Аб парадку пагашэння запазычанасці па крэдытных дагаворах у замежнай валюце

Парадак прадастаўлення банкамі грашовых сродкаў у форме крэдыту рэгламентаваны Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей – Банкаўскі кодэкс), Інструкцыяй аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх звароту (пагашэння), зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 г. № 149 (далей – Інструкцыя № 149).

Згодна з пунктам 1 Інструкцыі № 149 прадастаўленне фізічным асобам крэдытаў у замежнай валюце, у тым ліку траншаў крэдытаў па раней заключаных крэдытных дагаворах, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не дапускаецца.

У адпаведнасці з артыкулам 22 Банкаўскага кодэкса ўзаемаадносіны банкаў з кліентамі будуюцца на падставе банкаўскага заканадаўства і заключаных дагавораў. Згодна з артыкулам 137 Банкаўскага кодэкса па крэдытным дагаворы банк або нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя (крэдытадавец) абавязваюцца прадаставіць грашовыя сродкі (крэдыт) іншай асобе (крэдытаатрымальніку) у памеры і на ўмовах, вызначаных дагаворам, а крэдытаатрымальнік абавязваецца вярнуць (пагасіць) крэдыт і выплаціць працэнты за карыстанне ім. Пры гэтым спагнанне крэдытадаўцам якіх-небудзь дадатковых плацяжоў (камісійных і іншых) за карыстанне крэдытам не дапускаецца.

Згодна з артыкулам 140 Банкаўскага кодэкса ўмовы аб суме крэдыту з указаннем валюты крэдыту, аб тэрміне і парадку прадастаўлення і вяртання (пагашэння) крэдыту з'яўляюцца істотнымі ўмовамі крэдытнага дагавора.

Такім чынам, парадак пагашэння крэдыту, атрыманага ў замежнай валюце, у тым ліку валюта яго пагашэння, вызначаецца крэдытным дагаворам. Калі крэдытным дагаворам крэдытаатрымальніку прадастаўлена права пагашаць крэдыт, выплачваць працэнты за карыстанне ім як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце, то банк не мае права патрабаваць выканання абавязацельстваў толькі ў замежнай валюце.

Калі крэдытным дагаворам прадугледжаны абавязак крэдытаатрымальніка пагашаць крэдыт, выплачваць працэнты за карыстанне ім толькі ў замежнай валюце, банк мае права не прымаць беларускія рублі ў якасці выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы і патрабаваць выканання крэдытаатрымальнікам абавязацельстваў у валюце, вызначанай умовамі крэдытнага дагавора. У адпаведнасці з артыкулам 420 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь змяненне дагавора магчыма па пагадненні бакоў, калі іншае не прадугледжана гэтым кодэксам, іншымі актамі заканадаўства або дагаворам.

Пры гэтым пунктам 10 Правіл правядзення валютных аперацый, зацверджаных пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2004 г. № 72, устаноўлена, што, калі іншае не вызначана актамі валютнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, пры здзяйсненні валютных аперацый, якія з'яўляюцца банкаўскімі, паміж банкам і рэзідэнтам дапускаецца змяненне валюты абавязацельстваў пры змяненні грашовых абавязацельстваў рэзідэнта, якія выражаны ў замежнай валюце, на грашовыя абавязацельствы, якія выражаны ў беларускіх рублях.

Пунктам 11 Інструкцыі № 149 прадугледжана, што змяненне ўмоў крэдытнага дагавора ажыццяўляецца на падставе дадатковага пагаднення да крэдытнага дагавора. З улікам гэтага бакі крэдытнага дагавора маюць права заключыць дадатковае пагадненне да крэдытнага дагавора, прадугледзеўшы ў ім магчымасць пагашэння беларускімі рублямі крэдыту, прадастаўленага ў замежнай валюце. Пры гэтым пры змяненні валюты грашовых абавязацельстваў магчыма выкарыстанне курса пераліку, устаноўленага пагадненнем бакоў.