўліку, прадстаўляецца двума запісамі, якія маюць аднолькавае вартаснае выражэнне (па крэдыце і дэбеце). У выніку прымянення прынцыпу двайнога запісу розніца паміж сумай усіх крэдытавых і дэбетавых запісаў павінна раўняцца нулю.
Па крэдыце рахунку бягучых аперацый і аперацый з капіталам адлюстроўваюцца экспарт, першасны і другасны даход да атрымання, а таксама выбыццё нявыкананых нефінансавых актываў.
Па дэбеце рахунку бягучых аперацый і аперацый з капіталам адлюстроўваюцца імпарт, першасны і другасны даход да выплаты, а таксама набыццё нявыкананых нефінансавых актываў.
Улік актываў і абавязацельстваў фінансавага рахунку вядзецца на чыстай аснове асобна па кожным фінансавым актыве або абавязацельстве без вылучэння крэдытавых і дэбетавых праводак.
Час рэгістрацыі аперацый вызначаецца на аснове прынцыпу налічэння. Рэгістрацыя аперацый ажыццяўляецца ў той момант, калі эканамічны кошт ствараецца, пераўтвараецца, абменьваецца, перадаецца або ліквідуецца. Узнікненне фінансавых патрабаванняў і абавязацельстваў звязана з пераходам права ўласнасці на якія-небудзь рэсурсы ад аднаго ўдзельніка знешнеэканамічнай аперацыі да іншага. Такі пераход можа быць аформлены юрыдычна, а можа дапускаць фактычную перадачу рэсурсаў або ўстанаўленне кантролю над гэтымі рэсурсамі іншым бокам. Калі пераход права ўласнасці не відавочны, лічыцца, што ён адбываецца ў той момант, калі абодва ўдзельнікі аперацыі робяць адпаведныя запісы ў сваіх бухгалтарскіх кнігах або рахунках.
У адпаведнасці з прынцыпам налічэння аперацыі адначасова ўлічваюцца бакамі, а налічаны на дэпазіты, крэдыты і каштоўныя паперы працэнт уключаецца ў наяўную суму фінансавых актываў ці пасіваў, а не разглядаецца ў якасці складніка іншай дэбіторскай / крэдыторскай запазычанасці.


Дакладнасць і надзейнасць

Зыходныя даныя

Збор зыходных даных
Асноўнымі крыніцамі інфармацыі, якія выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы плацежнага балансу, з'яўляюцца:
    -банкаўская сістэма справаздачнасці аб знешнеэканамічнай дзейнасці, якая знаходзіцца ў кампетэнцыі Нацыянальнага банка;
    -сістэма справаздачнасці нефінансавых арганізацый – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь аб знешнеэканамічных аперацыях;
    -афіцыйныя крыніцы інфармацыі Рэспублікі Беларусь;
    -інфармацыя Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі;
    -ацэначныя методыкі Нацыянальнага банка.
Пры распрацоўцы і аналізе даных плацежнага балансу для перакрыжаванай зверкі выкарыстоўваюцца даныя банкаўскай статыстыкі і люстраная статыстыка краін-партнёраў, якая атрымліваецца як ад распрацоўшчыкаў плацежных балансаў іншых краін, так са зборнікаў, што публікуюцца міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.
Сістэма банкаўскай справаздачнасці ахоплівае два тыпы рэспандэнтаў:
    -дэпазітныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь, якія даюць справаздачу як аб знешнеэканамічных аперацыях сваіх кліентаў – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, так і сваіх уласных знешнеэканамічных аперацыях;
    -арганізацыі – рэзідэнты Рэспублікі Беларусь, якія маюць рахункі па-за банкаўскай сістэмай краіны.
Сістэма справаздачнасці нефінансавых арганізацый – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь пры зборы інфармацыі аб міжнародным гандлі таварамі і паслугамі, аб узаемных абавязацельствах арганізацый Рэспублікі Беларусь са знешнеэканамічнымі партнёрамі па экспартна-імпартных аперацыях, пры зборы інфармацыі аб прыцягненні замежных інвестыцый у эканоміку краіны і прадастаўленні беларускіх інвестыцый за мяжу.
Афіцыйныя крыніцы інфармацыі Рэспублікі Беларусь, да якіх адносяцца Нацыянальны статыстычны камітэт, Міністэрства фінансаў, Міністэрства замежных спраў, Дзяржаўны мытны камітэт, іншыя рэспубліканскія і мясцовыя органы кіравання, прадстаўляюць iнфармацыю Нацыянальнаму банку ў адпаведнасці са спецыяльнымі формамі справаздачнасцi на месячнай або квартальнай аснове.
Інфармацыя Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі атрымліваецца штоквартальна на аснове ўзгодненага рэгламенту абмену інфармацыяй паміж Дэпартаментам плацежнага балансу Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі і Галоўным упраўленннем статыстыкі і кіравання данымі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Вызначэнне ўваходных даных, статыстычны ахоп, класіфікацыя, ацэнка і момант уліку
Даныя плацежнага балансу ў значнай ступені ўзаемазвязаны з данымі мытнай статыстыкі па знешнім гандлі, з сістэмай нацыянальных рахункаў, грашова-крэдытнай статыстыкай, статыстыкай знешняга доўгу і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыяй.
Тавары:
Асноўнымі кампанентамі раздзела "Тавары" з'яўляюцца экспарт і імпарт тавараў па метадалогіі плацежнага балансу (у тым ліку рээкспарт), чысты экспарт тавараў у рамках аперацый па перапродажы тавараў за мяжой, неманетарнае золата.
Экспарт /імпарт тавараў па метадалогіі плацежнага балансу ўключае тавары, права ўласнасці на якія пераходзіць паміж рэзідэнтам і нерэзідэнтам і якія не ўваходзяць у наступныя канкрэтныя катэгорыі: тавары ў рамках перапродажу тавараў за мяжой, неманетарнае золата, кампаненты паездак, будаўніцтва і дзяржаўныя тавары і паслугі, не аднесеныя да іншых катэгорый.
Паказчыкі аб экспарце і імпарце тавараў распрацоўваюцца на аснове даных знешняга гандлю Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь (Белстат) і затым карэктуюцца ў адпаведнасці з метадалогіяй плацежнага балансу (BPM6) на ахоп, класіфікацыю і ацэнку.
Для распрацоўкі на штомесячнай аснове статыстыкі знешняга гандлю Белстат выкарыстоўвае статыстыку Дзяржаўнага мытнага камітэта, якая базіруецца на мытных дэкларацыях тавараў, што перасякаюць мяжу Рэспублікі Беларусь (статыстыка экспарту-імпарту тавараў з усімі краінамі, акрамя Расійскай Федэрацыі), і статыстыку Дзяржаўнага мытнага камітэта, якая базіруецца на статыстычных дэкларацыях тавараў, што перасякаюць мяжу з Расійскай Федэрацыяй.
Акрамя таго, Белстат ажыццяўляе ацэнку аб'ёмаў экспарту і імпарту асобных тавараў, няўлічаных афіцыйнай статыстыкай. У аснову вызначэння аб'ёмаў экспарту і імпарту асобных тавараў, якія не ўлічваюцца мытнай статыстыкай знешняга гандлю таварамі, пакладзены балансавы метад, які заключаецца ў вызначэнні розніцы паміж наяўнымі рэсурсамі кожнага тавара і яго выкарыстаннем (спажываннем). Пабудова балансаў ажыццяўляецца на аснове колькасных даных, у асобных выпадках выкарыстоўваюцца вартасныя паказчыкі. На аснове даных балансу разлічваецца розніца паміж наяўнымі рэсурсамі тавару і яго выкарыстаннем (спажываннем). Калі атрыманая розніца мае станоўчае значэнне, гэта значыць маюцца залішнія рэсурсы тавару, якія не пацвярджаюцца данымі аб іх спажыванні на тэрыторыі рэспублікі, мяркуецца, што меў месца не ўлічаны мытнай статыстыкай экспарт дадзенага тавару; пры адмоўным выніку, калі спажыванне перавышае рэсурсы, якія маюцца, – не ўлічаны мытнай статыстыкай імпарт дадзенага тавару.
Да даных знешняга гандлю Белстата Нацыянальны банк робіць адпаведныя карэкціроўкі ў адпаведнасці з метадалогіяй плацежнага балансу.
Імпарт тавараў у цэнах СІФ (з улікам паслуг па транспарціроўцы і страхаванні) па даных Белстата пералічваецца ў цэны ФОБ (без уліку транспарціроўкі і страхавання). Акрамя таго, у адпаведнасці з метадалогіяй плацежнага балансу з аб'ёмаў экспарту і імпарту тавараў Белстата выключаюцца аперацыі, якія не адносяцца да экспарту і імпарту тавараў: вяртанне тавараў, пастаўкі тавараў за мяжу на выставы, кірмашы і іншае часовае выкарыстанне, тавары, якія ўвозяцца на перапрацоўку нерэзідэнтамі і вывозяцца затым у трэція краіны.
Рээкспарт – гэта вываз замежных (вырабленых у іншых краінах і раней імпартаваных) тавараў з краіны, у якую яны былі раней увезены, без якіх-небудзь істотных пераўтварэнняў у параўнанні са станам, у якім яны былі першапачаткова імпартаваныя. Для адлюстравання тавараў у складзе рээкспарту ў статыстыцы плацежнага балансу неабходна, каб гэтыя тавары былі набыты і затым зноў прададзены рэзідэнтам і пры гэтым прайшлі праз тэрыторыю краіны. Тавары, якія былі набыты і перапрададзены без паступлення на тэрыторыю краіны іх уладальніка, уключаюцца ў тавары ў рамках перапродажу тавараў за мяжой.
Перапродаж тавараў за мяжой вызначаецца як купля тавараў рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у нерэзідэнта, якая суправаджаецца наступным перапродажам тых жа тавараў іншаму нерэзідэнту без ўвозу тавараў у краіну.
Розніца паміж сумай продажаў і сумай пакупак тавараў у выпадку перапродажу тавараў за мяжой паказваецца ў артыкуле "Чысты экспарт тавараў у рамках перапродажу тавараў за мяжой". У выпадку страт або павелічэння запасаў тавараў чысты экспарт тавараў у рамках перапродажу тавараў за мяжой часам можа складаць адмоўную велічыню.
Паслугі:
У плацежным балансе вылучаюцца: паслугі па апрацоўцы матэрыяльных рэсурсаў, якія належаць іншым бакам; транспарт (уключаючы паштовыя паслугі і паслугі кур'ерскай сувязі); паездкі; будаўніцтва; паслугі ў галіне страхавання і пенсійнага забеспячэння; фінансавыя паслугі; плата за карыстанне інтэлектуальнай уласнасцю, не аднесенай да іншых катэгорый; тэлекамунікацыйныя, камп'ютарныя і інфармацыйныя паслугі; іншыя дзелавыя паслугі; паслугі прыватным асобам і паслугі ў сферы культуры і адпачынку; дзяржаўныя тавары і паслугі, не аднесеныя да іншых катэгорый.
Асноўнымі крыніцамі звестак пра паслугі, за выключэннем паслуг па артыкуле "Паездкі", служаць: даныя абследаванняў прадпрыемстваў, якія праводзяцца Белстатам; банкаўская сістэма справаздачнасці аб міжнародных аперацыях (ITRS); даныя міністэрстваў і ведамстваў; даныя краін-партнёраў. ITRS выкарыстоўваецца як альтэрнатыўная крыніца для зверкі даных, заснаваных на справаздачнасці прадпрыемстваў. Класіфікацыя паслуг у форме справаздачнасці Белстата па абследаванні экспарту і імпарту паслуг, а таксама коды аперацый ITRS распрацаваны ў адпаведнасці з метадалогіяй плацежнага балансу.
Транспарт
Выкарыстоўваюцца даныя абследаванняў прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюцца Белстатам. Па імпарце грузавых паслуг праводзіцца карэкціроўка ў адпаведнасці з методыкай карэкціроўкі імпарту тавараў з цэн СІФ у цэны ФОБ.
Паездкі
Пры ацэнцы паслуг, звязаных з паездкамі, выкарыстоўваецца ацэначная методыка Нацыянальнага банка на аснове даных Белстата "Аб развіцці турызму, дзейнасці турыстычных арганізацый, сродках размяшчэння турыстаў і іншых асоб"; "Справаздача аб экспарце і імпарце паслуг; "Справаздача аб колькасці замежных грамадзян, якія наведалі Рэспубліку Беларусь, і грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія выехалі за мяжу"; Мінфіна – пра нормы аплаты камандзіровачных расходаў пры службовых камандзіроўках за мяжу; экспертнай ацэнкі Нацыянальнага банка аб працягласці знаходжання, нормах выдаткаў на харчаванне і дадатковых выдаткаў; узгодненых разліковых паказчыкаў краін-партнёраў.
Фінансавыя паслугі
Пры фарміраванні даных па фінансавых паслугах дадаткова да даных Белстата дадаюцца звесткі Міністэрства фінансаў, краін-партнёраў.
Паслугі ў галіне страхавання і пенсійнага забеспячэння
Ацэначная методыка Нацыянальнага банка на аснове банкаўскай справаздачнасці аб міжнародных плацяжах (ITRS), узгодненых паказчыкаў краін-партнёраў.
Першасныя даходы
Першасныя даходы ўключаюць аплату працы работнікаў, даходы ад інвестыцый і іншыя першасныя даходы.
Аплата працы работнікаў: даныя фарміруюцца на аснове разліковых паказчыкаў па заработнай плаце рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, якія працуюць за мяжой, і нерэзідэнтаў, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь.
Інвестыцыйны даход: даходы ад інвестыцый уключаюць паступленні ад фінансавых актываў, размешчаных за мяжой, што належаць рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і налічэнні па фінансавых абавязацельствах перад нерэзідэнтамі. Дадзеная катэгорыя ўключае даходы ад прамых, партфельных і іншых інвестыцый. Інвестыцыйныя даходы падзяляюцца на дывідэнды, рэінвесціраваныя даходы, працэнты і інвестыцыйны даход, які адносіцца на рахунак трымальнікаў страхавых і пенсійных полісаў і стандартных гарантый.
Іншыя першасныя даходы ахопліваюць падаткі на вытворчасць і імпарт, субсідыі і рэнту.
Інвестыцыйныя даходы (працэнты) рэгіструюцца па прынцыпе налічэння.
Даход ад прамых інвестыцый: даныя аб даходах ад прамых інвестыцый іншых сектараў грунтуюцца на інфармацыі, атрыманай на аснове абследаванняў
прадпрыемстваў, што праводзяцца Белстатам, якія маюць (ажыццяўляюць) замежныя прамыя інвестыцыі. Для банкаўскага сектара выкарыстоўваецца банкаўская справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS). Пры вызначэнні аб’ёмаў дывідэндаў і рэінвесціраваных даходаў таксама выкарыстоўваюцца даныя абследавання прадпрыемстваў, гадавая справаздача банкаў аб прыбытках і стратах, інфармацыя Нацыянальнага банка аб долі ўдзелу замежнага інвестара ў капітале банка. У асобных выпадках выкарыстоўваюцца звесткі са сродкаў масавай інфармацыі, даныя краін-партнёраў.
Даход ад партфельных інвестыцый: даныя грунтуюцца на інфармацыі, атрыманай на аснове абследаванняў прадпрыемстваў, што праводзяцца Белстатам, якія маюць (ажыццяўляюць) замежныя партфельныя інвестыцыі. Таксама выкарыстоўваецца банкаўская справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS), звесткі Мінфіна аб даходах па дзяржаўных каштоўных паперах.
Даходы ад іншых інвестыцый: крыніцы даных прымяняюцца ў залежнасці ад інстытуцыяльнага сектара. Даходы цэнтральнага банка ўлічваюцца на аснове ўласнай справаздачнасці Нацыянальнага банка. Даходы сектара дзяржаўнага кіравання разлічаны на аснове справаздачнасці Мінфіна па знешнім доўгу. Для банкаўскага сектара Нацыянальны банк выкарыстоўвае мадэль, заснаваную на структуры замежных актываў і абавязацельстваў камерцыйных банкаў, заснаваных на штомесячных бухгалтарскіх балансах. Для іншых сектараў выкарыстоўваецца квартальная справаздачнасць Белстата, заснаваная на абследаванні прадпрыемстваў, якія маюць (ажыццяўляюць) замежныя інвестыцыі (негарантаваныя крэдыты і пазыкі). Акрамя таго, выкарыстоўваюцца даныя Мінфіна аб выплачаных працэнтах па гарантаваных дзяржавай пазыках.
Даходы на рэзервовыя актывы: выкарыстоўваецца справаздачнасць Нацыянальнага банка.
Іншы першасны даход: выкарыстоўваецца справаздачнасць Белстата.
Другасны даход: рахунак другасных даходаў паказвае бягучыя трансферты паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі. Бягучы трансферт уяўляе сабой кампенсуючыя праводкі аперацый, адпаведныя прадастаўленню тавару, паслугі, фінансавага актыву ці іншага нявыкананага актыву без атрымання ўзамен іншага аб'екта, які мае эканамічны кошт, як, напрыклад, гранты, гуманітарная і тэхнічная дапамога. Дадзены артыкул ахоплівае таксама ўрадавыя ўзносы ў розныя міжнародныя і міждзяржаўныя арганізацыі, падаткі і пераводы фізічных асоб.
Сектар дзяржаўнага кіравання: выкарыстоўваецца банкаўская справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS).
Іншыя сектары: выкарыстоўваецца банкаўская справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS), даныя краін-партнёраў.
Рахунак аперацый з капіталам: паказвае капітальныя трансферты да атрымання і да выплаты паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі; і набыццё, і адчужэнне нявыкананых нефінансавых актываў паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі.
Асноўнымі крыніцамі інфармацыі з'яўляюцца банкаўская справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS), даныя Нацыянальнага банка, Мінфіна, іншых міністэрстваў і ведамстваў, краін-партнёраў.
Прамыя інвестыцыі: даныя аб прамых замежных інвестыцыях банкаў паступаюць у Нацыянальны банк з іх справаздач. Пры ўліку прамых інвестыцый іншых сектараў выкарыстоўваецца справаздачнасць Белстата, заснаваная на абследаванні прадпрыемстваў, якія маюць (ажыццяўляюць) замежныя інвестыцыі; акрамя таго, выкарыстоўваюцца даныя сістэмы пааперацыйнага ўліку (ITRS).
Партфельныя інвестыцыі: галоўнымі крыніцамі для партфельных інвестыцый з'яўляюцца банкаўская справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS), справаздачнасць банкаў, Міністэрства фінансаў, справаздачнасць Белстата, заснаваная на абследаванні прадпрыемстваў, якія маюць (ажыццяўляюць) замежныя інвестыцыі.
Вытворныя фінансавыя інструменты: даныя атрымліваюцца з штомесячнага агляду Нацыянальнага банка і даных банкаўскай статыстыкі. Даныя фарміруюцца на валавой аснове.
Іншыя інвестыцыі: артыкул класіфікуецца па наступных тыпах фінансавых інструментаў: іншыя інструменты ўдзелу ў капітале; наяўная валюта і дэпазіты; крэдыты і пазыкі; страхавыя тэхнічныя рэзервы, не звязаныя са страхаваннем жыцця, правы на выплаты па страхаванні жыцця і абавязацельствы па страхавых і пенсійных праграмах і праграмах стандартных гарантый; гандлёвыя крэдыты і авансы; іншая дэбіторская/крэдыторская запазычанасць; спецыяльныя правы запазычання (СПЗ).
Пры фарміраванні артыкула выкарыстоўваецца вялікая колькасць крыніц інфармацыі, галоўнымі з якіх з'яўляюцца справаздачы Нацыянальнага банка і банкаў, Белстата, Мінфіна, банкаўская справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS); звесткі міжнародных арганізацый і краін-партнёраў.
Наяўная валюта і дэпазіты: актывы і абавязацельствы Нацыянальнага банка і банкаў Рэспублікі Беларусь атрымліваюцца на аснове штомесячнага бухгалтарскага балансу Нацыянальнага банка і штомесячнага дэталізаванага бухгалтарскага балансу банкаў.
Крэдыты і пазыкі: для цэнтральнага банка – даныя агляду Нацыянальнага банка аб замежных актывах і пасівах; для сектара дзяржаўнага кіравання – справаздачнасць Мінфіна аб знешнім дзяржаўным доўгу; для сектара дэпазітных арганізацый – дэталізаваны баланс банкаў; для іншых сектараў – даныя па негарантуемых крэдытах і пазыках грунтуюцца на інфармацыі Белстата.
Страхавыя, пенсійныя праграмы і праграмы стандартных гарантый: даныя грунтуюцца на справаздачнасці арганізацый.
Гандлёвыя крэдыты і авансы: справаздачнасць Белстата, заснаваная на абследаванні нефінансавых арганізацый.
Іншая дэбіторская/крэдыторская запазычанасць: пры фарміраванні артыкула выкарыстоўваюцца наступныя крыніцы інфармацыі: справаздачы Нацыянальнага банка і банкаў, справаздачнасць Белстата на аснове абследаванняў прадпрыемстваў, Мінфіна, банкаўская справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS).
Спецыяльныя правы запазычання: прымяняюцца даныя МВФ (інтэрнэт-сайт МВФ).
Рэзервовыя актывы: змяненне рэзервовых актываў вызначаецца на базе справаздачнасці Нацыянальнага банка аб замежных актывах і абавязацельствах і даных Мінфіна, паколькі яны з'яўляюцца трымальнікамі залатых і валютных рэзерваў. Выкарыстоўваюцца таксама даныя МВФ.
Нацыянальны банк валодае дастаткова дэталізаванай інфармацыяй, каб вылучыць аперацыі з рэзервамі для мэт плацежнага балансу, г. зн. ачышчаныя ад уплыву пераацэнкі актываў і іх іншых змен.
Чыстыя памылкі і пропускі: артыкул, які часам называюць балансуючым артыкулам або статыстычным разыходжаннем, ураўнаважвае станоўчае ці адмоўнае сальда, якое ўтвараецца пасля суміравання зарэгістраваных у плацежным балансе аперацый.

Своечасовасць уваходных даных
Даныя збіраюцца на штодзённай, штомесячнай і штоквартальнай аснове. Графік паступлення даных дазваляе своечасова фарміраваць даныя па плацежным балансе і выконваць патрабаванні ССРД у дачыненні да распаўсюджвання даных знешняга сектара


Ацэнка зыходных даных

Складальнікі плацежнага балансу сістэматычна праводзяць ацэнку зыходных даных і, калі ўзнікае патрэба, ініцыіруюць працэс іх мадыфікацыі з мэтай удасканалення статыстычнай справаздачнасці. Гэта ў асноўным адносіцца да змяненняў у формах статыстычнага назірання Белстата, формаў справаздачнасці для Нацыянальнага банка і банкаў, ITRS.


Статыстычныя метады

Статыстычныя метады работы з зыходнымі данымі
Фарміраванне статыстыкі плацежнага балансу грунтуецца на абагульненай статыстычнай інфармацыі, заснаванай на першасных статыстычных назіраннях (як правіла, суцэльных), дапоўненых, у выпадку неабходнасці, ацэначнымі данымі Нацыянальнага банка.
Тавары: да даных знешняга гандлю Белстата Нацыянальны банк праводзіць адпаведныя карэкціроўкі ў адпаведнасці з метадалогіяй плацежнага балансу.
Імпарт тавараў у цэнах СІФ (з улікам паслуг па транспарціроўцы і страхаванні) па даных Белстата пералічваецца ў цэны ФОБ (без уліку транспарціроўкі і страхавання).
Неарганізаваны гандаль: Белстат ажыццяўляе ацэнку аб'ёмаў экспарту і імпарту асобных тавараў, няўлічаных афіцыйнай статыстыкай. У аснову вызначэння аб'ёмаў экспарту і імпарту асобных тавараў, якія не ўлічваюцца мытнай статыстыкай знешняга гандлю таварамі, пакладзены балансавы метад, які заключаецца ў вызначэнні розніцы паміж наяўнымі рэсурсамі кожнага тавару і яго выкарыстаннем (спажываннем).
Паслугі: пры распрацоўцы балансу паслуг робяцца ацэнкі некаторых пазіцый, такіх як паездкі, паслугі грузавога транспарту, паслугі страхавання.
Для фарміравання паказчыкаў транспартных грузавых паслуг, разам з данымі Белстата, Нацыянальны банк выкарыстоўвае ацэнку прадстаўленых нерэзідэнтамі краін далёкага замежжа паслуг па транспарціроўцы тавараў да беларускай мяжы. Гэтыя разлікі базіруюцца на інфармацыі аб розніцы цэн СІФ і ФОБ на імпартуемыя тавары і каэфіцыенце, які вызначаецца экспертных шляхам, што характарызуе долю транспартных кампаній нерэзідэнтаў у перавозках.
Разлік страхавых паслуг заснаваны на даных сістэмы пааперацыйнага ўліку аб заробленых страхавых прэміях і ажыццёўленых страхавых выплатах і сярэдняга за рад гадоў значэння каэфіцыента аплаты за паслугі, што вызначаецца на аснове гэтай інфармацыі.
Для вызначэння экспарту / імпарту паслуг, звязаных з паездкамі, прымяняецца мадэль, заснаваная на колькасці ўязджаючых / выязджаючых (у разбіўцы па мэтах паездак), сярэдняй працягласці іх знаходжання і сярэднім узроўні затрат на паездку. Разлік ажыццяўляецца з прыцягненнем даных Белстата, Мінфіна, Цэнтральнага банка Расіі. Па артыкуле паездкі атрыманыя паказчыкі супастаўляюцца з аналагічнымі данымі краін-партнёраў.
Даходы: пры разліку артыкула "Аплата працы" з мэтай дасягнення поўнага круга ахопу колькасці працуючых у Расіі беларускіх грамадзян выкарыстоўваецца методыка Цэнтральнага банка Расіі, на аснове якой ацэньваецца колькасць незарэгістраваных афіцыйнай статыстыкай працуючых рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама сярэднедушавы ўзровень аплаты іх працы.
Бягучыя трансферты: з мэтай паляпшэння ахопу такога роду аперацый справаздачныя даныя дапаўняюцца ацэнкамі атрыманага падаходнага падатку ад нерэзідэнтаў, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь.
Падаходны падатак беларускіх грамадзян, якія працуюць за мяжой, ацэньваецца з выкарыстаннем звестак аб атрыманай імі заработнай плаце i сярэдняй стаўцы падаходнага падатку ў краіне знаходжання. З аб'ёму атрыманай аплаты працы выключаюцца аб'ёмы сродкаў, якiя адлюстроўваюцца па артыкуле паездкі.
Нацыянальны банк выконвае параўнанне ацэначных даных з інфармацыяй краін-партнёраў.
Прамыя інвестыцыі: пры фарміраванні прамых інвестыцый банкаў у іх аб'ём уключаецца ацэначны паказчык рэінвесціраваных даходаў, разлічаны на аснове справаздачы банкаў аб прыбытках і стратах і інфармацыі Нацыянальнага банка аб долі замежнага інвестара ва ўдзеле ў капітале банка.
У аб'ём прамых інвестыцый уключаецца аб'ём інвестыцый хатніх гаспадарак, ажыццёўленых у нерухомасць за мяжой.
Пры будаўніцтве краінай-нерэзідэнтам буйных аб'ектаў на тэрыторыі краіны-рэзідэнта (і наадварот) (збудаванне мастоў, плацін, электрастанцый, магістральных трубаправодаў і г. д.) можа выкарыстоўвацца інфармацыя сродкаў масавай інфармацыі.

Іншыя статыстычныя працэдуры
У плацежным балансе не выконваюцца карэкціроўкі на сезонныя ваганні.


Кантроль правільнасці статыстычных даных

Кантроль прамежкавых статыстычных даных
Прамежкавыя вынікі рэгулярна звяраюцца з іншымі справаздачамі, якія ёсць у распараджэнні Нацыянальнага банка. Даныя плацежнага балансу параўноўваюцца з данымі грашова-крэдытнай статыстыкі, статыстыкай дзяржаўных фінансаў і статыстыкай рэальнага сектара.

Ацэнка прамежкавых статыстычных даных
Праводзіцца аналіз прамежкавых даных з пункту гледжання ўнутранай і знешняй супастаўнасці.

Ацэнка разыходжанняў і іншых праблемных пытанняў у зыходных статыстычных даных
Пры наяўнасці якіх-небудзь разыходжанняў і невытлумачальных вялікіх ваганнях даных іх прычыны даследуюцца пры прамым кантакце з падсправаздачнымі асобамі.
Акрамя таго, Нацыянальны банк складае двухбаковыя плацежныя балансы Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй і Украінай і робіць перакрыжаваную зверку даных.


Аналіз пераглядаў даных

Вывучэнне і аналіз пераглядаў даных
Гістарычныя рады даных па плацежным балансе даступныя з 1996 г. да 2011 г. (згодна з BPM5) і з 2005 г. (згодна з BPM6).
Штоквартальна ажыццяўляецца аналіз атрыманых даных на адпаведнасць міжнародным стандартам, якія датычацца метадалогіі складання статыстыкі плацежнага балансу. Пры атрыманні дадатковай інфармацыі аб знешнеэканамічных аперацыях магчымы карэкціроўкі раней апублікаваных гістарычных радоў даных. У адпаведнасці з рэгламентам перагляд даных статыстыкі знешняга сектара ажыццяўляецца адзін раз у год і публікуецца штогод у верасні пры выпуску плацежнага балансу за першае паўгоддзе бягучага года.


Практычная прыдатнасць

Перыядычнасць і своечасовасць

Перыядычнасць
Квартальная.

Своечасовасць
На 75-ы дзень пасля справаздачнага перыяду.


Супастаўнасць

Унутраная супастаўнасць
Гадавы плацежны баланс кампіліруецца на аснове штоквартальных даных. Пры гэтым цалкам выконваецца метадалогія складання даных плацежнага балансу (асноўныя паняцці, канцэпцыі, класіфікацыя, крыніцы інфармацыі) і тым самым гарантуецца супастаўнасць даных рознай перыядычнасці.
Гістарычныя рады даных даступныя з 1996 г. да 2011 г. (згодна з BPM5) і з 2005 г. (згодна з BPM6).

Часовая супастаўнасць
Работнікі Нацыянальнага банка, якія адказваюць за фарміраванне даных, прадпрымаюць належныя меры па забеспячэнні інтэртэмпаральнай супастаўнасці даных. У выпадку змянення класіфікацыі даныя за максімальна магчымы папярэдні перыяд пераглядаюцца адпаведным чынам.

Супастаўнасць статыстычных даных з данымі іншых крыніц і статыстычных сістэм
Даныя плацежнага балансу Рэспублікі Беларусь сумяшчальныя з данымі статыстыкі знешняга гандлю таварамі і паслугамі, нацыянальнымі рахункамі, грашова-крэдытнай статыстыкай, статыстыкай знешняга доўгу, міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыяй, статыстыкай дзяржаўных фінансаў, паколькі для кожнай з вышэйназваных сістэм выкарыстоўваюцца адны і тыя ж крыніцы інфармацыі і зыходныя даныя.


Палітыка і практыка перагляду даных

Графік перагляду даных
Публікуемыя даныя з'яўляюцца папярэднімі. Палітыка перагляду даных для статыстыкі плацежнага балансу вызначана рэгламентам перагляду даных і апісана ў штоквартальным інфармацыйна-аналітычным зборніку Нацыянальнага банка "Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь".
Пры гэтым робяцца заўвагі пра тое, што ў даныя плацежнага балансу могуць уносіцца змяненні ў будучых публікацыях. Асобным дадаткам публікуецца пералік унесеных у плацежны баланс змяненняў з указаннем па кожным артыкуле прычыны і перыяду, за які яны ўнесены (штоквартальна).
Штоквартальна ў апублікаваныя раней даныя ўносяцца змяненні за тры кварталы, якія папярэднічалі справаздачнаму перыяду, у сувязі з удакладненнем даных справаздачнасці ці метадалогіі, з'яўленнем новых крыніц інфармацыі і інш. Даныя за справаздачны квартал публікуюцца адначасова з удакладненымі данымі за папярэднія перыяды. Пры атрыманні дадатковай інфармацыі аб знешнеэканамічных аперацыях магчымы карэкціроўкі раней апублікаваных гістарычных радоў даных. У адпаведнасці з рэгламентам перагляд гадавых даных статыстыкі знешняга сектара ажыццяўляецца адзін раз у год і публікуецца штогод у верасні пры выпуску плацежнага балансу за першае паўгоддзе бягучага года.

Вывучэнне папярэдніх і/або удакладненых даных

Распаўсюджванне вынікаў вывучэння і аналіз пераглядаў даных
Тлумачальныя запіскі аб прычынах пераглядаў прыводзяцца ў зносках да распаўсюджваемых табліц.


Даступнасць

Даступнасць даных

Форма прадстаўлення статыстычных даных
Нацыянальны банк штомесяц распаўсюджвае каляндар папярэдніх тэрмінаў публікацыі, устаноўленых ССРД даных, на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка па адрасе: http://www.nbrb.by.
Штогадовыя і штоквартальныя рады плацежнага балансу за 1996–2011 гады ў адпаведнасці з BPM5 апублікаваны ў штоквартальным інфармацыйна-аналітычным зборніку Нацыянальнага банка "Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь".
Даныя распаўсюджаны ў наступнай структуры:
Рахунак бягучых аперацый:
1. экспарт і імпарт тавараў і паслуг;
2. даходы
3. бягучыя трансферты
Рахунак аперацый з капіталам і фінансавы рахунак:
1. рахунак аперацый з капіталам:
   капітальныя трансферты;
   нявыкананыя нефінансавыя актывы;
2. фінансавы рахунак:
  2.1. прамыя інвестыцыі;
     2.1.1. за мяжу; і
     2.1.2. ва ўнутраную эканоміку;
  2.2. партфельныя інвестыцыі, зламаныя:
     2.2.1. актывы; і
     2.2.2. абавязацельствы;
  3.2. іншыя інвестыцыі:
     3.2.1. актывы:
      - камерцыйныя крэдыты;
      - крэдыты і пазыкі;
      - наяўная валюта, рахункі і дэпазіты; і
      - іншыя актывы;
  3.2.2.абавязацельствы:
      - камерцыйныя крэдыты;
      - крэдыты і пазыкі;
      - рахункі і дэпазіты; і
      - іншыя абавязацельствы;
4.2. рэзервовыя актывы.;
Статыстычныя разыходжанні.
Штогадовыя і штоквартальныя даныя плацежнага балансу ў адпаведнасці з BPM6 з 2005 года апублікаваны ў штоквартальным інфармацыйна-аналітычным зборніку Нацыянальнага банка "Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь".
Даныя распаўсюджаны ў наступным выглядзе:
Рахунак бягучых аперацый:
1. Тавары і паслугі;
2. Першасны даход;
3. Другасны даход.
Рахунак аперацый з капіталам:
1. Нявыкананыя нефінансавыя актывы;
2. Капітальныя трансферты.
Фінансавы рахунак:
1. Прамыя інвестыцыі (за мяжу; ва ўнутраную эканоміку):
  1.1. Інструменты ўдзелу ў капітал і паі ў інвестыцыйных фондах;
  1.2. Даўгавыя інструменты.
2. Партфельныя інвестыцыі (актывы; абавязацельствы):
  2.1. Інструменты ўдзелу ў капітал і паі ў інвестыцыйных фондах;
  2.2. Даўгавыя каштоўныя паперы.
3. Вытворныя фінансавыя інструменты (актывы; абавязацельствы).
4. Іншыя інвестыцыі (актывы; абавязацельствы):
  4.1. Іншыя інструменты ўдзелу ў капітале;
  4.2. Наяўная валюта і дэпазіты;
  4.3. Крэдыты і пазыкі;
  4.4. Страхавыя, пенсійныя праграмы і праграмы стандартных гарантый;
  4.5. Гандлёвыя крэдыты і авансы;
  4.6. Іншая дэбіторская/крэдыторская запазычанасць;
  4.7. Спецыяльныя правы запазычання;
5. Рэзервовыя актывы
Статыстычныя разыходжанні.
Акрамя таго, публікацыі Нацыянальнага банка ўтрымліваюць падрабязную дэталізацыю даных плацежнага балансу (мноства падрабязных табліц, графічны матэрыял, аналітычны каментарый і метадалагічныя тлумачэнні), што дазваляе рабіць іх параўнанне з распаўсюджваемымі данымі па іншых макраэканамічных паказчыках і сістэмах. Даныя плацежнага балансу ў значнай ступені ўзаемазвязаны з данымі мытнай статыстыкі па знешнім гандлі, з сістэмай нацыянальных рахункаў, грашова-крэдытнай статыстыкай, статыстыкай знешняга доўгу і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыяй.
Даныя размяшчаюцца на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка ў адкрытым доступе па адрасе: https://www.nbrb.by.
Даныя плацежнага балансу распаўсюджваюцца ў доларах ЗША.
Даныя не падвяргаюцца сезоннаму згладжванню.

Спосабы і форма распаўсюджвання даных
Нацыянальны банк размяшчае каляндар папярэдніх тэрмінаў публікацыі даных, устаноўленых ССРД, які змяшчае звесткі пра даты распаўсюджвання паказчыкаў у бягучым і трох наступных месяцах на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка па адрасе: https://www.nbrb.by/statistics/SStandard/calendar.asp.
Штоквартальныя даныя па статыстыцы плацежнага балансу распаўсюджваюцца ў друкаваным выглядзе ў выданнях Нацыянальнага банка – Бюлетэні банкаўскай статыстыкі, інфармацыйна-аналітычным зборніку "Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь". Плацежны баланс размяшчаецца на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка ў адкрытым доступе па адрасе: https://www.nbrb.by/statistics/BalPay/, у выданнях Міжнароднага валютнага фонду – зборніках «International Financial Statistics» («Міжнародная фінансавая статыстыка”) і «Balance of Payments Statistics. Yearbook» («Статыстыка плацежных балансаў. Штогоднік»).

Каляндар папярэдніх тэрмінаў распаўсюджвання даных
Каляндар папярэдніх тэрмінаў распаўсюджвання даных, устаноўленых ССРД, размяшчаецца на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка (на англійскай мове https://www.nbrb.by/engl/statistics/sdds/calendar.asp і на рускай мове https://www.nbrb.by/statistics/SStandard/calendar.asp), а таксама публікуецца ў Бюлетэні банкаўскай статыстыкі.

Адначасовы выпуск даных усім зацікаўленым карыстальнікам
Даныя па плацежным балансе прадстаўляюцца адначасова карыстальнікам пры дапамозе размяшчэння на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка ў адкрытым доступе (на англійскай мове https://www.nbrb.by/engl/statistics/BalPay/ і на рускай мове https://www.nbrb.by/statistics/BalPay/), а таксама ў Бюлетэні банкаўскай статыстыкі на рускай мове https://www.nbrb.by/statistics/bulletin і на англійскай мове https://www.nbrb.by/engl/statistics/bulletin/.

Распаўсюджванне даных па запыце
Неапублікаваныя і неканфідэнцыяльныя даныя могуць быць прадастаўлены па запыце.


Даступнасць даных

Прадстаўленне інфармацыі аб канцэпцыях, статыстычным ахопе, класіфікацыях, аснове ўліку, крыніцах даных і статыстычных метадах
Метадалагічныя тлумачэнні, апісанне крыніц даных у дачыненні да кожнага асобнага артыкула, а таксама метады, якія выкарыстоўваюцца пры ацэнцы асобных аперацый, публікуюцца ў выданнях Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь – Бюлетэні банкаўскай статыстыкі і інфармацыйна-аналітычным зборніку "Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь" адначасова з данымі плацежнага балансу за справаздачны перыяд, а таксама размяшчаюцца на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка ў адкрытым доступе. Выкарыстоўваемыя пры складанні плацежнага балансу класіфікацыя, метады вартаснай ацэнкі і ахоп улічваемых аперацый у цэлым адпавядаюць шостаму выданню Даведніка па плацежным балансе (BPM6) (МВФ, 2009 г.).

Узровень дэталізацыі даных, што прадстаўляюцца
Узровень дэталізацыі адпавядае метадалагічным патрабаванням.


Дапамога карыстальнікам

Інфармацыя аб кантактах
У інфармацыйна-аналітычным зборніку "Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь" прыводзяцца імя і нумар тэлефона кантактнай асобы. Акрамя таго, у метаданых, размешчаных на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка, змяшчаецца імя, нумар тэлефона і факса, электронны адрас кантактнай асобы, адказнай за кожную сістэму даных.

Даступнасць дакументаў і публікацый
Спіс публікацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь даступны на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка ў адкрытым доступе. Інтэрнэт-сайт Нацыянальнага банка прадстаўляе карыстальнікам значны аб'ём інфармацыі як аб электронных публікацыях і дакументах, так і аб публікацыях і дакументах на папяровым носьбіце.