НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Аб змяненні працэнтных ставак па банкаўскіх укладах (дэпазітах)

Банкаўская дзейнасць мае сваю спецыфіку: банкі прыцягваюць часова свабодныя грашовыя сродкі насельніцтва і прадпрыемстваў і прадастаўляюць іх у якасці крэдытаў тым кліентам, якія маюць патрэбу ў грашовых сродках.

Банкі самастойна вызначаюць умовы заключэння здзелак з кліентамі і ўстанаўліваюць узровень працэнтных ставак па банкаўскіх укладах (дэпазітах), зыходзячы з узроўню стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, стану грашовага рынку, уласнай дэпазітнай палітыкі і неабходнасці забеспячэння даступнасці крэдытаў. Па асобных відах банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) памер працэнтных ставак вызначаецца тэрмінам укладу (дэпазіту), сумай, частатой выплаты даходу, аб'ёмам і характарам спадарожных паслуг, нарэшце, залежыць ад захавання кліентам умоў дагавора.

Нацыянальны банк не ўмешваецца ў дагаворныя адносіны банкаў і іх кліентаў, з'яўляецца рэгулятарам грашова-крэдытнага рынку і выкарыстоўвае розныя метады, каб забяспечыць абарону захаванасці рублёвых зберажэнняў ад інфляцыі.

Згодна з Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей – БК), памер працэнтаў па ўкладзе (дэпазіце) можа быць зменены па пагадненні бакоў, калі іншае не прадугледжана дагаворам (артыкул 187 БК).

У выпадку змяншэння стаўкі рэфінансавання, якая ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам, укладаатрымальнік мае права ў аднабаковым парадку, калі гэта прадугледжана дагаворам банкаўскага ўкладу (дэпазіту), паменшыць памер працэнтаў, што выплачваюцца па ўкладзе (дэпазіце) у афіцыйнай грашовай адзінцы Рэспублікі Беларусь (беларускіх рублях), з папярэднім паведамленнем аб гэтым укладчыка.

Пры гэтым у выпадку змяншэння ўкладаатрымальнікам памеру працэнтаў па ўкладзе (дэпазіце) новы іх памер прымяняецца да ўкладу (дэпазіту), занесенага да паведамлення ўкладчыка аб памяншэнні памеру працэнтаў у рэспубліканскіх друкаваных сродках масавай інфармацыі, якія з'яўляюцца афіцыйнымі выданнямі, ці іншым спосабам, прадугледжаным дагаворам банкаўскага ўкладу (дэпазіту), па заканчэнні тэрміну не менш за адзін месяц з дня паведамлення.

Такім чынам, трэба ўважліва вывучаць ўмовы дагавора банкаўскага ўкладу (дэпазіту), у тым ліку звяртаючы асаблівую ўвагу на наступныя моманты: працэнтная стаўка па ўкладзе (дэпазіце) з'яўляецца фіксаванай або банк мае права змяніць яе ў аднабаковым парадку, а таксама на памер працэнтнай стаўкі, у тым ліку пры датэрміновым зняцці ўкладу (калі Вы вырашыце скасаваць дзеючы дагавор і заключыць новы). У выпадку ўзнікнення цяжкасцей з разуменнем умоў дагавора банкаўскага ўкладу (дэпазіту) звяртайцеся да кансультантаў банка за тлумачэннямі і дапамогай.