Крэдытны рэгістр

Крэдытны рэгістр

Крэдытны рэгістр – аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма Нацыянальнага банка, якая забяспечвае фарміраванне крэдытных гісторый, іх захоўванне і прадастаўленне крэдытных справаздач.

Што такое крэдытная гісторыя?

Крэдытная гісторыя – гэта звесткі, якія характарызуюць суб'екта крэдытнай гісторыі і выкананне прынятых ім на сябе абавязацельстваў па крэдытных здзелках. Адносіны, звязаныя з крэдытнымі гісторыямі, рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб крэдытных гісторыях», які накіраваны на ўмацаванне плацежнай дысцыпліны і павышэнне зацікаўленасці фізічных і юрыдычных асоб у выкананні сваіх абавязацельстваў па крэдытных здзелках. Крэдытную гісторыю маюць усе фізічныя і юрыдычныя асобы, якія заключылі крэдытную здзелку з банкам або мікрафінансавай арганізацыяй. Звесткі, якія ўваходзяць у склад крэдытнай гісторыі, прадастаўляюцца ў выглядзе крэдытных справаздач.

Што з'яўляецца крэдытнай здзелкай?

Крэдытная здзелка – гэта крэдытны дагавор, дагавор авердрафтнага крэдытавання, а таксама дагаворы пазыкі, закладу, гарантыі і паручыцельства, якія фізічныя і юрыдычныя асобы заключаюць з банкамі і мікрафінансавымі арганізацыямі (МФА). Вынікам такой здзелкі з'яўляецца тое, што кліент выступае як крэдытаатрымальнік, пазычальнік, залогадавальнік, гарант альбо паручыцель. У любой з гэтых якасцей фізічныя і юрыдычныя асобы заключаюць з банкам або мікрафінансавай арганізацыяй дагавор, тым самым уступаюць з імі ў праваадносіны і з’яўляюцца суб'ектамі крэдытнай гісторыі, а банк або мікрафінансавая арганізацыя – крыніцай фарміравання крэдытнай гісторыі.

Хто «піша» крэдытную гісторыю?

Крэдытныя гісторыі фарміруюцца ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь. Звесткі для крэдытнай гісторыі аб заключаных крэдытных здзелках і аб выкананні абавязацельстваў па іх накіроўваюць у Нацыянальны банк банкі, некрэдытныя фінансавыя арганізацыі, мікрафінансавыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь на працягу 5 банкаўскіх дзён з моманту ажыццяўлення аперацыі. Інфармацыя абнаўляецца ў рэжыме анлайн, звесткі, адпраўленыя крыніцай фарміравання крэдытнай гісторыі ў Нацыянальны банк, адразу адлюстроўваюцца ў крэдытнай гісторыі. Нацыянальны банк апрацоўвае звесткі аб крэдытных здзелках, якія паступаюць, фарміруе і захоўвае крэдытныя гісторыі ў Крэдытным рэгістры.

Што ўтрымліваецца ў крэдытнай гісторыі?

    У крэдытнай гісторыі ўтрымліваюцца наступныя звесткі:

  • агульныя звесткі аб фізічнай або юрыдычнай асобе: прозвішча, імя, імя па бацьку, ідэнтыфікацыйны нумар, дата нараджэння, грамадзянства, месца рэгістрацыі – для фiзiчнай асобы; найменне, АДР, УНП, месца знаходжання, асноўны від дзейнасці – для юрыдычнай асобы;
  • умовы заключаных дагавораў – банк, мікрафінансавая арганізацыя, з якімі заключаны дагаворы, нумары і даты дагавораў, сумы і валюты дагавораў, тэрмін дзеяння дагавораў;
  • звесткі аб выкананні кліентамі перад банкам, мікрафінансавай арганізацыяй сваіх абавязацельстваў па гэтым дагаворы – гісторыя пагашэння атрыманых крэдытаў, дапушчэнне пратэрміноўкі па крэдытах, авердрафтах і пазыках, пагашэнне дапушчанай пратэрміноўкі, звесткі аб выкананні дагавораў паручыцельства, гарантыі і залог;
  • звесткі аб спыненні дагавора.

Што такое крэдытная справаздача?

Нацыянальны банк па запытах прадастаўляе інфармацыю ў выглядзе крэдытных справаздач, сфарміраваных на падставе звестак, якія ўваходзяць у крэдытную гісторыю. У крэдытную справаздачу фізічных асоб таксама ўключаецца скорынгавая ацэнка крэдытнай гісторыі. Гэта сістэма прысваення балаў суб'екту крэдытнай гісторыі, якая характарызуе здольнасць кліента пагасіць ізноў прадастаўлены яму крэдыт. Балы разлічваюцца на падставе наяўнай крэдытнай інфармацыі аб паводзінах усіх крэдытаатрымальнікаў у мінулых перыядах з выкарыстаннем статыстычнай мадэлі і матэматычнага алгарытму.

Што ўплывае на скорынгавую ацэнку крэдытнай гісторыі?

У крэдытнай справаздачы скорынгавая адзнака прадстаўлена трыма пазіцыямі:

  • клас рэйтынгу (ад A да F). Класы лягчэй параўноўваць, яны больш зразумелыя як для карыстальнікаў крэдытных гісторый, так і для суб'ектаў;
  • скорбал – выніковая адзнака ў балах (ад 0 да 400), якая разлічваецца на аснове матэматычнай формулы, выведзенай у выніку статыстычнай апрацоўкі гістарычных звестак базы даных Крэдытнага рэгістра;
  • PPD – верагоднасць дапушчэння пратэрміноўкі больш за 90 дзён на працягу наступных 12 месяцаў на суму больш за 39,00 бел. руб. (ад 0% да 100%).

Класы рэйтынгаў могуць прымаць наступныя значэнні:

Клас рэйтынгу>Скорбал <=Скорбал PPD мінPPD макс.
A13750,00%0,25%
A23503750,25%0,39%
A33253500,39%0,60%
B13003250,60%0,92%
B22753000,92%1,41%
B32502751,41%2,16%
C12252502,16%3,30%
C22002253,30%4,99%
C31752004,99%7,50%
D11501757,50%11,11%
D212515011,11%16,16%
D310012516,16%22,92%
E17510022,92%31,44%
E2507531,44%41,42%
E35041,42%
FБягучая пратэрмінаваная запазычанасць працягласцю больш за 90 дзён на суму больш за 13,00 бел. руб.

Скорынгавая мадэль пабудавана на аснове статыстычных даных Крэдытнага рэгістра Нацыянальнага банка за мінулыя гады, у мадэлі адсутнічаюць экспертныя заключэнні або іншыя якія-небудзь суб'ектыўныя меркаванні. На разлік скорбала ўплывае інфармацыя аб пратэрмінаванай запазычанасці (колькасць дзён пратэрмінаванай запазычанасці, час з моманту пагашэння апошняй пратэрмінаванай запазычанасці і інш.), запытах карыстальнікаў крэдытнай гісторыі, колькасці і тыпе дагавораў, адноснай долі неаплачанай сумы пазыковых сродкаў, дэмаграфічная інфармацыя і інш. Адпаведна, скорынгавая адзнака з часам можа паляпшацца.

Што зніжае скорбал?

  • "Маладая" крэдытная гісторыя па крэдытных здзелках, заключаных з банкамі. Ацэньваецца колькасць дзён з моманту заключэння першай крэдытнай здзелкі. Чым менш дзён прайшло, тым ніжэйшы бал.
  • Колькасць запытаў карыстальнікаў. Чым больш запытаў за невялікі прамежак часу, тым ніжэйшы бал.
  • Колькасць дзеючых спажывецкіх і авердрафтных дагавораў. Чым больш такіх дагавораў, тым ніжэйшы бал.
  • Нядаўна заключаныя спажывецкія і авердрафтныя дагаворы. Чым менш часу прайшло з моманту заключэння дагавора, тым ніжэйшы скорбал.
  • Звесткі аб пратэрміноўках: іх працягласці і сумах.

Скорбал не разлічваецца ў наступных выпадках:

  • адсутнічае крэдытная гісторыя;
  • устарэлая гісторыя – за апошнія 5 гадоў не было ніводнага дзеючага дагавора, заключанага з банкам;
  • на працягу апошніх 2 гадоў былі дагаворы, заключаныя з банкамі, спыненыя па рашэнні суда.

Пры разліку скорбала выкарыстоўваюцца звесткі за апошнія 5 гадоў па заключаных крэдытных здзелках з банкамі, звесткі аб заключаных крэдытных здзелках з мікрафінансавымі арганізацыямі не выкарыстоўваюцца.

Хто мае доступ да крэдытнай гісторыі?

Нацыянальны банк прадастаўляе даныя з Крэдытнага рэгістра ў выглядзе крэдытных справаздач таму, хто мае права на атрыманне такой інфармацыі. Па Законе адным з асноўных прынцыпаў фарміравання крэдытных гісторый і прадастаўлення крэдытных справаздач з'яўляецца забеспячэнне банкаўскай тайны. Без згоды суб'екта крэдытнай гісторыі запытаць крэдытную справаздачу маюць права толькі суды, праваахоўныя органы і іншыя асобы ў асобных выпадках, прадугледжаных заканадаўствам. Карыстальнікі крэдытнай гісторыі (банкі, МФА, лізінгавыя арганізацыі і інш.) атрымліваюць доступ да гэтых звестак толькі пасля пісьмовай згоды пазычальніка. Крэдытная гісторыя з'яўляецца інструментам для ацэнкі карыстальнікамі крэдытнай гісторыі плацежнай дысцыпліны кліента.

Як крэдытная гісторыя ўплывае на атрыманне крэдыту?

Банкі па сваім меркаванні выкарыстоўваюць звесткі крэдытнай справаздачы і самастойна прымаюць рашэнне аб выдачы крэдыту на аснове ўласных крытэрыяў ацэнкі крэдытнай гісторыі. Забарона на крэдытаванне нідзе ў крэдытнай справаздачы не прастаўляецца – ні прама, ні ўскосна. «Чорныя спісы» ў Крэдытным рэгістры не існуюць. Як правіла, банкі адмаўляюць у далейшым крэдытаванні таму, у каго ўжо ёсць працяглыя і буйныя па сумах пратэрміноўкі па крэдытах.

Звесткі аб пратэрмінаваных плацяжах не ўключаюцца ў крэдытную справаздачу, якая прадастаўляецца банкам і іншым карыстальнікам крэдытнай гісторыі, праз 5 гадоў пасля пагашэння запазычанасці, а непагашаныя сумы адлюстроўваюцца ў крэдытнай справаздачы на працягу 45 гадоў.

Чаму банк адмовіў у выдачы крэдыту?

У адпаведнасці з пунктам 13 Інструкцыі аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння), зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 г. № 149, перад заключэннем крэдытнага дагавора банк абавязаны ацаніць крэдытаздольнасць заяўніка, пасля чаго ўпаўнаважаным органам банка або работнікам банка прымаецца рашэнне аб прадастаўленні крэдыту.

Згодна з артыкулам 141 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь крэдытадаўца мае права адмовіцца ад заключэння крэдытнага дагавора пры наяўнасці звестак аб тым, што прадастаўленая крэдытаатрымальніку сума крэдыту не будзе вернута (пагашана) у тэрмін, а таксама пры наяўнасці іншых падстаў, здольных паўплываць на выкананне крэдытаатрымальнікам абавязацельстваў па крэдытным дагаворы або прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, вырашэнне пытання аб прадастаўленні крэдыту адносіцца да кампетэнцыі непасрэдна банка, які крэдытуе, з улікам патрабаванняў лакальных нарматыўных прававых актаў, якія распрацоўваюцца банкамі самастойна ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Ацэнка крэдытаздольнасці крэдытаатрымальніка ажыццяўляецца банкам на падставе шматфактарнага аналізу і можа прадугледжваць выкарыстанне і аналіз банкамі звестак, якiя ўтрымлiваюць крэдытныя гісторыі.

Такім чынам, крэдытная гісторыя з'яўляецца інфармацыйнай крыніцай, якая выкарыстоўваецца банкамі пры прыняцці рашэння па прадастаўленні крэдыту, і не валодае забароннай ці дазвольнай функцыяй, а таксама не ўтрымлівае рэкамендацый. Нацыянальны банк не валодае інфармацыяй аб прычынах, якія прывялі да адмовы банкаў у прадастаўленні крэдытных сродкаў. Для высвятлення прычыны адмовы ў прадастаўленні крэдыту неабходна звяртацца непасрэдна ў банк, які разглядае заяўку на крэдыт.

Ці можна атрымаць інфармацыю пра сваю крэдытную гісторыю?

Атрымаць крэдытную справаздачу можна ў электронным выглядзе праз Вэб-партал Крэдытнага рэгістра www.creditregister.by. Для гэтага неабходна прайсці ідэнтыфікацыю ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі (папярэдне зарэгістраваўшыся па адрасе https://ipersonal.raschet.by/) або ў сістэме дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання ААТ "Белгазпрамбанк".

Для атрымання крэдытнай справаздачы на папяровым носьбіце трэба звярнуцца ў Нацыянальны банк па ўказаных адрасах.

Колькасць зваротаў па крэдытную справаздачу не абмежавана. Адзін раз на працягу каляндарнага года крэдытная справаздача прадастаўляецца бясплатна, усе наступныя звароты – платныя.

Карыстальнік крэдытнай гісторыі, які атрымаў вашу крэдытную гісторыю на падставе прадастаўленай вамі згоды, абавязаны па вашым патрабаванні бязвыплатна прадаставіць вам магчымасць азнаёміцца са зместам вашай крэдытнай справаздачы.

Ці можна атрымаць крэдытную гісторыю блізкага сваяка?

Атрымаць крэдытную гісторыю можа альбо сам суб'ект крэдытнай гісторыі, альбо яго давераная асоба на падставе натарыяльна засведчанай даверанасці. Пры гэтым ніякія звесткі з крэдытнай гісторыі не прадастаўляюцца па тэлефоне.

Як змяніць сваю крэдытную гісторыю?

Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2008 года “Аб крэдытных гісторыях” працэдур выпраўлення дакладных звестак, якія ўваходзяць у склад крэдытнай гісторыі, не прадугледжвае.

Унесці змяненні ў крэдытную гісторыю можна толькі пры ўмове, калі ў яе ўключаны памылковыя звесткі. У гэтым выпадку неабходна звярнуцца ў банк (МФА), з якім заключаны дагавор, або запоўніць заяву аб унясенні змяненняў у крэдытную гісторыю ў Нацыянальным банку ці праз Вэб-партал Крэдытнага рэгістра www.creditregister.by. Тэрмін разгляду заявы складае 30 дзён.

Напрыклад, калі ў крэдытнай гісторыі не зафіксавана дата спынення дагавора або пагашэнне крэдыту па дагаворы, які фактычна выкананы кліентам, неабходна, каб банк прадаставіў гэтыя звесткі для ўнясення іх у крэдытную гісторыю, а не проста выдаў кліенту даведку аб адсутнасці запазычанасці па крэдыце.

Крэдытная справаздача, якую кліент запытвае пасля змянення недакладных звестак на падставе яго заявы, пададзенай у Нацыянальны банк, прадастаўляецца бясплатна.

Як змяніць персанальныя даныя (звесткі пра нумар тэлефона, пра адрас месца жыхарства і адрас месца рэгістрацыі) на вэб-партале Крэдытнага рэгістра?

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2008 г. "Аб крэдытных гісторыях" у склад крэдытнай гісторыі не ўключаюцца звесткі пра нумар тэлефона, пра адрас месца жыхарства і адрас месца рэгістрацыі.

Па пытаннях, звязаных з Вашымі персанальнымі данымі, якія захоўваюцца ў Міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі (далей – МСІ), Вы можаце звярнуцца да ўладальніка МСІ – ААТ "Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя "АРІП" з дапамогай адрасацыі пытання на электронны адрас msi@raschet.by альбо па тэлефоне 141.

Крэдытная гісторыя – не інструмент абмежавання

У Нацыянальны банк часта звяртаюцца з пытаннем, ці можна паставіць у крэдытнай гісторыі паметку пра тое, каб сваяку не прадастаўлялі крэдыты, калі ён злоўжывае алкаголем, не вяртае раней атрыманыя крэдыты, псіхічна не здаровы або па нейкіх іншых прычынах. Нацыянальны банк не ставіць ніякіх паметак у крэдытнай гісторыі пра забарону крэдытавання гэтай фізічнай асобы, у тым ліку не робіць адзнак аб недзеяздольнасці, псіхічным здароўі і таму падобныя адзнакі.

У адпаведнасці з артыкуламі 29, 30 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь асоба прызнаецца недзеяздольнай або абмежавана дзеяздольнай у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, з моманту ўваходжання ў законную сілу рашэння суда. Такім чынам, Нацыянальны банк не мае права абмежаваць каго-небудзь у яго правах, якiя прадугледжаны заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.


Кантактная інфармацыя:

Па пытаннях фарміравання справаздачнасці 2501 і атрымання крэдытных справаздач:

  • т. 218-38-80, 218-38-81

Па пытаннях фарміравання і апрацоўкі заявак на ўнясенне змяненняў у крэдытныя гісторыі па форме 20001:

  • т. 218-38-82

Па пытаннях прадастаўлення правоў доступу да крэдытнага рэгістра:

  • т. 218-38-82, 218-38-83

Па пытаннях функцыянавання праграмнага забеспячэння Крэдытнага рэгістра:

  • т.259-15-56, 259-15-57

Па пытаннях абароны інфармацыі (выдача / падаўжэнне / спынення тэрміну дзеяння сертыфікатаў (СКЗИ), рэгістрацыя / сінхранізацыя каналаў з серверамі прыкладанняў):

  • т.259-14-71, 226-73-48

Паштовая скрыня для электронных паведамленняў па тэхнічных пытаннях:


Упраўленне "Крэдытны рэгістр" размяшчаецца па адрасе: вул. Талстога, д. 6, 220007, г. Мінск.
Паштовы адрас: пр-т Незалежнасці, 20, 220008.

Прадастаўленне крэдытных справаздач суб'ектам крэдытных гісторый у выглядзе дакумента на папяровым носьбіце Упраўленнем "Крэдытны рэгістр" ажыццяўляецца:

панядзелак – чацвер з 8-30 да 12-20, з 13-15 да 17-20
пятніца з 8-30 да 12-20, з 13-15 да 16-00

Падтрымка карыстальнікаў Крэдытнага рэгістра ажыццяўляецца:

панядзелак – чацвер з 8-30 да 17-30,
пятніца з 8-30 дз 16-15,
абед з 12-30 па 13-15.