НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Аб парадку вядзення касавых аперацый (акрамя банкаў)

Пытанне: Ці існуе ў Рэспубліцы Беларусь абмежаванне памеру разлікаў наяўнымі грашыма паміж юрыдычнымі асобамі, іх адасобленымі падраздзяленнямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі?

Адказ: Парадак і памер разлікаў паміж юрыдычнымі асобамі, іх адасобленымі падраздзяленнямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызначаны ў Інструкцыі аб парадку вядзення касавых аперацый і парадку разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі ў беларускіх рублях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусьpdf, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2011 г. № 107.

Разлікі наяўнымі грашыма паміж юрыдычнымі асобамі, іх адасобленымі падраздзяленнямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца ў агульнай суме не больш за 100 базавых велічынь на працягу аднаго дня, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых вышэйназванай Інструкцыяй.

Указаныя абмежаванні не распаўсюджваюцца на разлікі з фізічнымі асобамі.


Пытанне: Юрыдычная асоба займаецца рознічным гандлем, у яе структуру ўваходзяць цэнтральны офіс і павільён. У павільёне для прыёму наяўных грошай выкарыстоўваецца толькі адзін касавы падсумоўваючы апарат. Выручка павільёна ў поўным аб'ёме здаецца ў касу банка, абмінаючы цэнтральную касу офіса, ніякіх расходных аперацый павільёнам не праводзіцца. Ці трэба весці ў павільёне касавую кнігу ў гэтым выпадку?

Адказ: Неабходнасць вядзення касавай кнігі юрыдычнымі асобамі прадугледжана пунктам 50 Інструкцыі аб парадку вядзення касавых аперацый і парадку разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі ў беларускіх рублях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь pdf, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2011 г. № 107.

Падраздзяленне (павільён) мае права весці касавую кнігу. Пры гэтым юрыдычныя асобы самастойна вызначаюць неабходнасць вядзення касавай кнігі ўсімі сваімі падраздзяленнямі ці некаторымі з іх.

Што датычыцца гэтай сітуацыі, калі ў павільёне выкарыстоўваецца касавы апарат, выручка павільёна ў поўным аб'ёме здаецца ў касу банка, абмінаючы цэнтральную касу офіса, ніякіх расходных аперацый павільёнам не праводзіцца, лічым мэтазгодным весці кнігу касіра. Здача выручкі ў банк афармляецца адпаведным запісам у кнізе касіра. Пры гэтым пацвярджэннем здачы выручкі ў банк самастойна будзе з'яўляцца квітанцыя да аб'явы на ўзнос наяўнымі грашыма, а пры здачы выручкі работнікам службы інкасацыі – суправаджальныя ведамасці.

Пры ажыццяўленні ў павільёне расходных касавых аперацый лічым мэтазгодным весці касавую кнігу і адпаведна афармляць расходныя касавыя ордары.


Пытанне: Юрыдычная асоба мае пастаянную выручку ў невялікіх аб'ёмах. Ці можа юрыдычная асоба ўстанавіць тэрмін здачы выручкі ў банк адзін раз у тыдзень?

Адказ: У адпаведнасці з часткай першай пункта 10 Інструкцыі аб парадку вядзення касавых аперацый і парадку разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі ў беларускіх рублях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь pdf, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2011 г. № 107, юрыдычным асобам, падраздзяленням, індывідуальным прадпрымальнікам, якія адкрылі бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі, прадастаўлена права самастойна ў пісьмовай форме вызначаць парадак і тэрміны здачы наяўных грошай у банк.

Тэрміны здачы выручкі могуць быць устаноўлены як штодзённыя, так і адзін раз у некалькі дзён або адзін раз у месяц і г. д.

Пры вызначэнні юрыдычнай асобай, падраздзяленнем, індывідуальным прадпрымальнікам, які адкрыў бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак, парадку і тэрмінаў здачы і парадку расходавання наяўных грошай у банк узгаднення з Нацыянальным банкам альбо з банкам, які абслугоўвае, не патрабуецца.


Пытанне: Ці мае права юрыдычная асоба, індывідуальны прадпрымальнік расходаваць наяўныя грошы, якія паступілі ў іх касы?

Адказ: Згодна з пунктам 7 Інструкцыі аб парадку вядзення касавых аперацый і парадку разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі ў беларускіх рублях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь pdf, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2011 г. № 107 (далей – Інструкцыя № 107), юрыдычныя асобы расходуюць наяўныя грошы, якія паступілі ў касу, для правядзення бягучых аперацый (напрыклад, на аплату працы, правядзенне разлікаў наяўнымі грашыма з іншымі юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і інш.) пры выкананні патрабаванняў пунктаў 8, 9 і 11 Інструкцыі № 107. Парадак і памер выкарыстання наяўных грошай не патрабуе ўстанаўлення ў рашэнні юрыдычнай асобы.

Наяўныя грошы, што паступілі ў касу юрыдычнай асобы, падраздзялення, індывідуальнага прадпрымальніка, які адкрыў бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак, у перыяд паміж устаноўленымі тэрмінамі іх здачы ў банк, могуць знаходзіцца ў касе юрыдычнай асобы, падраздзялення, індывідуальнага прадпрымальніка, які адкрыў бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак, і выкарыстоўвацца для правядзення любых бягучых аперацый (пункт 7 Інструкцыі № 107).

Згодна з пунктам 11 Інструкцыі № 107 у дзень наступлення тэрміну здачы наяўных грошай у банк наяўныя грошы павінны быць здадзены ў банк у поўным памеры за вылікам расходаў, якія падлягаюць выплаце ў гэты дзень (напрыклад, выплата заработнай платы, ажыццяўленне разлікаў наяўнымі грашыма паміж юрыдычнымі асобамі, іх адасобленымі падраздзяленнямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і інш.), а таксама за вылікам устаноўленага, пры неабходнасці, у адпаведнасці з пунктам 14 Інструкцыі № 107 памеру патрэбы ў разменных наяўных грошах на кожнае працоўнае месца касіра, упаўнаважаную асобу.



Пытанне: У адпаведнасці з заканадаўствам з 1 ліпеня па 31 снежня 2016 г. грашовыя знакі ўзору 2000 года і грашовыя знакі ўзору 2009 года будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні. Як у такой сітуацыі запаўняецца касавая кніга?

Адказ: Усе аперацыі паступленняў і выдач наяўных грошай у касах суб’ектаў гаспадарання ў перыяд паралельнага абарачэння грашовых знакаў узору 2000 года і грашовых знакаў узору 2009 года павінны адлюстроўвацца ў новай намінальнай вартасці незалежна ад таго, якога ўзору грашовыя знакі – банкноты старога ўзору або грашовыя знакі новага ўзору – паступаюць у касы суб’ектаў гаспадарання.

З 1 ліпеня 2016 г. вартасныя паказчыкі ў касавай кнізе запаўняюцца ў грашовых знаках узору 2009 года (у рублях і капейках). Пры запаўненні адаведных граф касавай кнігі дробная частка сумы (капейкі) аддзяляецца ад цэлай часткі кропкай або коскай. Калі ў суме адсутнічае дробная частка (капейкі), пасля кропкі ці коскі прастаўляюцца лічбы “00”.

Пры гэтым найменні граф касавай кнігі “Прыход, рублёў”, “Расход, рублёў” не мяняюцца.

Запісы ў касавую кнігу ўносяцца на аснове прыходных і расходных касавых ордараў (пункт 51 Інструкцыі аб парадку вядзення касавых аперацый і парадку разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі ў беларускіх рублях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2011 г. № 107), якія з’яўляюцца пярвічнымі ўліковымі дакументамі па афармленні касавых аперацый.

З 1 ліпеня 2016 г. прымяняюцца новыя формы прыходных і расходных касавых ордараў, зацверджаныя пастановай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2016 г. № 44 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2010 г. № 38”.

Згодна з пастановай № 44, зменены парадак указання сум у формах касавых ордараў, якія афармляюцца пры здзяйсненні аперацый з наяўнымі беларускімі рублямі. Сумы лічбамі ў графе “Сума, руб. кап.” у гэтых дакументах указваюцца з двума знакамі пасля коскі. У той жа час у радку “Сума ПДВ” прыходнага касавага ордара прапісваюцца лічбамі асобна рублі і асобна капейкі. Сумы пропіссю ўказваюцца наступным чынам: рублі – словамі, капейкі – лічбамі.

Міністэрства фінансаў дало адпаведнае тлумачэнне па афармленні пярвічных уліковых дакументаў (пісьмо ад 30.06.2016 № 15-1-6/595), размешчанае на афіцыйным інтэрнэт-сайце Міністэрства фінансаў: www.minfin.gov.by.