Аб парадку вяртання (пагашэння) запазычанасці па крэдытных дагаворах

Парадак вяртання (пагашэння) крэдыту і выплаты працэнтаў за карыстанне ім рэгламентаваны Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, Інструкцыяй аб парадку прадастаўлення грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання (пагашэння), зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 г. № 149.

Заключыўшы крэдытны дагавор, крэдытаатрымальнік абавязваецца вярнуць (пагасіць) крэдыт і выплаціць працэнты за карыстанне ім.

Неабходна ўлічваць, што вяртаць крэдыт і выплачваць працэнты за карыстанне ім неабходна не пазней за тэрміны, устаноўленыя крэдытным дагаворам. Пры гэтым трэба разумець, што дата ажыццяўлення безнаяўнага плацяжу можа не супадаць з датай залічэння грашовых сродкаў на рахунак крэдытадаўца, што можа стаць прычынай узнікнення пратэрмінаванай запазычанасці.

Згодна з артыкулам 150 Банкаўскага кодэкса банк абавязаны без збірання ўзнагароджання (платы) паведаміць фізічнай асобе аб узнікненні пратэрмінаванай запазычанасці не пазней за 30 дзён з дня яе ўтварэння, а паручыцелю – не пазней за 60 дзён у парадку, устаноўленым крэдытным дагаворам.

Фізічная асоба мае права атрымліваць па запыце па меншай меры адзін раз у месяц без выплаты банку ўзнагароджання (платы) інфармацыю пра запазычанасць па крэдытным дагаворы ў парадку і тэрміны, устаноўленыя дагаворам.

Такой інфармацыяй з'яўляюцца звесткі пра суму запазычанасці па крэдыце, працэнтах за карыстанне ім, а таксама пра пратэрмінаваную запазычанасць па крэдыце, пратэрмінаваных працэнтах, іншых абавязацельствах (пры іх наяўнасці).

У крэдытным дагаворы ўстанаўліваецца парадак прадастаўлення і вяртання крэдыту з указаннем магчымых спосабаў яго прадастаўлення і вяртання. Без збірання ўзнагароджання (платы) павінен ажыццяўляцца па меншай меры адзін са спосабаў прадастаўлення і вяртання крэдыту.

Таксама фізічная асоба мае права датэрмінова вярнуць поўнасцю або часткова крэдыт на спажывецкія патрэбы з выплатай працэнтаў за тэрмін карыстання крэдытам без папярэдняга паведамлення крэдытадаўца. Пры гэтым спагнанне штрафных санкцый за датэрміновае вяртанне крэдыту не дапускаецца.

Пры недастатковасці сродкаў для поўнага выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы:

  • у першую чаргу пагашаюцца выдаткі банка па выкананні абавязацельстваў;
  • у другую чаргу пагашаюцца паслядоўна:
    • пратэрмінаваная запазычанасць па асноўнай суме доўгу па крэдыце;
    • пратэрмінаваная запазычанасць па працэнтах за карыстанне крэдытам;
    • запазычанасць па асноўнай суме доўгу па крэдыце за бягучы перыяд плацяжоў;
    • запазычанасць па працэнтах за карыстанне крэдытам за бягучы перыяд плацяжоў;
  • у трэцюю чаргу выконваюцца іншыя абавязацельствы, якія вынікаюць з крэдытнага дагавора, калі іншае не прадугледжана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.