НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Аб атрыманні крэдыту ў банку грамадзянамі пенсійнага ўзросту

У адпаведнасці з артыкулам 22 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь знешняя спасылка (далей – БК) узаемаадносіны банкаў з кліентамі будуюцца на аснове банкаўскага заканадаўства і заключаных дагавораў. Банкі самастойна вызначаюць умовы заключэння здзелак, якія не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Варта адзначыць, што Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаваны прынцып роўнасці ўсіх перад законам, а абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Акрамя таго, згодна з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь усе грамадзяне маюць роўную дзеяздольнасць, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам. Ніхто не можа быць абмежаваны ў праваздольнасці і дзеяздольнасці інакш як у выпадках i парадку, устаноўленых законам.

Такім чынам, дасягненне грамадзянінам пенсійнага ўзросту не можа служыць падставай для адмаўлення ў прадастаўленні яму крэдыту. Згодна з артыкулам 141 БК банк мае права адмовіцца ад заключэння крэдытнага дагавора толькі пры наяўнасці падстаў, якія могуць паўплываць на выкананне крэдытаатрымальнікам абавязацельстваў па крэдытным дагаворы, таму пры вызначэнні магчымасці прадастаўлення крэдыту грамадзянам (у тым ліку, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту) Нацыянальны банк пісьмом ад 24.09.2007 № 04-23/573 "Аб выкарыстанні ўзроставых абмежаванняў пры крэдытаванні" рэкамендаваў банкам ацэньваць крэдытаздольнасць грамадзян.

У гэтым пісьме звернута ўвага банкаў на тое, што пры ацэнцы крэдытаздольнасці грамадзян, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, патрэбна ўлічваць не толькі колькасныя характарыстыкі, такія як бягучая плацежаздольнасць грамадзяніна (наяўнасць і памер стабільнай крыніцы даходу ў выглядзе заработнай платы, пенсіі, дапамогі і пад. і яго суадносіны з усімі бягучымі плацяжамі), але і якасныя характарыстыкі, якія сведчаць аб магчымасці пагасіць крэдыт у выпадку зніжэння даходаў грамадзяніна. Да такіх якасных характарыстык належыць наяўнасць у крэдытаатрымальніка неграшовых актываў (аўтамабіль, дача, каштоўныя паперы, іншая рухомая і нерухомая маёмасць), а таксама грашовых сродкаў у банкаўскіх укладах (дэпазітах). Нацыянальны банк рэкамендаваў банкам пры крэдытаванні асоб пенсійнага ўзросту выкарыстоўваць змешаныя формы забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы, а менавіта – залог нерухомай маёмасці і паручыцельства грамадзян, якія не дасягнулі пенсійнага ўзросту, страхаванне рызыкі незвароту крэдыту і да т.п.