Аб кампенсацыі ўкладаў савецкага перыяду

Пасля распаду Саюза ССР, згодна з падпісаным 13 сакавіка 1992 года пагадненнем аб прынцыпах і механізме абслугоўвання ўнутранага доўгу былога СССР, запазычанасць перад насельніцтвам па ўкладах Ашчаднага банка СССР, па выпушчаных і непагашаных дзяржаўных пазыках выпуску 1982 і 1990 гг., а таксама сумы ўзносаў грамадзян па доўгатэрміновых дагаворах страхавання былі аформлены кожнай краінай як унутраны дзяржаўны доўг, абслугоўванне якога адносіцца да кампетэнцыі Міністэрства фінансаў адпаведнай дзяржавы. Усе выдаткі па абслугоўванні дзяржаўнага ўнутранага доўгу былога Саюза ССР за перыяд пачынаючы з 1 студзеня 1992 г. ажыццяўляюцца Бакамі за кошт іх дзяржаўных бюджэтаў.

З прычыны інфляцыйных працэсаў, якія інтэнсіўна развіліся ў пачатку 90-х гадоў, ва ўсіх былых рэспубліках, уключаючы Рэспубліку Беларусь, адбылося рэзкае абясцэньванне як грашовых сродкаў прадпрыемстваў, так і зберажэнняў насельніцтва, у тым ліку размешчаных ва ўклады ў банках.

З мэтай упарадкавання разлікаў і ўдасканалення грашовага абарачэння ў рэспубліцы было праведзена тры дэнамінацыі беларускага рубля: па стане на 20 жніўня 1994 г. – у 10 разоў (пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 12 жніўня 1994 г. № 15/1); па стане на 1 студзеня 2000 г. – у 1 000 разоў (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычнiка 1999 г. № 613); па стане на 1 ліпеня 2016 г. – у 10 000 разоў (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2015 г. № 450). У выніку дэнамінацый двойчы змяняўся маштаб грашовай адзінкі. Згодна з прынятымі рашэннямі па ўсіх рахунках юрыдычных і фізічных асоб на ўказаныя даты быў забяспечаны пералік у бок змяншэння (на 20 жніўня 1994 г. – у 10 разоў, на 1 студзеня 2000 г. – у 1 000 разоў, на 1 ліпеня 2016 г. – у 10 000 разоў) рэшткаў (уключаючы ўклады насельніцтва, сумы абавязацельстваў па выпушчаных каштоўных паперах), усіх відаў цэн і тарыфаў.

Пытанні правамернасці правядзення дэнамінацыі былі разгледжаны Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь, які ў сваім канчатковым Заключэнні ад 22 лютага 1995 г. № 3-11/95, якое не падлягае абскарджанню, прызнаў дэнамінацыю правамернай, таму што змяненне маштабу афіцыйнай грашовай адзінкі не змяняла яе пакупной здольнасці. Прычынай абясцэнення грашовых сродкаў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прызнаў інфляцыю.

Пытанні кампенсацыі насельніцтву страт ад абясцэнення зберажэнняў вырашаюцца кожнай дзяржавай самастойна, зыходзячы з наяўных эканамічных магчымасцей.

У нашай рэспубліцы пачынаючы з 1991 года на падставе рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Урада Рэспублікі Беларусь неаднаразова праводзіліся мерапрыемствы па аднаўленні зберажэнняў насельніцтва, размешчаных раней ва ўклады і абясцэненых у выніку інфляцыі.

Так, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта СССР ад 22 сакавіка 1991 г. № УП-1708 "Аб кампенсацыі насельніцтву страт ад абясцэнення зберажэнняў у сувязі з адначасовым павышэннем рознічных цэн" праведзена кампенсацыя ўкладаў шляхам павелічэння на 40% іх рэшткаў, якія мелі месца па стане на 1 сакавіка 1991 г.

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 красавіка 1992 г. № 187 "Аб індэксацыі зберажэнняў насельніцтва" была праведзена карэкціроўка сум рэшткаў укладаў, якія не перавышаюць 10 000 рублёў (уключна), на індэкс спажывецкіх цэн (19,3%).

На падставе пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 1993 г. № 2183-XII "Аб індэксацыі ўкладаў насельніцтва ва ўстановах Ашчаднага банка Рэспублікі Беларусь і кампенсацыі зберажэнняў грамадзян па доўгатэрміновых дагаворах страхавання" рэшткі ўкладаў па стане на 1 студзеня 1991 г. у суме да 1 000 рублёў былі павялічаны ў 5 разоў, рэшткі ўкладаў звыш 1 000 рублёў былі павялічаны на 4 000 рублёў.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1994 г. № 258 "Аб кампенсацыі ўкладаў насельніцтва ў Ашчадным банку" была праведзена разавая кампенсацыя ўкладаў шляхам павелічэння ў 10 разоў іх рэшткаў па стане на 1 студзеня 1992 г.

На падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 мая 1996 г. № 168 "Аб кампенсацыі ўкладаў насельніцтва" ў 1996–1997 гг. кампенсацыі падлягалі ўклады ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія мелі зберажэнні на 1 студзеня 1992 г. Рэшта ўкладаў на ўказаную дату павялічвалася ў 1 000 разоў.

Апошні этап кампенсацыйных выплат ажыццяўляла ААТ "АСБ Беларусбанк" у мэтах выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21.04.1998 № 229 "Аб кампенсацыi абясцэньвання ўкладаў i аблiгацый мэтавай беспрацэнтнай пазыкi 1990 года на набыццё тавараў працяглага карыстання (каштоўных папер)" (з улікам дапаўненняў) ( далей – Указ № 229) з 1998 па 2007 год уключна. Выплаты згодна з Указам № 229 ажыццяўляліся ўсім укладчыкам і іх нашчадкам, якія мелі ўклады ў перыяд з 01.01.1992 па 01.01.1995. Аднак з прычыны таго, што сума кампенсацыі разлічвалася з улікам росту індэкса спажывецкіх цэн толькі да 01.01.1996, памер кампенсацыі, якая выплачвалася, быў нязначны. Тэрмін дзеяння Указа № 229 скончыўся 31.12.2007.