Што павінен ведаць кліент пры атрыманні беларускіх рублёў і замежнай валюты ў выглядзе банкнотаў і манет у касе банка?

Кліент мае права ў прысутнасці ўпаўнаважанага прадстаўніка банка пааркушна (паштучна) пералічваць беларускія рублі і замежную валюту ў выглядзе банкнотаў і манет, якія ён атрымоўвае ў касе банка (далей – грашовая наяўнасць). У сувязі з гэтым неабходна ведаць:

кліент можа каля касы банка альбо на інфармацыйным стэндзе азнаёміцца з аб'явай пра тое, што заява аб нястачы, выяўленні неплацежных банкнотаў і манет, банкнотаў і манет, якія маюць відавочныя прыкметы падробкі, альбо банкнотаў і манет, сапраўднасць якіх выклікае сумненне, не падлягае задавальненню, калі атрыманая грашовая наяўнасць не была пералічана кліентам у прысутнасці ўпаўнаважанага для гэтага прадстаўніка банка, а таксама пералікам прыкмет плацежнасці банкнотаў і манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і пералікам прыкмет плацежнасці банкнотаў у замежнай валюце, пры гэтым банк самастойна вызначае неабходнасць работы з замежнай валютай у выглядзе манет;

калі касір банка прапануе кліенту пааркушна (паштучна) пералічыць грашовую наяўнасць, для таго каб ён мог пераканацца ў правільнасці сумы і якасці атрыманай грашовай наяўнасці, не трэба адмаўляцца ад пааркушнага (паштучнага) пераліку, таму што, калі ў працэсе пераліку будзе выяўлена нястача, банк складзе акт аб нястачы грашовай наяўнасці, які падпішуць упаўнаважаны прадстаўнік банка, што прысутнічаў пры пераліку, і кліент, пасля чаго кліенту будзе кампенсавана недастатковая сума грашовай наяўнасці;

калі кліент адмовіўся ад пааркушнага (паштучнага) пераліку атрыманай ім грашовай наяўнасці, у гэтым выпадку касір банка зразае частку адбітка клішэ з заварачнага шва поліэтыленавага пакета, у які запакавана грашовая наяўнасць, пасля чаго кліент ужо не зможа прад'явіць банку якія-небудзь прэтэнзіі, паколькі ён не пералічыў грашовую наяўнасць пааркушна (паштучна) у прысутнасці ўпаўнаважанага прадстаўніка банка;

пры ўнясенні кліентам атрыманай грашовай наяўнасці ў банкаўскім пакунку са зрэзанай часткай адбітка клішэ з заварачнага шва поліэтыленавага пакета ў касу іншага банка касір будзе прымаць ад кліента грашовую наяўнасць, пералічваючы пааркушна (паштучна) з мэтай праверкі яе сапраўднасці і плацежнасці. Калі ў працэсе пераліку будзе выяўлена нястача або выяўлены неплацежныя банкноты і манеты, банкноты і манеты, якія маюць відавочныя прыкметы падробкі, альбо банкноты і манеты, якія выклікаюць сумненне ў іх сапраўднасці, кліент ужо не зможа прад'явіць прэтэнзіі банку, у якім ён атрымліваў грашовую наяўнасць.

Такім чынам, каб у далейшым пазбегнуць непрыемнасцей пры здзяйсненні любых банкаўскіх аперацый з грашовай наяўнасцю, кліенту варта пералічваць грашовую наяўнасць пааркушна (паштучна) у банку, не адыходзячы ад касы, у прысутнасці ўпаўнаважанага прадстаўніка банка і спраўджваць указаную суму з касавым чэкам і іншым дакументам, які пацвярджае атрыманне грашовай наяўнасці, з мэтай своечасовага прад'яўлення банку сваіх прэтэнзій.