Якія дакументы павінен прадставіць у банк кліент – суб'ект гаспадарання для атрымання наяўных беларускіх рублёў з бягучых (разліковых) і іншых банкаўскіх рахункаў?

Адказ: у адпаведнасці з пунктам 1 пастановы Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 25.05.2018 № 236 "Аб прымяненні чэкавых кніжак для атрымання наяўных грошай і прызнанні страціўшымі сілу некаторых нарматыўных прававых актаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" (далей – пастанова № 236), устаноўлена, што існуючыя ў наяўнасці да 08.06.2018 у банках Рэспублікі Беларусь або выдадзеныя да 08.06.2018 чэкадаўцам чэкавыя кніжкі для атрымання наяўных грошай (далей – чэкавыя кніжкі) прымяняюцца да іх поўнага выкарыстання ў парадку, якi вызначаецца банкамі Рэспублікі Беларусь, з захаваннем наступных умоў:

  • запаўненне чэкаў і карыстанне імі ажыццяўляюцца ў парадку, указаным на адваротным боку вокладкі чэкавай кніжкі, за выключэннем патрабаванняў, якія тычацца змацавання чэкаў адбіткам пячаткі чэкадаўца;
  • чэк павінен быць прад'яўлены да атрымання наяўных грошай на працягу 10 дзён, не лічачы дня яго выпіскі чэкадаўцам;
  • чэкадаўцы маюць права прастаўляць адбіткі пячатак на заявах на атрыманне чэкавых кніжак і змацоўваць адбіткамі пячатак чэкі з чэкавых кніжак.

З улікам патрабаванняў пункта 1 пастановы № 236 пытанне аб выдачы кліентам застаўшыхся па стане на 08.06.2018 чэкавых кніжак вызначаецца банкам у лакальным прававым акце.

У выпадку калі ў адпаведнасці з лакальным прававым актам існуючыя ў наяўнасці па стане на 08.06.2018 у банку чэкавыя кніжкі прымяняюцца, то банк выдае іх са згоды кліентаў.

Акрамя таго, звяртаем увагу, што банк павінен прымаць выдадзеныя кліентам да 08.06.2018 чэкі з чэкавых кніжак.

Паведамляем, што кліенты банка згодна з пунктам 23 Інструкцыі аб парадках вядзення касавых аперацый і разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 19.03.2019 № 117, для атрымання наяўных беларускіх рублёў з бягучых (разліковых) і іншых банкаўскіх рахункаў прадстаўляюць у банк заяву на атрыманне наяўных беларускіх рублёў. Выдача наяўных беларускіх рублёў з касы банка ажыццяўляецца па расходным касавым ордары формы 0402540102 у адпаведнасці з пунктам 57 Інструкцыі па арганізацыі касавай работы ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 21.12.2006 № 211.