Cупрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам МВФ з 1992 года. Удзел Беларусі ў рабоце МВФ рэалізуецца праз органы кіравання Фондам (Савет кіраўнікоў і Выканаўчы савет) і сістэму квот.

Квота Беларусі ў МВФ цяпер складае 681,5 млн. СПЗ, або 0,14% ад сукупнага памеру квот. Дзеючая квота забяспечвае Беларусі 0,16% агульнай колькасці галасоў у Фондзе. Больш падрабязна пра квоты – на сайце Фонду.

Савет кіраўнікоў з'яўляецца вышэйшым органам МВФ, што прымае асноўныя рашэнні, у які ўваходзіць па адным кіраўніку і адным намесніку кіраўніка ад кожнай дзяржавы – члена Фонду. Галасаванне Савета кіраўнікоў праводзіцца альбо шляхам склікання нарады, альбо дыстанцыйна. Кіраўніком МВФ ад Рэспублікі Беларусь з'яўляецца Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Калаур П.У., намеснікам кіраўніка – Міністр фінансаў Рэспублікі Беларусь Ермаловіч М.Л.

Выканаўчы савет адказвае за аператыўнае вядзенне спраў МВФ, функцыянуе на пастаяннай аснове і складаецца з 24 выканаўчых дырэктараў, кожны з якіх прадстаўляе пэўную краіну альбо групу краін. Беларусь у цяперашні час уваходзіць у групу краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (ЦУЕ) разам з такімі краінамі, як Аўстрыя, Турцыя, Чэхія, Славакія, Венгрыя і інш. З лістапада 2018 г. пост выканаўчага дырэктара, які прадстаўляе інтарэсы групы ЦУЕ ў МВФ, займае прадстаўнік Турцыі Рачы Кая.

Нацыянальны банк штогод прымае ўдзел у пасяджэннях Савета кіраўнікоў МВФ і ў сустрэчах групы ЦУЕ, а таксама ўдзельнічае ў дыстанцыйных галасаваннях Савета кіраўнікоў Фонду.

Супрацоўніцтва Беларусі з МВФ накіравана на павышэнне эфектыўнасці і ўстойлівасці эканомікі краіны і рэалізуецца па наступных асноўных напрамках:

  • кансультацыі ў рамках маніторынгу МВФ;
  • тэхнічнае супрацоўніцтва;
  • фінансавая падтрымка Фонду.

Кансультацыі ў рамках маніторынгу. МВФ кансультуе ўлады краіны падчас маніторынгу, які ажыццяўляецца ў рамках Артыкула IV і Артыкула VIII Артыкулаў Пагаднення МВФ.

Кансультацыі з краінамі-членамі па Артыкуле IV "Абавязацельствы ў дачыненні да валютнага рэжыму" Фонд, як правіла, праводзіць штогод. У рамках гэтых кансультацый МВФ ажыццяўляе маніторынг эканамічнай, фінансавай і валютнай палітыкі, якая праводзіцца, ацэньвае яе ўплыў на эканамічны рост і стабільнасць, дае ацэнку асноўным рызыкам і прадастаўляе рэкамендацыі для іх мінімізацыі. Апошнія кансультацыі па Артыкуле IV адбыліся ў лістападзе 2018 г. (гл. выніковую справаздачу).

У рамках узаемадзеяння па Артыкуле VIII "Агульныя абавязацельствы дзяржаў-членаў" Нацыянальны банк сумесна з іншымі органамі дзяржаўнага кіравання штогод узаемадзейнічае з МВФ з мэтай падрыхтоўкі Фондам даклада аб валютных рэжымах і валютных абмежаваннях (апошнія даступныя даныя, у тым ліку ў разрэзе краін, гл. па спасылцы).

Асаблівую актуальнасць на фоне сусветнага фінансавага крызісу набылі Праграмы ацэнкі фінансавага сектара (Financial Sector Assessment Program, або FSAP), якія праводзяцца МВФ сумесна з Сусветным банкам. Апошняя місія FSAP працавала ў Беларусі ў 2016 годзе, і вынікам яе працы сталі рэкамендацыі па ўмацаванні фінансавага сектара краіны (гл. справаздачу МВФ). На ўзроўні Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь і Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь быў зацверджаны комплексны план мерапрыемстваў па рэалізацыі рэкамендацый місіі FSAP на 2017–2021 гады.

Тэхнічнае супрацоўніцтва. За перыяд членства ў МВФ Нацыянальны банк атрымаў значную тэхнічную дапамогу па ўдасканаленні многіх напрамкаў палітыкі, уключаючы пытанні фінансавай стабільнасці, устойлівасці банкаўскай сістэмы, банкаўскага нагляду, развіцця сістэмы аналізу і прагназавання грашова-крэдытнай палітыкі, удасканалення грашова-крэдытнай статыстыкі.

У цяперашні час актыўнае ўзаемадзеянне з Фондам па лініі тэхнічнага супрацоўніцтва працягваецца. Сумесна з МВФ праводзіцца работа па павышэнні патэнцыялу квартальнай мадэлі сярэднетэрміновага праектавання грашова-крэдытнай палітыкі і ўдасканаленні сатэлітнага блока мадэлей, удасканальваюцца падыходы да правядзення інфармацыйнай палітыкі Нацыянальнага банка, рэгулявання банкаўскага сектара. Акрамя таго, штогод супрацоўнікі Нацыянальнага банка праходзяць навучанне ў Інстытуце прафесійнага і арганізацыйнага развіцця МВФ і Аб'яднаным венскім інстытуце, што спрыяе павышэнню прафесійных кампетэнцый і эфектыўнасці функцыянавання Нацыянальнага банка.

Фінансавая падтрымка Фонду. За перыяд членства МВФ прадаставіў Рэспубліцы Беларусь падтрымку на агульную суму каля 3,8 млрд. долараў ЗША:

  • 1993–1995 гады (па лініі фонду сістэмных трансфармацый) – 200 млн. долараў ЗША;
  • 1995 год (па механізме «стэнд-бай») – 73,5 млн. долараў ЗША;
  • 2009–2010 гады (па механізме «стэнд-бай») – 3,52 млрд. долараў ЗША.

У цяперашні час Беларусь не рэалізуе фінансавыя праграмы з Фондам, усе раней атрыманыя крэдыты пагашаны ў поўным аб'ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны. Гісторыя фінансавых адносін Рэспублікі Беларусь з Фондам адлюстравана на старонцы МВФ.