НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Арганiзацыя банкаўскага нагляду

У Рэспубліцы Беларусь склалася сістэма банкаўскага нагляду, якая ў цэлым адпавядае сусветным стандартам. Яна ўключае рэгістрацыю і ліцэнзаванне банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый (банкі), ажыццяўленне дыстанцыйнага нагляду за банкамі і ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” (Банк развіцця) на падставе справаздачнасці, нагляду на месцах у выглядзе інспекцыйных праверак, прымяненне адпаведных мер нагляднага рэагавання да банкаў і Банка развіцця ў выпадку парушэння імі банкаўскага заканадаўства, пагаршэння іх фінансавага стану, рэарганізацыі і ліквідацыі банкаў, а таксама сістэмны аналіз рызык банкаўскага сектара, рэгуляванне і кантроль у сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння, ажыццяўленне валютнага кантролю.

Органам банкаўскага нагляду з'яўляецца Нацыянальны банк.

У адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь галоўнымі мэтамі банкаўскага нагляду з'яўляюцца падтрыманне стабільнасці банкаўскай сістэмы і абарона інтарэсаў укладчыкаў і іншых крэдытораў.

Стратэгічнай задачай банкаўскага нагляду з'яўляецца недапушчэнне сістэмных банкаўскіх крызісаў. Да асноўных задач таксама адносяцца:

  • забеспячэнне належнага кантролю за допускам у банкаўскую сістэму добрасумленных, фінансава ўстойлівых інвестараў, якія валодаюць надзейнай рэпутацыяй, а таксама за прафесіяналізмам і рэпутацыяй вышэйшага кіраўніцтва банкаў;
  • фарміраванне банкамі і Банкам развіцця эфектыўных сістэм карпаратыўнага кіравання, кіравання рызыкамі і ўнутранага кантролю;
  • устанаўленне прудэнцыяльных абмежаванняў рызык банкаўскай дзейнасці, патрабаванняў па дастатковасці капіталу і рэзерваў, якія адпавядаюць міжнароднай практыцы і якія ўлічваюць эканамічную сітуацыю ў краіне;
  • ажыццяўленне эфектыўнага бягучага нагляду за дзейнасцю банкаў, Банка развіцця шляхам аналізу справаздачнасці, якая прадстаўляецца, і правядзення інспекцыйных праверак банкаў;
  • своечасовае прымяненне карэкціруючых мер, якія забяспечваюць падтрыманне (аднаўленне) плацежаздольнасці і ліквіднасці банкаў, Банка развіцця;
  • своечасовы вывад з рынку банкаў, становішча якіх не паддаецца выпраўленню, мінімізацыя вынікаў банкруцтваў банкаў для банкаўскай сістэмы і крэдытораў;
  • фарміраванне і ўдасканаленне метадалагічнага забеспячэння ў сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння;
  • арганізацыя і ажыццяўленне кантролю за выкананнем банкамі, Банкам развіцця, лізінгавымі і мікрафінансавымі арганізацыямі, форэкс-кампаніямі, Нацыянальным форэкс-цэнтрам патрабаванняў актаў заканадаўства ў сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння;
  • ажыццяўленне кантролю за выкананнем банкамі, Банкам развіцця патрабаванняў валютнага заканадаўства ў ходзе праверачнай дзейнасці.

Банкаўскім кодэксам замацаваны правы і паўнамоцтвы Нацыянальнага банка ў галіне:

  • прудэнцыяльнага рэгулявання дзейнасці банкаў і нагляду за ёй, ажыццяўлення нагляду за дзейнасцю банкаўскіх груп, банкаўскіх холдынгаў на кансалідаванай аснове;
  • вызначэння парадку ажыццяўлення банкамі, Банкам развіцця, лізінгавымі і мікрафінансавымі арганізацыямі, форэкс-кампаніямі, Нацыянальным форэкс-цэнтрам мер па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння;
  • ажыццяўлення валютнага кантролю ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальны банк ажыццяўляе пастаянны кантроль за выкананнем банкамі банкаўскага заканадаўства, устанаўлівае аб'ём і парадак апублікавання (прадстаўлення) інфармацыі, якая выкарыстоўваецца для ацэнкі ступені надзейнасці банкаў, а таксама кваліфікацыйныя патрабаванні і (або) патрабаванні да дзелавой рэпутацыі, што прад'яўляюцца да кандыдатаў на кіруючыя пасады ў банках, у органах кіравання банкамі.

Патрабаванні заканадаўства, прадугледжаныя для банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у галіне банкаўскага нагляду, прымяняюцца да Банка развіцця з улікам асаблівасцей, устаноўленых Нацыянальным банкам.

Атрыманая ў парадку банкаўскага нагляду інфармацыя не падлягае распаўсюджванню, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Нацыянальны банк у мэтах выяўлення сітуацый, якія пагражаюць інтарэсам укладчыкаў і іншых крэдытораў, ажыццяўляе аналіз дзейнасці банкаў. У выпадку выяўлення такіх сітуацый Нацыянальны банк мае права прымяніць меры ўздзеяння (нагляднага рэагавання), прадугледжаныя Банкаўскім кодэксам.

Асноўныя нарматыўныя дакументы,якія рэгламентуюць ажыццяўленне банкаўскага нагляду, размешчаны на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт:

Для павышэння ўстойлівасці банкаўскага сектара сфарміравана сістэма заснаваных на сусветным вопыце і рэкамендацыях Базельскага камітэта па банкаўскім наглядзе прудэнцыяльных патрабаванняў да банкаў, якая ўключае наступныя асноўныя патрабаванні:

  • дастатковасць капіталу для пакрыцця асноўных рызык банкаўскай дзейнасці (крэдытнага, рыначнага, аперацыйнага);
  • кіраванне ліквіднасцю банка і абмежаванне рызыкі ліквіднасці, уключаючы ўзгадненне патрабаванняў і абавязацельстваў банка па тэрмінах размяшчэння і прыцягнення, а таксама наяўнасць патрабаванняў да структуры актываў банка па ўзроўні ліквіднасці;
  • абмежаванне канцэнтрацыі рызык, што ўключае абмежаванне рызыкі на аднаго даўжніка, групу ўзаемазвязаных даўжнікоў, на аднаго звязанага з банкам даўжніка (інсайдара) і звязаных з ім асоб, а таксама абмежаванні агульнай сумы рызык на ўсіх інсайдараў і агульнай сумы буйных рызык;
  • стварэнне спецыяльных рэзерваў на пакрыццё магчымых страт па актывах і аперацыях, не адлюстраваных на балансе;
  • наяўнасць сістэм карпаратыўнага кіравання, кіравання рызыкамі і ўнутранага кантролю;
  • раскрыццё банкамі інфармацыі для ўдзельнікаў рынку.

Для павышэння эфектыўнасці дзейнасці банкаў Нацыянальным банкам распрацаваны патрабаванні і рэкамендацыі па арганізацыі карпаратыўнага кіравання, кіравання рызыкамі і ўнутранага кантролю ў банках, Банку развіцця, банкаўскіх групах і банкаўскіх холдынгах.

Для стварэння эфектыўнай нацыянальнай сістэмы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння распрацаваны патрабаванні да правілаў унутранага кантролю банкаў, Банка развіцця, лізінгавых і мікрафінансавых арганізацый, форэкс-кампаній, Нацыянальнага форэкс-цэнтра і рэкамендацыі па кіраванні рызыкамі ў гэтай сферы.

Арыенцірам ва ўдасканаленні прынцыпаў і інструментаў банкаўскага нагляду з'яўляецца адпаведнасць міжнародным стандартам, якія распрацоўваюцца Базельскім камітэтам па банкаўскім наглядзе і іншымі міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, паслядоўнае ўкараненне і прымяненне правераных сусветнай практыкай прынцыпаў і падыходаў да банкаўскага рэгулявання і рызыка-арыентаванага нагляду.

Акрамя нагляду за дзейнасцю банкаў на індывідуальнай і кансалідаванай аснове Нацыянальны банк у рамках сістэмнага аналізу ажыццяўляе маніторынг рызык банкаўскага сектара ў цэлым, праводзіць ацэнку ўплыву эканамічных і грашова-крэдытных фактараў на яго стабільнасць у мэтах садзейнічання надзейнаму і бяспечнаму функцыянаванню банкаўскага сектара, забеспячэнню макраэканамічнай стабільнасці, зніжэння магчымасці ўзнікнення сістэмных банкаўскіх крызісаў.

Рэалізацыя функцый нагляднага органа ў Нацыянальным банку ўскладзена на Галоўнае ўпраўленне банкаўскага нагляду і адпаведныя падраздзяленні Галоўных упраўленняў Нацыянальнага банка па абласцях.

Галоўнае ўпраўленне банкаўскага нагляду:

  • аддзел рэгістрацыі і ліцэнзавання
  • упраўленне дыстанцыйнага нагляду за сістэмаўтваральнымі банкамі
  • упраўленне дыстанцыйнага нагляду за несістэмаўтваральнымі банкамі
  • упраўленне метадалогіі фінансавага маніторынгу
  • упраўленне метадалогіі прудэнцыяльнага нагляду
  • упраўленне аналізу рызык банкаўскага сектара

Галоўнае ўпраўленне інспекцыі:

  • упраўленне ацэнкі крэдытнай рызыкі і якасці актываў
  • упраўленне ацэнкі сістэмы кіравання рызыкамі
  • упраўленне ацэнкі сістэм карпаратыўнага кіравання і ўнутранага кантролю

Рашэнні па асобных пытаннях банкаўскага нагляду прымаюцца калегіяльна адпаведнымі органамі Нацыянальнага банка.

Праўленнем Нацыянальнага банка зацвярджаюцца нарматыўныя прававыя акты ў галіне банкаўскага нагляду, прымаюцца рашэнні аб дзяржаўнай рэгістрацыі, рэарганізацыі і ліквідацыі банкаў, выдачы спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці, рэгуляванні дзейнасці банкаў у мэтах бяспечнага і ліквіднага яе ажыццяўлення, а таксама вызначаюцца парадак фарміравання рэзерваў банкаў і парадак прымянення да банкаў мер уздзеяння (мер нагляднага рэагавання).

Камітэт па наглядзе Нацыянальнага банка з'яўляецца калегіяльным органам, які забяспечвае падрыхтоўку ўзгодненых пазіцый для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў па пытаннях у галіне банкаўскага нагляду і банкаўскіх аперацый. Старшынёй гэтага камітэта з'яўляецца намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка, які накіроўвае дзейнасць Галоўнага ўпраўлення банкаўскага нагляду.

Рашэнні Камітэта па наглядзе Нацыянальнага банка з'яўляюцца абавязковымі для выканання структурнымі падраздзяленнямі Нацыянальнага банка. Задачамі Камітэта па наглядзе Нацыянальнага банка ў частцы ажыццяўлення банкаўскага нагляду з'яўляюцца:

  • разгляд вынікаў праверак банкаў, адкрытага акцыянернага таварыства "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый (далей – банкаў);
  • разгляд вынікаў дыстанцыйнага аналізу дзейнасці банкаў, у тым ліку вынікаў аператыўнага маніторынгу выканання банкамі нарматываў бяспечнага функцыянавання, іншых прудэнцыйных патрабаванняў і індыкатыўных параметраў, устаноўленых Нацыянальным банкам, Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь;
  • разгляд вынікаў аналізу перспектыўных метадалагічных падыходаў да ацэнкі капіталу і рызык банкаў, прапаноў па іх укараненні ў якасці прудэнцыйных патрабаванняў;
  • вызначэнне мерапрыемстваў, накіраваных на ўдасканаленне банкаўскага нагляду.

Нацыянальны банк таксама з'яўляецца членам Групы банкаўскіх наглядальнікаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (BSCEE), у склад якой уваходзяць органы банкаўскага нагляду 24 дзяржаў. Асноўнымі мэтамі дзейнасці Групы банкаўскіх наглядальнікаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы з'яўляюцца падтрыманне цеснага супрацоўніцтва паміж нагляднымі органамі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы; аказанне дапамогі ў правядзенні даследаванняў, выкананні адукацыйных праграм і ажыццяўленні іншых мерапрыемстваў, звязаных з дзейнасцю членаў Групы; забеспячэнне магчымасці абмену вопытам у галіне метадалогіі і практыкі банкаўскага нагляду і іншай актуальнай інфармацыяй.

У адпаведнасці з рэкамендацыямі Базельскага камітэта па банкаўскім наглядзе Нацыянальны банк праводзіць актыўную работу па заключэнні двухбаковых пагадненняў з органамі банкаўскага нагляду іншых дзяржаў. Гэтыя пагадненні арыентаваны на абмен інфармацыяй у сферы стварэння і ліцэнзавання дзейнасці трансгранічных устаноў, нагляду за іх бягучай дзейнасцю, правядзення праверак, прыняцця рашэнняў аб выдачы дазволу на набыццё акцый крэдытнай арганізацыі ў мэтах эфектыўнага выканання органамі банкаўскага нагляду сваіх функцый і стабільнага функцыянавання банкаўскіх сістэм. На 1 студзеня 2017 г. Нацыянальным банкам падпісана 17 двухбаковых пагадненняў у галіне трансгранічнага банкаўскага нагляду.