Спецыяльны стандарт распаўсюджвання даных. Метаданыя


у фармаце pdf
Катэгорыя даных: Агляд дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь
Асоба, адказная за кантакты
Прозвішча, імя, імя па бацьку:Уласенка Барыс Пятровіч
Пасада:Начальнік упраўлення
Назва структурнага падраздзялення:Упраўленне банкаўскай статыстыкі
Арганізацыя:Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Адрас:пр. Незалежнасці, 20
Горад:Мінск
Краіна:Рэспубліка Беларусь
Паштовы індэкс:220008
Тэлефон:+375 17 219 24 88
Факс:+375 17 327 48 79
Email: B.Vlasenko@nbrb.by

Метадалогія

Канцэпцыі і азначэнні

Аналітычныя асновы, якія выкарыстоўваюцца пры складанні грашова-крэдытнай статыстыкі, адлюстроўваюць канцэпцыі і азначэнні, што ў агульных рысах адпавядаюць Інструкцыі па грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыцы (МВФ) і Даведніку па падрыхтоўцы грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыкі (МВФ). Балансы Нацыянальнага банка і іншых дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь, якія ляжаць у аснове грашова-крэдытнай статыстыкі, у цэлым адпавядаюць міжнародным стандартам бухгалтарскага ўліку. Асноўнымі агрэгатамі агляду дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь, які складаецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, з'яўляюцца:

1. Шырокая грашовая маса, якая падзяляецца на:

  • наяўныя грошы ў абароце;
  • пераводныя дэпазіты ў нацыянальнай валюце;
  • іншыя дэпазіты ў нацыянальнай валюце;
  • пераводныя дэпазіты ў замежнай валюце;
  • іншыя дэпазіты ў замежнай валюце;
  • каштоўныя паперы, выпушчаныя іншымі дэпазітнымі арганізацыямі ў нацыянальнай і замежнай валютах;
  • дэпазіты каштоўных металаў.

2. Унутраныя патрабаванні падраздзяляюцца на:

  • чыстыя патрабаванні да органаў дзяржаўнага кіравання:
    • патрабаванні і абавязацельствы перад Урадам;
    • патрабаванні і абавязацельствы перад мясцовымі органамі кіравання;
  • патрабаванні да іншых фінансавых арганізацый;
  • патрабаванні да нефінансавых дзяржаўных арганізацый;
  • патрабаванні да прыватнага сектара.

3. Чыстыя замежныя актывы.

Чыстыя замежныя актывы дэпазітных арганізацый, якія падраздзяляюцца на валавыя патрабаванні да нерэзідэнтаў і абавязацельствы перад нерэзідэнтамі ў канверсоўных валютах і валавыя патрабаванні да нерэзідэнтаў і абавязацельствы перад нерэзідэнтамі ў неканверсоўных валютах;

Унутраныя патрабаванні з разбіўкай на чыстыя патрабаванні да органаў дзяржаўнага кіравання (з далейшай разбіўкай на патрабаванні і абавязацельствы перад Урадам у нацыянальнай і замежнай валютах, патрабаванні і абавязацельствы перад мясцовымі органамі кіравання ў нацыянальнай і замежнай валютах), патрабаванні да іншых фінансавых арганізацый, патрабаванні да дзяржаўных нефінансавых арганізацый, патрабаванні да прыватнага сектара;

Іншыя ўнутраныя патрабаванні, якія складаюцца з дэпазітаў, што не ўключаюцца ў шырокую грашовую масу, каштоўных папер, акрамя акцый, што не ўключаюцца ў шырокую грашовую масу, крэдытаў, акцый і іншых відаў удзелу ў капітале і іншых пазіцый (чыстыя);

Шырокая грашовая маса з разбіўкай на наяўныя грошы ў абарачэнні ; пераводныя дэпазіты і іншыя дэпазіты ў нацыянальнай і замежнай валютах; каштоўныя паперы, якiя ўключаюцца ў шырокую грашовую масу, у нацыянальнай і замежнай валютах і дэпазіты каштоўных металаў.

Такая дэталёвая разбіўка публікуецца ў Статыстычным бюлетэні, які даступны на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (http://www.nbrb.by/statistics/bulletin).

Чыстыя замежныя актывы дэпазітных арганізацый – сальда актыўных і пасіўных аперацый Нацыянальнага банка і іншых дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь з нерэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце і беларускіх рублях.

З агляду шырокай грашовай масы атрымліваюць наступныя грашова-крэдытныя агрэгаты: наяўныя грошы ў абарачэнні (М0); грашовы агрэгат (М1), які складаецца з М0 і пераводных дэпазітаў у беларускіх рублях, размешчаных у дэпазітных арганізацыях Рэспублікі Беларусь юрыдычнымі і фізічнымі асобамі; грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2), якая складаецца з агрэгата М1 і іншых дэпазітаў у беларускіх рублях, размешчаных у дэпазітных арганізацыях Рэспублікі Беларусь юрыдычнымі і фізічнымі асобамі; рублёвая грашовая маса (М2*), якая ўключае агрэгат М2 плюс сродкі юрыдычных і фізічных асоб у каштоўных паперах, выпушчаных дэпазітнымі арганізацыямі ў беларускіх рублях; шырокая грашовая маса (М3) – агрэгат М2* плюс пераводныя, іншыя дэпазіты ў замежнай валюце, дэпазіты каштоўных металаў, сродкі юрыдычных і фізічных асоб у каштоўных паперах, выпушчаных дэпазітнымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце.

Характарыстыка асобных паказчыкаў

Агрэгат М0 (наяўныя грошы ў абарачэнні) – найбольш ліквідная частка грашовай масы, даступная для неадкладнага выкарыстання ў якасці плацежнага сродку. Уключае банкноты і манеты ў абарачэнні на руках у фізічных асоб і ў касах юрыдычных асоб, за выключэннем наяўных грашовых сродкаў, якія знаходзяцца ў касах дэпазітных арганізацый.

Пераводныя дэпазіты – грашовыя сродкі ў беларускіх рублях або замежнай валюце, што размяшчаюцца фізічнымі і юрыдычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь у дэпазітных арганізацыях Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам, якія могуць быць вернуты па першым патрабаванні без выплаты штрафу, якіх-небудзь абмежаванняў і непасрэдна выкарыстоўвацца для ажыццяўлення плацяжоў. Да іх належаць рэшткі сродкаў на бягучых (разліковых) рахунках, рахунках па ўліку банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) да запатрабавання, на іншых рахунках кліентаў (часовых рахунках, дабрачынных рахунках юрыдычных і фізічных асоб).

Іншыя дэпазіты – тэрміновыя і ўмоўныя банкаўскія ўклады (дэпазіты), акрамя пераводных, якія размяшчаюцца фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ў дэпазітных арганізацыях у адпаведнасці з заканадаўствам, пацверджаныя дагаворам банкаўскага ўкладу (дэпазіту), на якія налічваюцца працэнты, а таксама рэшткі сродкаў на іншых рахунках кліентаў (рахунках для ажыццяўлення разлікаў у форме акрэдытыва, рахунках кліентаў па даверным кіраванні маёмасцю, рахунках па ўліку сродкаў, атрыманых у якасці забеспячэння выканання абавязацельстваў).

Каштоўныя паперы, выпушчаныя іншымі дэпазітнымі арганізацыямі, уключаюць каштоўныя паперы, выпушчаныя іншымі дэпазітнымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь у беларускіх рублях і ў замежнай валюце і размешчаныя ў фізічных і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь.

Дэпазіты каштоўных металаў уключаюць банкаўскія ўклады (дэпазіты) да запатрабавання каштоўных металаў, тэрміновыя і ўмоўныя ўклады (дэпазіты) каштоўных металаў, якія размяшчаюцца фізічнымі і юрыдычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь у дэпазітных арганізацыях Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам, абязлічаныя металічныя рахункі фізічных і юрыдычных асоб.

Чыстыя патрабаванні да органаў дзяржаўнага кіравання – патрабаванні з боку дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь да органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь за мінусам абавязацельстваў дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь перад органамі дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь.

Абавязацельствы перад органамі дзяржаўнага кіравання – рэшткі сродкаў на рахунках органаў дзяржаўнага кіравання; дэпазіты і іншыя сродкі, прыцягнутыя ад органаў дзяржаўнага кіравання; знешнія дзяржаўныя пазыкі (крэдыты), атрыманыя органамі дзяржаўнага кіравання; сродкі бюджэту Саюза Беларусі і Расіі.

Патрабаванні да іншых фінансавых арганізацый (ІФА) – крэдыты і пазыкі (уключаючы пралангіраваную і пратэрмінаваную запазычанасць), налічаныя і пратэрмінаваныя працэнты па крэдытах і пазыках, прадастаўленых ІФА; сродкі па аперацыях РЭПО, прадастаўленыя ІФА; укладанні сродкаў дэпазітнымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь у каштоўныя паперы ІФА з улікам налічаных працэнтаў па іх; камерцыйныя крэдыты і авансы, сродкі ў разліках па аперацыях з ІФА.

Патрабаванні да дзяржаўных нефінансавых арганізацый – крэдыты і пазыкі (уключаючы пралангіраваную і пратэрмінаваную запазычанасць), налічаныя і пратэрмінаваныя працэнты па крэдытах і пазыках, прадастаўленых дзяржаўным нефінансавым арганізацыям Рэспублікі Беларусь; сродкі па аперацыях РЭПО, прадастаўленыя дзяржаўным нефінансавым арганізацыям Рэспублікі Беларусь; укладанні сродкаў дэпазітнымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь у каштоўныя паперы дзяржаўных нефінансавых арганізацый Рэспублікі Беларусь і налічаныя працэнты па іх; камерцыйныя крэдыты і авансы, сродкі ў разліках па аперацыях з дзяржаўнымі нефінансавымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.

Патрабаванні да прыватнага сектара – патрабаванні дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь да іншых нефінансавых арганізацый Рэспублікі Беларусь і фізічных асоб.

Патрабаванні да іншых нефінансавых арганізацый – крэдыты і пазыкі (уключаючы пралангіраваную і пратэрмінаваную запазычанасць), налічаныя і пратэрмінаваныя працэнты па крэдытах і пазыках, прадастаўленых іншым нефінансавым арганізацыям Рэспублікі Беларусь; сродкі па аперацыях РЭПО, прадастаўленыя іншым нефінансавым арганізацыям Рэспублікі Беларусь; укладанні сродкаў дэпазітнымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь у каштоўныя паперы іншых нефінансавых арганізацый Рэспублікі Беларусь і налічаныя працэнты па іх; камерцыйныя крэдыты і авансы, сродкі ў разліках па аперацыях з іншымі нефінансавымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.

Патрабаванні да фізічных асоб – крэдыты і пазыкі (уключаючы пралангіраваную і пратэрмінаваную запазычанасць), налічаныя і пратэрмінаваныя працэнты па крэдытах і пазыках, прадастаўленых фізічным асобам Рэспублікі Беларусь; камерцыйныя крэдыты і авансы, сродкі ў разліках па аперацыях з фізічнымі асобамі Рэспублікі Беларусь.

Дэпазіты, якія не ўключаюцца ў шырокую грашовую масу – грашовыя сродкі ІФА, размешчаныя на дэпазітных рахунках, уключаючы дэпазіты каштоўных металаў і каштоўных камянёў, у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь; дэпазіты, уключаючы дэпазіты каштоўных металаў, ІФА, нефінансавых арганізацый і фізічных асоб – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь у іншых дэпазітных арганізацыях, якія знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі; дэпазіты, на зняцце сродкаў з якіх дзейнічаюць абмежаванні працяглы час.

Каштоўныя паперы, акрамя акцый, якія не ўключаюцца ў грашовую масу – каштоўныя паперы, выпушчаныя Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, у партфелі іншых фінансавых арганізацый.

Крэдыты – абавязацельствы (сродкі, атрыманыя па аперацыях РЭПО, крэдыты і пазыкі) перад ІФА, нефінансавымі арганізацыямі і фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь.

Акцыі і іншыя віды ўдзелу ў капітале ўключаюць статутныя і рэзервовыя фонды, іншыя фонды, вынікі пераацэнкі каштоўных папер і сродкаў у замежнай валюце, вынікі фінансавай дзейнасці бягучага года, прыбытак мінулых гадоў за мінусам страт мінулых гадоў дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь.

Іншыя пазіцыі (чыстыя) – уключаюць сальда ўзаемных абавязацельстваў i патрабаванняў дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь, а таксама сальда іншых абавязацельстваў і актываў, якія не ўвайшлі ў вышэйпералічаныя агрэгаты і характарызуюць аперацыі па забеспячэнні дзейнасці дэпазітных арганізацый.

Статыстычны ахоп даных

Інстытуцыянальны ахоп грашова-крэдытных статыстычных даных уключае Нацыянальны банк, 28 банкаў і 3 нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Агляд дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь грунтуецца на даных балансу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, а таксама дадатковай інфармацыі да балансу, а ў даных па іншых дэпазітных арганізацыях Рэспублікі Беларусь кансалідаваны даныя па галаўных офісах і іх філіялах. Такім чынам, грашова-крэдытная статыстыка, якая складаецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, ахоплівае ўсе дэпазітныя карпарацыі (Нацыянальны банк, банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, г. зн. дэпазітныя карпарацыі, чые абавязацельствы ўключаюцца ў нацыянальнае азначэнне шырокай грашовай масы), якія з'яўляюцца рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь, што адпавядае рэкамендацыям Інструкцыі па грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыцы.

Класіфікацыя/разбіўка па сектарах

Прынцыпы разбіўкі па сектарах, што прымяняюцца пры фарміраванні грашова-крэдытнай статыстыкі, якая фарміруецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, адпавядаюць Інструкцыі па грашова-крэдытнай статыстыцы, якая рэкамендуе праводзіць адрозненне паміж рэзідэнтнымі і нерэзідэнтнымі адзінкамі на аснове канцэпцыі цэнтра эканамічных інтарэсаў і класіфікаваць рэзідэнтныя інстытуцыянальныя адзінкі па ўнутраных сектарах у адпаведнасці з іх мэтамі, функцыямі і эканамічнай дзейнасцю. У грашова-крэдытнай статыстыцы, якая складаецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, вылучаюцца наступныя групы рэзідэнтных інстытуцыянальных адзінак па сектарах:

  • цэнтральны банк;
  • іншыя дэпазітныя арганізацыі;
  • цэнтральны ўрад;
  • мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання;
  • іншыя фінансавыя арганізацыі;
  • дзяржаўныя нефінансавыя арганізацыі;
  • прыватны сектар.

Нягледзячы на пэўныя разыходжанні ў прынятых назвах, дадзеную класіфікацыю па сектарах лёгка суаднесці з рэкамендацыямі Інструкцыі па грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыцы. Даныя бухгалтарскага ўліку, якія выкарыстоўваюцца пры фарміраванні грашова-крэдытнай статыстыкі, утрымліваюць дастаткова падрабязную інфармацыю для таго, каб ахапіць поўную класіфікацыю фінансавых інструментаў, што выдзяляюцца Інструкцыяй па грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыцы. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Інструкцыі па грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыцы дэпазіты, якія размешчаны ў іншых дэпазітных арганізацыях, зачыненых у чаканні ліквідацыі або рэарганізацыі, лічацца абмежаванымі дэпазітамі і выключаюцца з грашова-крэдытных агрэгатаў. У адпаведнасці з Інструкцыяй па грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыцы нерэзідэнтныя адзінкі вылучаюцца на аснове канцэпцыі цэнтра эканамічных інтарэсаў. У Рэспубліцы Беларусь няма філіялаў замежных банкаў, а ў беларускіх банкаў няма філіялаў за мяжой. Прынцыпы, якія ляжаць у аснове класіфікацыі фінансавых інструментаў, заснаваны на міжнародных стандартах і ў агульных рысах адпавядаюць рэкамендацыям Інструкцыі па грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыцы. Сістэма класіфікацыі грунтуецца на ліквіднасці фінансавых інструментаў і прававых характарыстыках, якія апісваюць форму адносін паміж крэдыторам і дэбіторам, што ляжаць у аснове. Пачынаючы са студзеня 2004 г. у адпаведнасці з рэкамендацыямі Інструкцыі па грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыцы былі зменены падыходы да пагадненняў аб адваротным выкупе каштоўных папер (РЭПО). Пагадненні аб адваротным выкупе каштоўных папер класіфікуюцца як забяспечаныя залогам крэдыты, а не як прамы продаж каштоўных папер. У агляд дэпазітных арганізацый вытворныя фінансавыя інструменты ўключаюцца са студзеня 2006 г.

Аснова ўліку

Вартасная ацэнка

Крэдыты ацэньваюцца па балансавым кошце і ўключаюць у сябе наяўную асноўную суму доўгу, пратэрмінаваныя крэдыты, налічаны працэнт. Рэзервы, што ствараліся на выпадак страт па крэдытах, не вылічваюцца з валавага кошту крэдытаў, а ўлічваюцца як іншыя абавязацельствы, што адпавядае практыцы, рэкамендаванай Інструкцыяй па грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыцы.

Каштоўныя паперы ацэньваюцца па кошце набыцця плюс налічаны працэнт, што можна разглядаць як прымальнае набліжэнне да справядлівага рынкавага кошту.

Манетарнае золата ацэньваецца па рынкавых цэнах.

Актывы і пасівы ў замежных валютах пераацэньваюцца на штодзённай аснове па ўстаноўленых Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь афіцыйных курсах.

Аснова ўліку

Улік вядзецца на аснове прынцыпу налічэння. Аперацыі адначасова ўлічваюцца бакамі, а налічаны на дэпазіты, крэдыты і каштоўныя паперы працэнт уключаецца ў наяўную суму фінансавых актываў ці пасіваў, а не разглядаецца ў якасці складніка іншай дэбіторскай/крэдыторскай запазычанасці.

Працэдура вылічэння валавых/чыстых паказчыкаў

Сальдзіраванне і кансалідацыя. Даныя атрымліваюць аўтаматычна з дапамогай наяўнай камп’ютарнай праграмы з дэталёвых балансаў Нацыянальнага банка і іншых дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь. Усе рахункі Нацыянальнага банка і іншых дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь спачатку рэарганізуюцца ў належныя аналітычныя групы (стадыя 1), затым агрэгатуюцца ў дэталізаваныя агляды па Нацыянальным банку і іншых дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь (стадыя 2) і кансалідуюцца ў агрэгатаваныя агляды Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і іншых дэпазітных арганізацый (стадыя 3). Дэталёвы і агрэгаваны агляды таксама атрымліваюць аўтаматызавана з даных, складзеных на стадыі 2. Даныя ў дэталёвых аналітычных балансах, якія атрымліваюцца на стадыі 1, не падвяргаюцца якой-небудзь карэкціроўцы па кансалідацыі або ўзаемазаліку. Для спрашчэння праверкі ўзгодненасці паміж бухгалтарскімі і аналітычнымі балансамі парадак складання даных прадугледжвае, што ўсе актывы /пасівы ў адпаведных балансах павінны быць аднолькавымі. Атрыманне дэталёвых аглядаў на стадыі 2 мяркуе складанне некалькіх агрэгатаў на чыстай аснове. Аднак валавыя патрабаванні і абавязацельствы, якія ляжаць у аснове даных чыстых агрэгатаў, таксама прыводзяцца ў справаздачнасці. Толькі агрэгаваныя агляды, што складаюцца на стадыі 3, не прыводзяць валавых складнікаў артыкулаў, якія падлягаюць узаемазаліку і кансалідацыі.


Дакладнасць і надзейнасць

Зыходныя даныя

Збор зыходных даных

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь вядзе ўсеабдымны і поўны рэестр іншых дэпазітных арганізацый. Істытуцыянальны і геаграфічны ахоп рэестра з'яўляецца поўным. Даныя, якiя ўключаюцца ў агляд Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, грунтуюцца на дэталёвых штодзённых бухгалтарскіх балансах, а таксама дадатковых звестках да іх, якія складаюцца Галоўным упраўленнем бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Гэты баланс ахоплівае ўсе рахункі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Даныя па іншых дэпазітных арганізацыях фарміруюцца на аснове падрабязнага кансалідаванага балансу іншых дэпазітных арганізацый, а таксама дадатковых звестак да балансаў іншых дэпазітных арганізацый, якія прадастаўляюцца Галоўным упраўленнем інфармацыйных тэхналогій.

Азначэнне ўваходных даных, статыстычны ахоп, класіфікацыя, ацэнка і момант уліку

Зыходныя даныя, якія выкарыстоўваюцца пры складанні грашова-крэдытнай статыстыкі, забяспечваюць досыць блізкае набліжэнне да канцэпцый, азначэнняў, ахопу, класіфікацый і прынцыпаў уліку для складання якаснай грашова-крэдытнай статыстыкі, рэкамендаваных Інструкцыяй па грашова-крэдытнай і фінансавай статыстыцы.

Своечасовасць уваходных даных

Штодзённыя даныя аб стане артыкулаў балансу Нацыянальнага банка і іншых дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь паступаюць на наступны дзень. Гэта своечасовае паступленне зыходных даных цалкам дазваляе выконваць патрабаванні ССРД у дачыненні да распаўсюджвання даных грашова-крэдытнай статыстыкі.

Ацэнка зыходных даных

Паколькі фарміраванне даных грашова-крэдытнай статыстыкі заснавана на прамой і, у асноўным, аўтаматычнай трансфармацыі адміністрацыйных зыходных даных (бухгалтарскага ўліку), складальнікі грашова-крэдытнай статыстыкі сістэматычна праводзяць ацэнку зыходных даных і, калі ўзнікае патрэба, ініцыіруюць працэс іх мадыфікацыі ў мэтах удасканалення статыстычнай справаздачнасці. Гэта ў асноўным тычыцца змяненняў у планах рахункаў бухгалтарскага ўліку для Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і іншых дэпазітных арганізацый і прынцыпаў ацэнкі, якія ўжываюцца ў бухгалтарскім уліку. Дакладнасць зыходных даных правяраецца з дапамогай сістэмы фармальных крытэрыяў ацэнкі супастаўнасці, і па меры неабходнасці з падсправаздачнымі іншымі дэпазітнымі арганізацыямі ажыццяўляецца зверка даных, якія не адпавядаюць агульнай тэндэнцыі.

Статыстычныя метады

Статыстычныя метады работы з зыходнымі данымі

У выпадку, калі баланс, які выкарыстоўваецца для складання агляду, не прадстаўляе ўсе дэталі, неабходныя для класіфікацыі даных па фінансавых інструментах і сектарах, збіраецца дадатковая інфармацыя. Напрыклад, такая дадатковая інфармацыя, якая рэгулярна збіраецца ад іншых дэпазітных арганізацый, дазваляе ажыццявіць больш дакладную сектаральную класіфікацыю дэпазітаў і падзяліць іх на дэпазіты дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.

Іншыя статыстычныя працэдуры

Фарміраванне агляду дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь цалкам грунтуецца на адміністрацыйных крыніцах.

Статыстычныя карэкціроўкі: манетарнае золата ацэньваецца ў рынкавых цэнах. Цяпер не праводзяцца сезонныя карэкціроўкі грашова-крэдытных агрэгатаў.

Кантроль правільнасці статыстычных даных

Кантроль прамежкавых статыстычных даных

Прамежкавыя вынікі рэгулярна звяраюцца з усімі іншымі справаздачамі, якія ёсць у распараджэнні Упраўлення банкаўскай статыстыкі, Упраўлення плацежнага балансу і іншых упраўленняў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Грашова-крэдытныя даныя параўноўваюцца з данымі па Плацежным балансе і Міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі.

Ацэнка прамежкавых статыстычных даных

Праводзіцца аналіз прамежкавых даных з пункту гледжання ўнутранай і інтэртэмпаральнай супастаўнасці.

Ацэнка разыходжанняў і іншых праблемных пытанняў у зыходных статыстычных даных

Пры наяўнасці якіх-небудзь разыходжанняў і невытлумачальных вялікіх ваганнях даных іх прычыны даследуюцца пры прамым кантакце з падсправаздачнымі асобамі.

Аналіз пераглядаў даных

Вывучэнне і аналіз пераглядаў даных

Штомесяц ажыццяўляецца аналіз атрыманых даных на адпаведнасць міжнародным стандартам, што тычацца метадалогіі складання грашова-крэдытнай статыстыкі.


Практычная прыгоднасць

Перыядычнасць і своечасовасць

Перыядычнасць

Штомесячная.

Своечасовасць

Праз два тыдні пасля заканчэння справаздачнага перыяду.

Супастаўнасць

Унутраная супастаўнасць

Распаўсюджваемыя даныя грунтуюцца на той жа метадалогіі, што выкарыстоўваецца і пры складанні табліцы "Агляд дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь", якая штомесяц публікуецца ў Статыстычным бюлетэні з больш дэталёвым прадстаўленнем паказчыкаў па сектарах эканомікі і ступені ліквіднасці.

Часовая супастаўнасць

Работнікі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якія адказваюць за фарміраванне даных, прадпрымаюць належныя меры па забеспячэнні інтэртэмпаральнай супастаўнасці даных. У выпадку змянення класіфікацыі даныя за максімальна магчымы папярэдні перыяд пераглядаюцца адпаведным чынам.

Супастаўнасць статыстычных даных з данымі іншых крыніц і статыстычных сістэм

Грашова-крэдытныя даныя супастаўныя з данымі па плацежным балансе і Міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі, у прыватнасці таму што ў гэтых сістэмах даных выкарыстоўваюцца адны і тыя ж зыходныя даныя па замежных актывах і пасівах дэпазітных арганізацый.

Палітыка і практыка перагляду даных

Графік перагляду даных

Даныя, якія публікуюцца, з'яўляюцца папярэднімі. Удакладненая інфармацыя публікуецца ў Статыстычным бюлетэні. Канчатковымі лічацца даныя, якія прадстаўляюцца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь карыстальнікам па заканчэнні квартала з моманту іх першаснага размяшчэння (канчатковыя даныя за снежань – па заканчэнні паўгоддзя). Асноўныя змяненні ў метадалогіі разліку паказчыкаў апісваюцца ў каментарыях да адпаведных табліц Статыстычнага бюлетэня.

Вывучэнне папярэдніх і/або ўдакладненых даных

У Статыстычным бюлетэні папярэднія даныя публікуюцца курсівам, удакладненыя даныя – тлустым курсівам.

Распаўсюджванне вынікаў вывучэння і аналіз пераглядаў даных

Прымаючы пад увагу той факт, што перагляд як штомесячных, так і гадавых даных не прыводзіць да статыстычна значных змяненняў даных, для грамадскасці не распаўсюджваюцца афіцыйныя вынікі аналізу перагляду даных. Тлумачальныя запіскі аб прычынах пераглядаў прыводзяцца ў зносках да распаўсюджваемых табліц.


Даступнасць

Даступнасць даных

Форма прадстаўлення статыстычных даных

Даныя агляду дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь прыводзяцца ў мільёнах беларускіх рублёў.

Даныя ўключаюць:

  • шырокую грашовую масу (М3);
  • грашовую масу ў нацыянальным вызначэнні (М2);
  • грашовы агрэгат (М1);
  • наяўныя грошы ў абарачэнні (М0);
  • унутраныя патрабаванні, якія ўключаюць:
    • o  чыстыя патрабаванні да органаў дзяржаўнага кіравання;
    • o патрабаванні да іншых фінансавых арганізацый;
    • o  патрабаванні да дзяржаўных нефінансавых арганізацый;
    • o  патрабаванні да прыватнага сектара;
  • чыстыя замежныя актывы.

Крэдыты ацэньваюцца па балансавым кошце і ўключаюць у сябе наяўную асноўную суму доўгу, пратэрмінаваныя крэдыты, налічаны працэнт. Каштоўныя паперы ацэньваюцца па кошце набыцця плюс налічаны працэнт. Манетарнае золата ацэньваецца па рынкавых цэнах.

Актывы і пасівы ў замежных валютах пераацэньваюцца на штодзённай аснове па ўстаноўленых Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь афіцыйных курсах.

Спосабы і форма распаўсюджвання даных

Штомесячныя даныя па грашова-крэдытнай статыстыцы распаўсюджваюцца ў друкаваным выглядзе ў Статыстычным бюлетэні і ў электронным выглядзе на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (http://www.nbrb.by/statistics/bulletin). Англамоўны варыянт Статыстычнага бюлетэня выдаецца на штоквартальнай аснове ў друкаваным выглядзе і на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (http://www.nbrb.by/engl/statistics/bulletin). Акрамя таго, загружаныя грашова-крэдытныя даныя ў фармаце Excel размешчаны на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на рускай (http://www.nbrb.by/statistics/MonetaryStat/DepositaryCorporationsSurvey) і англійскай (http://www.nbrb.by/engl/statistics/MonetaryStat/DepositaryCorporationsSurvey) мовах.

Каляндар папярэдніх тэрмінаў распаўсюджвання даных

Каляндар папярэдніх тэрмінаў распаўсюджвання даных, устаноўленых ССРД, размяшчаецца на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (на англійскай мове http://www.nbrb.by/engl/statistics/sdds/calendar.asp і на рускай мове http://www.nbrb.by/statistics/SStandard/calendar.asp), а таксама публікуецца ў Статыстычным бюлетэні. Даныя прадастаўляюцца праз два тыдні пасля заканчэння справаздачнага перыяду.

Адначасовы выпуск даных усім зацікаўленым карыстальнікам

Даныя па аглядзе дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь прадастаўляюцца адначасова ўсім карыстальнікам праз размяшчэнне на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (на англійскай мове http://www.nbrb.by/engl/statistics/MonetaryStat/DepositaryCorporationsSurvey/ і на рускай мове http://www.nbrb.by/statistics/MonetaryStat/DepositaryCorporationsSurvey/), а таксама ў Статыстычным бюлетэні, які даступны па наступных спасылках: на рускай мове http://www.nbrb.by/statistics/bulletin і на англійскай мове http://www.nbrb.by/engl/statistics/bulletin .

Распаўсюджванне даных па запыце

Непублікуемыя і неканфідэнцыяльныя даныя могуць быць прадастаўлены па запыце.

Даступнасць даных

Прадастаўленне інфармацыі аб канцэпцыях, статыстычным ахопе, класіфікацыях, аснове ўліку, крыніцах даных і статыстычных метадах

Метадалогія разліку агрэгатаў публікуецца ў каментарыях да адпаведных табліц Статыстычнага бюлетэня (раздзел 7), а таксама на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Узровень дэталізацыі прадстаўляемых даных

Метадалагічныя каментарыі, што прадастаўляюцца ў Статыстычным бюлетэні, утрымліваюць больш падрабязнае апісанне канцэпцый і азначэнняў у параўнанні з тымі, што размешчаны на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у раздзеле метаданых.

Дапамога карыстальнікам

Інфармацыя аб кантактах

У Статыстычным бюлетэні прыводзяцца імя і нумар тэлефона кантактнай асобы. Акрамя таго, у метаданых, размешчаных на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, змяшчаецца імя, нумар тэлефона і факса, электронны адрас кантактнай асобы, адказнай за кожную сістэму даных.

Даступнасць дакументаў і публікацый

Спіс публікацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь даступны на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Інтэрнэт-сайт Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь прадастаўляе карыстальнікам значны аб'ём інфармацыі як аб электронных публікацыях і дакументах, так і аб публікацыях і дакументах на папяровым носьбіце.