НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Аб змяненні памеру працэнтаў за карыстанне крэдытам

Парадак прадастаўлення банкамі грашовых сродкаў у форме крэдыту рэгламентаваны Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей – БК), Інструкцыяй аб парадку прадастаўлення (размяшчэння) банкамі грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх звароту, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2003 г. № 226 (далей – Інструкцыя № 226).

У адпаведнасці з артыкулам 22 БК узаемаадносіны банкаў з кліентамі будуюцца на аснове банкаўскага заканадаўства і заключаных дагавораў. Згодна з артыкулам 137 БК па крэдытным дагаворы банк або нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя (крэдытадавец) абавязваюцца прадаставіць грашовыя сродкі (крэдыт) іншай асобе (крэдытаатрымальніку) у памеры і на ўмовах, вызначаных дагаворам, а крэдытаатрымальнік абавязваецца вярнуць (пагасіць) крэдыт і выплаціць працэнты за карыстанне ім.

Згодна з артыкулам 140 БК памер працэнтаў за карыстанне крэдытам належыць да істотных умоў крэдытнага дагавора.

У адпаведнасці з артыкулам 145 БК памер працэнтаў за карыстанне крэдытам можа вызначацца з прымяненнем фіксаванай гадавой працэнтнай стаўкі альбо пераменнай гадавой працэнтнай стаўкі. Памер фіксаванай гадавой працэнтнай стаўкі прадугледжваецца ў крэдытным дагаворы пры яго заключэнні і з'яўляецца пастаянным на працягу тэрміну дзеяння крэдытнага дагавора. Памер пераменнай гадавой працэнтнай стаўкі мяняецца ў парадку, узгодненым бакамі пры заключэнні крэдытнага дагавора, і не можа быць зменены ў аднабаковым парадку.

Такім чынам, пры змяненні памеру пераменнай гадавой працэнтнай стаўкі ў парадку, прадугледжаным у крэдытным дагаворы, заключэнне бакамі дадатковага пагаднення не патрабуецца. Разам з тым, калі адзін з бакоў крэдытнага дагавора мае намер устанавіць іншы парадак змянення пераменнай гадавой працэнтнай стаўкі, то ён не можа быць зменены ў аднабаковым парадку, і неабходна заключэнне дадатковага пагаднення да крэдытнага дагавора.

Пры прымяненні ў крэдытным дагаворы фіксаванай гадавой працэнтнай стаўкі згодна з часткай 3 артыкула 145 БК яе памер з'яўляецца пастаянным на працягу тэрміну дзеяння гэтага крэдытнага дагавора і можа быць зменены толькі па пагадненні бакоў на падставе дадатковага пагаднення да крэдытнага дагавора.

У адпаведнасці з пунктам 26 Інструкцыі № 226 тэрмін, на працягу якога крэдытаатрымальнік абавязаны, калі гэта прадугледжана крэдытным дагаворам, датэрмінова вярнуць (пагасіць) крэдыт у выпадку невыканання ім умовы крэдытнага дагавора аб заключэнні да яго дадатковага пагаднення аб павелічэнні памеру працэнтаў за карыстанне крэдытам, павінен складаць не менш за тры месяцы з дня прад'яўлення банкам-крэдытадаўцам патрабавання аб датэрміновым звароце (пагашэнні) крэдыту.

Пункт 6-1 Інструкцыі № 226 абавязвае банк да заключэння крэдытнага дагавора і дадатковага пагаднення да крэдытнага дагавора, звязанага са змяненнем сумы (памеру) грашовых абавязацельстваў крэдытаатрымальніка і (або) тэрміну іх выплаты, прадставіць заяўніку (крэдытаатрымальніку) – фiзiчнай асобе, у тым ліку індывідуальнаму прадпрымальніку, у пісьмовай форме інфармацыю аб умовах крэдытавання. Пры гэтым заяўнік (крэдытаатрымальнік) прадастаўляе банку пісьмовае датаванае пацверджанне, падпісанае ўласнаручна або ўпаўнаважанай ім асобай, аб азнаямленні з інфармацыяй аб умовах крэдытавання.