| Работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. N 300–З "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, № 2/1852 ад 19 ліпеня 2011 г.).
Звароты падаюцца заяўнікамі на беларускай або рускай мове ў пісьмовай або электроннай форме, а таксама выказваюцца ў вуснай форме. Пісьмовыя звароты падаюцца пасланцом (кур'ерам), па пошце, падчас асабістага прыёму, шляхам занясення заўваг і (або) прапаноў у кнігу заўваг і прапаноў. Вусныя звароты выказваюцца падчас асабістага прыёму.
Пісьмовыя звароты
Пісьмовыя звароты грамадзян павінны ўтрымліваць:
- найменне Нацыянальнага банка або яго структурнага падраздзялення (арганізацыі) альбо пасаду асобы, якім накіраваны зварот;
- прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) альбо ініцыялы грамадзяніна, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання) і (або) месца працы (вучобы);
- выкладанне сутнасці звароту;
- асабісты подпіс грамадзяніна (грамадзян).
Пісьмовыя звароты юрыдычных асоб павінны ўтрымліваць:
- найменне Нацыянальнага банка або яго структурнага падраздзялення (арганізацыі) альбо пасаду асобы, якім накіраваны зварот;
- поўнае найменне юрыдычнай асобы і яе месца знаходжання;
- выкладанне сутнасці звароту;
- прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) кіраўніка або асобы, упаўнаважанай у вызначаным парадку падпісваць звароты;
- асабісты подпіс кіраўніка або асобы, упаўнаважанай у вызначаным парадку падпісваць звароты, засведчаны пячаткай юрыдычнай асобы.
Да пісьмовых зваротаў, што падаюцца прадстаўнікамі заяўнікаў, дадаюцца дакументы, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы. У зваротах павінна ўтрымлівацца інфармацыя аб выніках іх папярэдняга разгляду з прыкладаннем (пры наяўнасці) дакументаў, якія пацвярджаюць гэтую інфармацыю.
Паштовыя адрасы, рэжым работы: цэнтральнага апарату, структурных падраздзяленняў і арганізацый.
Кніга заўваг і прапаноў вядзецца ў цэнтральным апараце (г. Мінск, пр. Незалежнасці, 20, унутраны тэл. 16–67), а таксама ў кожным структурным падраздзяленні Нацыянальнага банка і даецца па першым патрабаванні грамадзяніна.
Электронныя звароты
Электронныя звароты ў Нацыянальны банк накіроўваюцца толькі праз рубрыку "Электронныя звароты грамадзян і юрыдычных асоб".
Электронныя звароты грамадзян павінны ўтрымліваць:
- найменне Нацыянальнага банка або яго структурнага падраздзялення (арганізацыі) альбо пасаду асобы, якім накіраваны зварот;
- прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) альбо ініцыялы грамадзяніна, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання) і (або) месца працы (вучобы);
- выкладанне сутнасці звароту;
- адрас электроннай пошты грамадзяніна.
Электронныя звароты юрыдычных асоб павінны ўтрымліваць:
- найменне Нацыянальнага банка або яго структурнага падраздзялення (арганізацыі) альбо пасаду асобы, якім накіраваны зварот;
- поўнае найменне юрыдычнай асобы і яе месца знаходжання;
- выкладанне сутнасці звароту;
- прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) кіраўніка або асобы, упаўнаважанай у вызначаным парадку падпісваць звароты;
- адрас электроннай пошты юрыдычнай асобы.
Адказы на электронныя звароты накіроўваюцца на адрас электроннай пошты заяўнікаў, названы пры рэгістрацыі ў вышэйзгаданай рубрыцы.
Асабісты прыём
Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка, яго намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў (арганізацый) Нацыянальнага банка праводзяць асабісты прыём грамадзян, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб не радзей за адзін раз на месяц. Пры вусным звароце названыя асобы павінны прад'явіць дакумент, які сведчыць іх асобу, а прадстаўнікі заяўнікаў павінны прад'явіць таксама дакументы, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы.
Калі для вырашэння пытання, якое выказана ў вусным звароце і адносіцца да кампетэнцыі Нацыянальнага банка, патрабуюцца дадатковае вывучэнне і праверка, зварот падаецца заяўнікам у пісьмовай форме і разглядаецца ў парадку, вызначаным для пісьмовых зваротаў.
Графікі прыёму кіраўнікамі ў цэнтральным апараце, структурных падраздзяленнях і арганізацыях Нацыянальнага банка:
Прыём праводзіцца па папярэднім запісе ў спецыялістаў у прыёмных кіраўнікоў.
Паўторныя звароты
Паўторныя звароты, калі яны ўжо былі разгледжаны па сутнасці і ў іх не ўтрымліваюцца новыя акалічнасці, якія маюць значэнне для разгляду звароту па сутнасці, не разглядаюцца. Пры гэтым заяўніку пісьмова паведамляецца, што паўторны яго зварот неабгрунтаваны і перапіска з ім па гэтым пытанні спыняецца.
|