Аб парадку ацэнкі крэдытаздольнасці заяўніка

У адпаведнасці з пунктам 13 Інструкцыі аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння), зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 г. № 149, перад заключэннем крэдытнага дагавора банк абавязаны ацаніць крэдытаздольнасць заяўніка (крэдытаатрымальніка). Парадак ацэнкі крэдытаздольнасці і працэдура прыняцця рашэння аб прадастаўленні крэдыту вызначаецца банкам.

Ацэнка крэдытаздольнасці заяўніка ажыццяўляецца банкамі на падставе аналізу мноства фактараў: ацэньваецца заяўлены грамадзянінам узровень атрымліваемых даходаў, магчымасць своечасова ажыццяўляць плацяжы ў пагашэнне крэдыту і працэнтаў за карыстанне ім, вывучаюцца звесткі, якія змяшчаюцца ў крэдытных гісторыях і інш.

Пры ацэнцы крэдытаздольнасці фізічнай асобы пры прадастаўленні крэдыту:

  • на спажывецкія патрэбы банк павінен выкарыстоўваць паказчык пазыковай нагрузкі (ППН).

    ППН разлічваецца як працэнтныя суадносіны памеру штомесячнага плацяжу па аперацыях крэдытнага характару (плацяжы па крэдытных дагаворах, дагаворах пазыкі з мікрафінансавымі арганізацыямі, дагаворах факторынгу, лізінгу і інш.) да памеру сярэднямесячнага даходу крэдытаатрымальніка. ППН не павінен перавышаць 40 працэнтаў;

  • на фінансаванне нерухомасці банк павінен выкарыстоўваць паказчык забяспечанасці крэдыту (ПЗК).

    ПЗК разлічваецца як працэнтныя суадносіны сумы крэдыту да кошту аб'екта нерухомасці, які прымаецца ў заклад, і (або) суме іншага забеспячэння. ПЗК не павінен перавышаць 90 працэнтаў (за выключэннем крэдытавання з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі).

Банк мае права адмовіцца ад заключэння крэдытнага дагавора:

  • пры наяўнасці звестак аб тым, што прадастаўленая крэдытаатрымальніку сума крэдыту не будзе вернута ў тэрмін;
  • пры непрадастаўленні крэдытаатрымальнікам забеспячэння выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы;
  • пры наяўнасці іншых падстаў, здольных паўплываць на выкананне крэдытаатрымальнікам абавязацельстваў па крэдытным дагаворы або прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.