Аб атрыманні крэдыту ў банках Рэспублікі Беларусь

Пры прадастаўленні крэдытаў фізічным асобам банкі кіруюцца Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей – Банкаўскі кодэкс), Інструкцыяй аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння), зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 г. № 149.

Прадастаўленне крэдытаў фізічным асобам ажыццяўляецца ў беларускіх рублях.

Прадастаўленне фізічным асобам крэдытаў у замежнай валюце, у тым ліку траншаў крэдытаў па раней заключаных крэдытных дагаворах, не дапускаецца.

Банк абавязаны да заключэння крэдытнага дагавора або дадатковага пагаднення да яго прадставіць фізічнай асобе Інфармацыю аб умовах крэдытавання на папяровым носьбіце ці ў выглядзе электроннага дакумента па ўстаноўленай форме.

Пры афармленні крэдытнага дагавора, а таксама Інфармацыі пра ўмовы крэдытавання на папяровым носьбіце выкарыстоўваецца шрыфт Times New Roman памерам не менш за 12 пунктаў. Інфармацыя аб умовах крэдытавання не павінна перавышаць адзін ліст.

Заяўнік прадастаўляе банку падпісанае датаванае пацвярджэнне аб азнаямленні з Інфармацыяй пра ўмовы крэдытавання.

Калі пры заключэнні крэдытнага дагавора банкам прапануюцца дадатковыя платныя паслугі, то фізічная асоба мае права пагадзіцца ці адмовіцца ад гэтых паслуг, у тым ліку ад заключэння іншых дагавораў з крэдытадаўцам і трэцімі асобамі.

У выпадку калі адной з умоў крэдытнага дагавора з'яўляецца заключэнне дагавора страхавання, банк не мае права абмяжоўваць заяўніка ў выбары страхавой арганізацыі.

У выпадку адмаўлення фiзiчнай асобы ад дадатковых платных паслуг крэдытадавец абавязаны прапанаваць гэтай асобе крэдыт, ідэнтычны па суме і тэрміне.

Калі ўмовамі крэдытнага дагавора прадугледжана адкрыццё бягучага (разліковага) банкаўскага рахунку, то банк не мае права спаганяць плату з фізічных асоб за яго адкрыццё і залічэнне на яго сумы крэдыту.