НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Аб атрыманні крэдыту ў банках Рэспублікі Беларусь

Згодна з артыкулам 22 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь узаемаадносіны банкаў з кліентамі ствараюцца на аснове банкаўскага заканадаўства і заключаных дагавораў. Банкі самастойна вызначаюць умовы заключэння здзелак, якія не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Праваадносіны банкаў і кліентаў па прадастаўленні крэдыту рэгулююцца крэдытным дагаворам. У адпаведнасці з артыкулам 137 БК па крэдытным дагаворы банк або нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя (крэдытадавец) абавязваюцца прадаставіць грашовыя сродкі (крэдыт) іншай асобе (крэдытаатрымальніку) у памеры і на ўмовах, вызначаных дагаворам, а крэдытаатрымальнік бярэ абавязацельствы вярнуць (пагасіць) крэдыт і выплаціць працэнты за карыстанне ім.

У адпаведнасці з пунктам 2 Інструкцыі аб парадку прадастаўлення (размяшчэння) банкамі грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх звароту, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2003 г. № 226 (далей – Інструкцыя № 226), пад крэдытаваннем разумеецца прадастаўленне (размяшчэнне) банкам (крэдытадаўцам) крэдыту ад свайго імя і за свой кошт на ўмовах зваротнасці, платнасці і тэрміновасці з заключэннем паміж крэдытадаўцам і крэдытаатрымальнікам (юрыдычнай асобай, у тым ліку банкам, або фізічнай асобай) крэдытнага дагавора.

Згодна з пунктам 6 Інструкцыі № 226, упаўнаважаным органам банка павінны быць зацверджаны лакальныя нарматыўныя прававыя акты, у якіх прадугледжваюцца:

  • абавязковыя ўмовы і парадак прадастаўлення крэдыту, уключаючы тыя, што прадугледжваюць удзел крэдытаатрымальнікаў (за кошт уласных сродкаў або сродкаў інвестараў) у рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, якія крэдытуюцца (у тым ліку пры прадастаўленні льготных крэдытаў, уключаючы льготныя крэдыты, якія прадастаўляюцца ў рамках дзяржаўных праграм). У асобных выпадках упаўнаважаным органам банка можа быць прынята матываванае рашэнне аб невызначэнні долі ўдзелу крэдытаатрымальнікаў (за кошт уласных сродкаў або сродкаў інвестараў) у рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, якія крэдытуюцца;
  • працэдура прыняцця рашэння аб прадастаўленні крэдыту;
  • парадак вызначэння праваздольнасці і ацэнкі крэдытаздольнасці заяўніка, крэдытаатрымальніка, новага даўжніка (пры пераводзе доўгу па крэдытным дагаворы на трэцюю асобу);
  • пералік дакументаў, якія прадастаўляюцца заяўнікам, крэдытаатрымальнікам, новым даўжніком (пры пераводзе доўгу па крэдытным дагаворы на трэцюю асобу) для атрымання крэдыту да заключэння крэдытнага дагавора і на працягу тэрміну яго дзеяння;
  • парадак ацэнкі эфектыўнасці праектаў, якія крэдытуюцца, у тым ліку і тых, якія фінансуюцца з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі;
  • парадак і выпадкі кантролю за станам закладзенай маёмасці;
  • парадак і выпадкі кантролю за мэтавым выкарыстаннем крэдыту;
  • парадак фарміравання і захоўвання крэдытнага дасье;
  • спрошчаная працэдура прадастаўлення мiкракрэдытаў, калі банк прадастаўляе мікракрэдыты;
  • сума абавязацельстваў крэдытаатрымальніка – фізічнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, па крэдытным дагаворы, якая прызнаецца малазначнай. Малазначнай можа быць прызнана сума абавязацельстваў па крэдытным дагаворы, меншая, чым выдаткі па яе спагнанні, але якая не перавышае пяціразовага памеру базавай велічыні, устаноўленай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Неабходна адзначыць, што артыкул 141 БК дае права крэдытадаўцу адмовіцца ад заключэння крэдытнага дагавора пры наяўнасці звестак аб тым, што прадастаўленая крэдытаатрымальніку сума крэдыту не будзе вернута (пагашана) у тэрмін, пры непрадастаўленні крэдытаатрымальнікам забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы, пры наяўнасці іншых падстаў, здольных паўплываць на выкананне крэдытаатрымальнікам абавязацельстваў па крэдытным дагаворы або прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.