Парадак атрымання суб'ектамі валютных аперацый – рэзідэнтамі дазволаў Нацыянальнага банка на адкрыццё рахункаў у банках- нерэзідэнтах

Нарматыўныя прававыя акты і дакументы, якія рэгулююць дадзеныя пытанні:

У адпаведнасці з Інструкцыяй № 514 суб'екты валютных аперацый – рэзідэнты пры неабходнасці атрымання дазволу Нацыянальнага банка альбо падаўжэння тэрміну дзеяння раней выдадзенага дазволу накіроўваюць заяву ў Нацыянальны банк (пр-т Незалежнасці, 20, 220008, г. Мінск).

Для атрымання дазволу на адкрыццё рахунку суб'ектам валютных аперацый – рэзідэнтам (далей – заяўнік) у Нацыянальны банк прадстаўляюцца:

  1. Пісьмовае хадайніцтва адвольнай формы, падрыхтаванае ў адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 лiпеня 2011 года "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", якое змяшчае:
    • эканамічнае абгрунтаванне неабходнасці правядзення аперацыі, якая запытваецца;
    • згоду суб'екта валютных аперацый на прадстаўленне дакументаў, а таксама іншай інфармацыі аб аперацыях, што праводзяцца, у рамках выдадзенага Нацыянальным банкам дазволу;
    • мэту адкрыцця рахунку, плануемы рэжым рахунку, а таксама месцазнаходжанне і назву банка-нерэзідэнта, у якім плануецца адкрыццё рахунку.
  2. Копія дакумента аб дзяржаўнай рэгістрацыі.
  3. Даведка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь аб адсутнасці або наяўнасці запазычанасці па выплаце падаткаў, збораў (пошлін), іншых абавязковых плацяжах у бюджэт, у тым ліку ў дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя фонды, кантроль за выплатай якіх у адпаведнасці з заканадаўствам ускладзены на падатковыя органы (дата выдачы даведкі не павінна перавышаць 30 каляндарных дзён з даты звароту заяўніка).
  4. Бухгалтарскі баланс і справаздача аб прыбытку і стратах за год, які папярэднічае году звароту заяўніка, а таксама па стане на першае чысло месяца, які папярэднічае месяцу звароту заяўніка.
  5. Каштарыс (разлік) адвольнай формы, які змяшчае абгрунтаванне руху сродкаў па рахунку (плануемыя паступлення і спісанне сродкаў па артыкулах за перыяд, на які патрабуецца дазвол), падпісаны кіраўніком суб'екта валютных аперацый (асобай, ім упаўнаважанай) і галоўным бухгалтарам (пры яго наяўнасці).
  6. Копія дагавора, якая заключана з нерэзідэнтам і пацвярджае неабходнасць ажыццяўлення разлікаў пры дапамозе рахунку, на адкрыццё якога заяўнікам запытваецца адпаведны дазвол.

Таксама пры звароце па атрыманне дазволаў на адкрыццё рахунку для ўтрымання за межамі Рэспублікі Беларусь філіяла, аздараўленчай установы або іншага структурнага падраздзялення суб'ект валютных аперацый прадстаўляе:

  • каштарыс выдаткаў адвольнай формы на ўтрыманне філіяла, аздараўленчай установы, іншага структурнага падраздзялення;
  • копію палажэння аб філіяле, аздараўленчай установе, іншым структурным падраздзяленні;
  • копію дакумента, які пацвярджае рэгістрацыю філіяла, аздараўленчай установы, іншага структурнага падраздзялення на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

Дазвол на адкрыццё рахунку выдаецца на тэрмін не больш за 1 год.

Да даты заканчэння тэрміну дзеяння дазволу, указанай у дазволе на адкрыццё рахунку (у выпадку непадаўжэння дазволу або неатрымання іншага дазволу, які прадастаўляе права на адкрыццё рахунку), суб'ект валютных аперацый – рэзідэнт абавязаны закрыць рахунак і не пазней за 10 рабочых дзён з даты яго закрыцця пісьмом адвольнай формы праінфармаваць пра гэта Нацыянальны банк.

Нацыянальны банк у адпаведнасці з пунктам 8 Інструкцыі № 514 мае права запытаць у заяўніка дадатковую інфармацыю і іншыя дакументы, неабходныя для разгляду заявы. Копіі дакументаў, якія прадстаўляюцца заяўнікам, павінны быць завераны подпісам кіраўніка суб'екта валютных аперацый (упаўнаважанай ім асобы) і пячаткай (пры наяўнасці), подпісам фізічнай асобы і пры прадстаўленні копій дакументаў на замежнай мове суправаджацца засведчаным ва ўстаноўленым парадку перакладам на беларускую ці рускую мову (пункт 9 Інструкцыі № 514).

Адказнасць за дакладнасць інфармацыі, правільнасць афармлення (запаўнення) прадстаўленых дакументаў і (або) іх копій нясе заяўнік.

З мэтай скарачэння часавых выдаткаў заяўнікаў і аптымізацыі дакументаабароту мэтазгодна прадстаўленне ў Нацыянальны банк усіх неабходных дакументаў адначасова.

У адпаведнасці з пунктам 10 Інструкцыі № 514 выдача дазволу (падаўжэнне тэрміну яго дзеяння), а таксама накіраванне пісьмовай адмовы ў яго выдачы (падаўжэнні тэрміну яго дзеяння) з указаннем прычын ажыццяўляецца Нацыянальным банкам на працягу 15 каляндарных дзён з даты рэгістрацыі пісьмовага хадайніцтва заяўніка ў Нацыянальным банку.

У выпадку калі Нацыянальным банкам запытваецца дадатковая інфармацыя, тэрмін выдачы дазволу (падаўжэння тэрміну яго дзеяння) альбо накіравання пісьмовай адмовы ў яго выдачы не павінен перавышаць 10 каляндарных дзён з даты паступлення ў Нацыянальны банк усёй дадаткова запытанай інфармацыі і дакументаў.

Пра тэрміны звароту па дазволы:

Дазволы выдаюцца да ажыццяўлення заяўнікам разлікаў па валютнай аперацыі альбо да ажыццяўлення іншай аперацыі, на правядзенне якой запытваецца дазвол.

Падставамі для адмовы ў выдачы дазволу (падаўжэнні тэрміну дзеяння дазволу) могуць з'яўляцца:

  • прадстаўленне заяўнікам неналежным чынам аформленых дакументаў і (або) непрадстаўленне заяўнікам дакументаў, неабходных для атрымання дазволу (падаўжэння тэрміну дзеяння дазволу);
  • адсутнасць эканамічнага абгрунтавання неабходнасці правядзення валютнай альбо іншай аперацыі, якая запытваецца, у тым ліку ацэнкі эфектыўнасці інвеставання валютных каштоўнасцей пры правядзенні валютнай аперацыі, звязанай з рухам капіталу;
  • прадстаўленне заяўнікам недакладнай інфармацыі;
  • парушэнне заяўнікам умоў раней выдадзеных Нацыянальным банкам дазволаў (пры іх наяўнасці) за апошнія 6 месяцаў, што папярэднічаюць даце звароту заяўніка, у тым ліку зварот за прадаўжэннем тэрміну дзеяння дазволу па заканчэнні тэрміну яго дзеяння;
  • атрыманне ад дзяржаўных органаў звестак аб наяўнасці ў заяўніка на дату яго звароту ў Нацыянальны банк нявыкананых абавязацельстваў, якія ўзніклі ў выніку парушэння валютнага, банкаўскага, падатковага, мытнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь;
  • правядзенне заяўнікам на дату яго звароту ў Нацыянальны банк валютнай або іншай аперацыі, на ажыццяўленне якой запытваецца дазвол;
  • няўстойлівы фінансавы стан суб'екта валютных аперацый па даных прадстаўленага бухгалтарскага балансу і справаздачы аб прыбытку і стратах, а таксама іншых дакументаў, якія адлюстроўваюць вынікі вытворча-гаспадарчай дзейнасці (паказчыкі прыбытку, наяўнасць страт, нізкая рэнтабельнасць і іншыя паказчыкі);
  • неадпаведнасць плануемых да правядзення заяўнікам на падставе дазволу, які запытваецца, валютных і іншых аперацый мэтам грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь;
  • стварэнне пагрозы нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, яе тэрытарыяльнай цэласнасці, палітычнай і эканамічнай стабільнасці.

Падставамі для спынення дзеяння дазволу да заканчэння ўстаноўленага ў ім тэрміну дзеяння з'яўляюцца:

  • пісьмовы зварот заяўніка;
  • парушэнне заяўнікам умоў выдадзенага дазволу;
  • парушэнне заяўнікам валютнага, банкаўскага, падатковага, мытнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выніку ажыццяўлення валютных і іншых аперацый у рамках выдадзенага дазволу;
  • устанаўленне факта прадстаўлення заяўнікам недакладнай інфармацыі, якая паслужыла падставай для выдачы дазволу;
  • невыкарыстанне рахунку, адкрытага ў банку-нерэзідэнце за межамі Рэспублікі Беларусь на падставе дазволу Нацыянальнага банка, на працягу шасці месяцаў з даты выдачы адпаведнага дазволу;
  • змяненне заканадаўства, якое рэгулюе парадак ажыццяўлення валютных і іншых аперацый, на правядзенне якіх быў выдадзены адпаведны дазвол;
  • стварэнне пагрозы нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, яе тэрытарыяльнай цэласнасці, палітычнай і эканамічнай стабільнасці.

Спыненне дзеяння дазволу ажыццяўляецца шляхам накіравання Нацыянальным банкам заяўніку пісьмовага паведамлення, у якім указваецца дата спынення тэрміну дзеяння дазволу.

Дзеянне дазволу спыняецца без накіравання паведамлення Нацыянальнага банка ў наступных выпадках:

  • пасля заканчэння тэрміну дзеяння дазволу, на які ён быў выдадзены;
  • пры ліквідацыі юрыдычнай асобы, спыненні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, натарыуса, які ажыццяўляе дзейнасць у натарыяльным бюро, адваката, які ажыццяўляе адвакацкую дзейнасць індывідуальна, смерці фізічнай асобы.

Падаўжэнне тэрміну дзеяння раней выдадзенага дазволу:

Пры неабходнасці падаўжэння тэрміну дзеяння дазволу заяўнік павінен звярнуцца ў Нацыянальны банк да заканчэння тэрміну дзеяння выдадзенага дазволу.

Для падаўжэння тэрміну дзеяння дазволу заяўнік прадстаўляе ў Нацыянальны банк дакументы, якія ў адпаведнасці з Інструкцыяй неабходны для выдачы гэтага дазволу, а таксама копію выдадзенага дазволу (са змяненнямі і дапаўненнямі) і інфармацыю аб руху грашовых сродкаў па рахунку за апошнія 12 месяцаў дзеяння дазволу (пры падаўжэнні тэрміну дзеяння дазволу на адкрыццё рахунку).

Адрасы і кантактныя тэлефоны структурнага падраздзялення, якое ажыццяўляе выдачу дазволаў:

Упраўленне фінансавага маніторынгу і кантролю Галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Нацыянальнага банка

Адрас

пр-т Незалежнасці, 20, 220008, г. Мінск

Тэлефоны

(8 017) 215 35 06
(8 017) 219 22 39
(8 017) 219 24 34
(8 017) 327 56 67

ВАЖНА! Выманне дакументаў, дастаўленых нарачным, з выкарыстаннем скрыні для карэспандэнцыі ў фае будынка Нацыянальнага банка ажыццяўляецца ў 9.00, 12.00, 15.00 і 16.30 (па пятніцах і ў перадсвяточныя дні ў 9.00, 12.00) і за адну гадзіну да заканчэння працоўнага дня. Карэспандэнцыя, выманне якой ажыццяўляецца за адну гадзіну да заканчэння працоўнага дня, перадаецца на рэгістрацыю на наступны працоўны дзень.