НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Банкі на тэрыторыі Беларусі

Да нядаўняга часу датай стварэння банкаўскай сістэмы ў Беларусі было прынята лічыць 3 студзеня 1922 г. – пачатак работы ў Мінску Беларускай канторы Дзяржбанка пры Наркамаце фінансаў Беларускай ССР.

Аднак праведзеныя даследаванні архіўных матэрыялаў, вывучэнне калекцый фінансавых дакументаў і каштоўных папер дазволілі атрымаць неабвержныя дакументальныя сведчанні таго, што першая банкаўская ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі з'явілася як мінімум на паўстагоддзя раней. А менавіта – 8 студзеня 1870 г., калі быў падпісаны Указ Сената Расійскай Імперыі аб заснаванні ў Гомелі гарадскога грамадскага банка. З гэтага часу і бярэ свой пачатак гісторыя станаўлення і развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі.

Чаму ж менавіта невялікі Гомель, а не буйны губернскі цэнтр стаў першым беларускім горадам, які мае банк? Сутнасць у тым, што ў другой палове ХІХ ст. у Расійскай Імперыі, у тым ліку і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, было разгорнута інтэнсіўнае чыгуначнае будаўніцтва. Так, у 1862 г. траса Пецярбург – Варшава прайшла праз Гродна, у 1868 г. на Рыжска-Арлоўскай лініі адзначаны станцыі Віцебск і Полацк, у 1871 г. дарога Масква – Брэст злучыла Оршу, Барысаў, Мінск, Баранавічы.

Кожны рэгіён, па якім праходзіла чыгунка, атрымліваў магутны стымул для эканамічнага росту, паколькі чыгуначнае будаўніцтва знаходзілася пад дзяржаўнай апекай. Не выпадкова заснаваны ў 1860 г. Імператарам Аляксандрам ІІ Дзяржаўны банк Расійскай Імперыі амаль адразу ж пасля свайго адкрыцця пачаў актыўна крэдытаваць будаўніцтва чыгунак. Ужо ў 1861-1864 гг. ён выдаткоўваў буйныя сумы Галоўнаму таварыству расійскіх чыгунак.

Не застаўся ў баку ад працэсаў, што адбываліся, і беларускі Гомель. Пасля адмены ў Расіі прыгоннага права дзелавая актыўнасць у Гомелі заўважна ўзрасла, праз горад пачалося будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі, якая злучала Украіну з Прыбалтыкай, а таксама Палескай чыгункі, якая злучала ўсю паўднёвую частку сучаснай Беларусі, Польшчу, Украіну. Усё гэта прывяло да вельмі хуткага прытоку насельніцтва. Для вырашэння надзённых пытанняў гарадскога жыцця патрэбна была паўнавартасная фінансавая ўстанова. Магчыма, гэтым і абумоўлена з'яўленне адпаведнага рашэння Сената аб заснаванні ў Гомелі гарадскога грамадскага банка.

Яго асноўны капітал падчас заснавання быў вызначаны ў памеры 20 тысяч рублёў. У музейным фондзе Нацыянальнага банка захоўваецца чэк гэтага банка – неаспрэчны "рэчавы доказ" існавання банка. Як і шматлікія іншыя гарадскія банкі, гэта першая ў Беларусі прыватная камерцыйная грашова-крэдытная ўстанова выдавала доўгатэрміновыя пазыкі пад заклад гарадскіх і будаўнічых участкаў. Капітал гэтых банкаў ствараўся са сродкаў гарадскога бюджэту, а крэдытаваліся ў асноўным сярэднія і дробныя прадпрымальнікі. Крэдыты даваліся таксама гарадской управе, мясцоваму земству, а прыбытак ад аперацый адлічваўся на патрэбы гарадскога добраўпарадкавання і дабрачынныя мэты. Пасля свае гарадскія банкі, акрамя Гомеля, з'явіліся таксама ў Полацку, Віцебску, Барысаве, Магілёве, Ігумене.

У сувязі з развіццём будаўніцтва чыгунак у губернскіх гарадах на тэрыторыі Беларусі адчыняліся аддзяленні Дзяржаўнага банка Расійскай Імперыі (Мінск – 1881, Віцебск – 1883, Магілёў – 1883, Гродна – 1884). Акрамя фінансавання патрэб чыгуначнага будаўніцтва, губернскія аддзяленні мелі права крэдытаваць прамысловасць і гандаль, займацца абменам старых крэдытных білетаў на новыя і буйных наміналаў на дробныя і наадварот, аплачваць купоны па працэнтных паперах, прымаць грашовую наяўнасць ад юрыдычных і фізічных асоб для пераводу ў Дзяржбанк і яго канторы і аддзяленні, прымаць уклады, выдаваць пазыкі пад заклад працэнтных папер, акцый, аблігацый.

Вядома, што з устаноў Дзяржаўнага банка першае месца па аб'ёме ўліковых аперацый займала Маскоўская кантора, другое – Адэса, бліжэй да канца ХІХ ст. – Кіеў; Мінскае аддзяленне было пятым у гэтым спісе, апярэдзіўшы, такім чынам, усе іншыя аддзяленні Паўночна-Заходняга краю. Напрыканцы ХІХ ст. Мінск стаў найбуйнейшым банкаўскім цэнтрам у рэгіёне.

Нягледзячы на тое, што першапачаткова Дзяржаўны банк заставаўся самым буйным камерцыйным банкам у Расійскай Імперыі, з 1870-х гг. яго становішча стала мяняцца ў сувязі з развіццём недзяржаўных крэдытных устаноў. Фарміруючы кліентуру, яны пераманьвалі пазычальнікаў ільготнымі ўмовамі крэдытавання.

У экспазіцыі Нацыянальнага банка па гісторыі фінансавых устаноў ёсць білеты і акцыя Мінскага камерцыйнага банка вартасцю 250 рублёў выпуску 1896 г. Вядома, што 21 красавіка 1873 г. міністрам фінансаў Расійскай Імперыі быў зацверджаны Статут гэтага банка, а 10 верасня ён пачаў сваю працу. Заснавальнікамі банка сталі прадстаўнікі мясцовага бізнэсу. Асноўны капітал пры стварэнні быў вызначаны ў памеры паўтара мільёна рублёў.

У адпаведнасці са Статутам Мінскі камерцыйны банк меў права на ўлік вэксаляў, атрыманне плацяжоў па каштоўных паперах і вэксалях, аперацыі з каштоўнымі металамі, прыём укладаў, захоўванне каштоўнасцей, перавод грошай у гарады, дзе знаходзіліся яго аддзяленні. Свае прадстаўніцтвы банк меў не толькі на тэрыторыі Беларусі – у Гомелі, Магілёве, Пінску, але і ў іншых гарадах Імперыі: Лібаве, Ромнах, Канатопе, Жытоміры, Белай Царкве, Чаркасах, Варажбе, Сумах, Роўне.

У выніку праведзенай у другой палове ХІХ ст. рэформы банкаўскай справы ў Расійскай Імперыі да пачатку ХХ ст. была створана разгалінаваная крэдытная сістэма, арганізаваны банкі новага тыпу, з'явіліся і атрымалі развіццё якасна іншыя банкаўскія аперацыі. У склад крэдытнай сістэмы ўвайшлі Дзяржаўны банк, камерцыйныя акцыянерныя банкі, іпатэчныя банкі, таварыствы ўзаемнага крэдыту, гарадскія банкі, крэдытная кааперацыя. Усё гэта з'яўлялася дастаткова ўстойлівай, зладжанай сістэмай аж да 1917 г.

Пасля перамогі Кастрычніцкага ўзброенага паўстання УЦВК 14 (27) снежня 1917 г. прыняў Дэкрэт "Аб нацыяналізацыі банкаў". Банкаўская справа абвяшчалася дзяржаўнай манаполіяй, ствараўся Народны банк РСФСР, на месцах засноўваліся яго канторы і аддзяленні. На тэрыторыі Беларусі стварэнне ўстаноў Народнага банка не атрымала шырокага развіцця ў сувязі з грамадзянскай вайной і ваеннай інтэрвенцыяй. Тым не менш ёсць звесткі, што ў сакавіку 1919 г. у сістэме Народнага камісарыята фінансаў Літоўска-Беларускай рэспублікі была заснавана Мінская акруговая кантора Народнага банка. Фактычна гэта быў орган па забеспячэнні грашовымі знакамі. Але ўжо 19 студзеня 1920 г. Народны банк РСФСР і яго мясцовыя органы, у тым ліку і Мінская акруговая кантора, былі ліквідаваны, увесь актыў і пасіў былі перададзены органам Народнага камісарыята фінансаў РСФСР. Затым 4 кастрычніка 1921 г. Дэкрэтам СНК і УЦВК быў зацверджаны Дзяржаўны банк РСФСР. Савет Народных камісараў БССР 3 снежня 1921 г. прыняў пастанову аб арганізацыі ў Мінску Беларускай канторы Дзяржаўнага банка (Пратакол № 32 пасяджэння Савета Народных камісараў).

Кантора Дзяржбанка пачала функцыянаваць у Мінску 3 студзеня 1922 г. Адчыняюцца мясцовыя аддзяленні ў Віцебску, Барысаве, Бабруйску, Магілёве і агенцтвы ў Слуцку, Мазыры, Оршы, Клімавічах, Полацку.

У сувязі са стварэннем СССР у 1923 г. Дзяржбанк РСФСР пераўтвараецца ў Дзяржаўны банк СССР. У яго склад увайшла і Беларуская кантора. У студзені 1927 г. у распараджэнне Беларускай канторы перайшло гомельскае аддзяленне, якое раней падпарадкоўвалася непасрэдна Дзяржбанку СССР.

У 1923-1925 гг. у рэспубліцы пачалі дзейнічаць філіялы агульнасаюзных акцыянерных банкаў: Прамбанка, Усесаюзнага кааператыўнага, а з 1936 г. – Торгбанка. У гэтыя гады сфарміравалася сістэма мясцовых банкаў. У 1923 г. быў адчынены гомельскі рабочы банк, які праз год быў пераўтвораны ў мясцовы камунальны банк. У 1925 г. створаны Белкамунбанк.

З мэтай канцэнтрацыі свабодных сродкаў для крэдытавання патрэб сельскай гаспадаркі арганізаваны акруговыя таварыствы сельскагаспадарчага крэдыту: Беларускае, Гомельскае, Віцебскае, Аршанскае, Калінінскае, Бабруйскае, Магілёўскае, Мазырскае, Полацкае. Беларускае таварыства ў 1924 г. пераўтворана ў Белсельбанк, які ўзяў на сябе асноўную ролю па крэдытаванні вёскі. Дзейнасць дзяржбанка і спецыялізаваных банкаў у той час была цалкам падпарадкавана аднаўленню і рэканструкцыі народнай гаспадаркі. Вырашыць гэтыя важныя задачы магчыма было толькі на базе цвёрдай валюты, таму з пераходам да нэпу быў узяты курс на ўмацаванне грашовай сістэмы. У 1922-1924 гг. была праведзена грашовая рэформа, створана грашовая сістэма, а дзяржбанк стаў эмісійным цэнтрам СССР і органам рэгулявання грашовага абарачэння. Увядзенне ўстойлівай валюты дабратворна адбілася на ўздыме вытворчасці і ўмацаванні ўсёй эканомікі.

У выніку перабудовы банкаўскай сістэмы з 1932 да 1959 г. у Беларусі функцыянавалі: Камунальны банк; канторы з філіяламі Дзяржбанка СССР, Прамбанка СССР, Сельгасбанка СССР, а да 1957 г. – і Гандальбанка СССР.

У перадваенны 1940 г. у Беларусі функцыянавала 10 абласных кантор і 184 аддзяленні дзяржбанка. У іх працавала 4087 чалавек. Сапраўдным выпрабаваннем для беларускіх банкаўскіх работнікаў, як і для ўсяго народа, была Вялікая Айчынная вайна. 25 чэрвеня 1941 г. Беларуская кантора дзяржбанка была эвакуіравана ў Тамбоў, а ў лістападзе – у Караганду, у сакавіку 1942 г. яна пераехала ў горад Горкі. 9 верасня 1943 г. паводле распараджэння СНК СССР яна была зачынена. Узнавіла сваю работу ў кастрычніку 1943 г. і ў снежні пераехала ў Гомель, а ў ліпені 1944 г. – у Мінск.

Адной з найважнейшых функцый дзяржаўнай банкаўскай сістэмы, у тым ліку і беларускай, на ўсіх этапах яе развіцця была і застаецца работа па арганізацыі грашовага абарачэння. У гэтым плане значнай падзеяй з'явілася правядзенне грашовай рэформы ў 1947 г.

Хутка пасля завяршэння аднаўленчага перыяду неабходны былі і адпаведная перабудова грашова-крэдытнай сістэмы, і далейшае пашырэнне крэдытных сувязей банка з народнай гаспадаркай. Ужо ў 1959 г. была праведзена рэарганізацыя банкаўскай сістэмы. Ліквідаваны спецыялізаваныя банкі, а іх функцыі перададзены дзяржбанку і Будбанку СССР. З 1959 г. банкаўская сістэма Беларусі складалася з устаноў дзяржбанка і Прамбудбанка СССР.

Буйная рэарганізацыя банкаўскай сістэмы адбылася і ў 1987 г. Заснаваны беларускія рэспубліканскія банкі са сваімі філіяламі дзяржбанка, Знешэканамбанка, Ашчаднага банка, Прамбудбанка, Аграпрамбанка, Жылсацбанка СССР, якія дзейнічалі на прынцыпах гасразліку і самафінансавання.

Перабудова, якая пачалася ў 1985 г., стала асновай пераходу існуючай грашова-крэдытнай сістэмы да новага якаснага стану, пачаткам станаўлення двухузроўневай банкаўскай сістэмы.

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўным Саветам БССР прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. (25 жніўня 1991 г. Дэкларацыі нададзены статус канстытуцыйнага закона.)

14 снежня 1990 г. Вярхоўным Саветам БССР прыняты законы "Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР" і "Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Беларускай ССР", якія ўвайшлі ў сілу 1 студзеня 1991 г.

21 снежня 1990 г. Вярхоўным Саветам БССР прынята Пастанова, якая аб’явіла ўласнасцю незалежнай дзяржавы філіялы банкаў СССР з іх установамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі БССР.
1 красавіка 1991 г. завершана фарміраванне Нацыянальнага банка.

Банкаўская сістэма Беларусі ўступіла ў сваю найноўшую гісторыю.

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь у вельмі складаных умовах крызісу пачатку 90-х гг. стварыў нацыянальную валюту. Гэта дазволіла не толькі стабілізаваць эканоміку, але і захаваць незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, з сярэдзіны 90-х гг. эмісійны цэнтр актыўна займаецца стварэннем і выпускам памятных манет, якія нясуць у сабе найважнейшую інфармацыю аб нашай дзяржаве і ўжо паспелі стаць візітнай карткай Беларусі.