НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці


Паштовы адрас:
вул. Ленінская, 50, 212030, г. Магілёў, Рэспубліка Беларусь
Час працы:
Панядзелак – чацвер 8:00–17:15
Пятніца 8:00–16:00
Тэлефон: +375 222 29-93-00

Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці з'яўляецца структурным падраздзяленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і дзейнічае выключна ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь на рэгіянальным узроўні.

Галоўнае ўпраўленне ў сваёй дзейнасці кіруецца Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, Статутам Нацыянальнага банка, іншым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і дзейнічае на падставе Палажэння аб Галоўным упраўленні Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці.

Першачарговая задача Галоўнага ўпраўлення – рэалізацыя грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у Магілёўскай вобласці і кантроль за яе выкананнем.



Галоўнае ўпраўленне выконвае наступныя функцыі:

  • узаемадзейнічае з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі па пытаннях рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама па іншых пытаннях, звязаных з дзейнасцю Галоўнага ўпраўлення;
  • арганізоўвае работу са структурнымі падраздзяленнямі банкаў, размешчанымі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, па забеспячэнні крэдытавання юрыдычных і фізічных асоб у рамках рэалізацыі дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў, а таксама выкананні даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і рашэнняў Урада Рэспублікі Беларусь, праводзіць аналіз крэдытавання эканомікі вобласці;
  • забяспечвае прадастаўленне крэдытных справаздач карыстальнікам крэдытных гісторый, якія не з'яўляюцца банкамі, нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, і суб'ектам крэдытных гісторый;
  • прагназуе і аналізуе стан наяўнага грашовага абарачэння, распрацоўвае і рэалізоўвае практычныя меры па паляпшэнні арганізацыі наяўнага грашовага абарачэння, скарачэнні эмісіі наяўных грошай ў вобласці;
  • выпрацоўвае прапановы па змяненні механізму грашова-крэдытнай палітыкі;
  • арганізоўвае работу па развіцці сістэмы безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах, у тым ліку з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак, і пашырэнні сферы прымянення такіх разлікаў;
  • ажыццяўляе продаж памятных банкнотаў, памятных манет Нацыянальнага банка, мерных зліткаў з каштоўных металаў, каштоўных камянёў у выглядзе атэставаных брыльянтаў, футаралаў да памятных манет, мерных зліткаў, пакупку мерных зліткаў з каштоўных металаў, прыём мерных зліткаў з каштоўных металаў на інкаса;
  • ажыццяўляе касавыя аперацыі, вызначае сапраўднасць і плацежнасць банкнотаў у парадку, устаноўленым Нацыянальным банкам;
  • арганізоўвае і ажыццяўляе аперацыі па подмацоўванні і вывазе грашовай наяўнасці з падраздзяленняў банкаў;
  • ажыццяўляе выдачу дазволаў на прадаўжэнне тэрміну завяршэння знешнегандлёвых аперацый і іншых дазволаў у выпадках, вызначаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
  • ажыццяўляе кантроль за правядзеннем валютных аперацый падраздзяленнямі банкаў і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, выкананнем імі валютнага заканадаўства, заканадаўства ў сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння;
  • удзельнічае ў вызначаным заканадаўствам парадку ў комплексных (тэматычных), у тым ліку пазапланавых, праверках банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, іх адасобленых і структурных падраздзяленняў, уносіць Галоўнаму ўпраўленню банкаўскага нагляду прапановы аб прымяненні мер нагляднага рэагавання да банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый па выніках праверак;
  • арганізоўвае вядзенне адміністрацыйнага працэсу ад імя Нацыянальнага банка;
  • патрабуе ў адпаведнасці з заканадаўствам ад падраздзяленняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінасавых арганізацый інфармацыю, неабходную для выканання наглядных функцый;
  • ажыццяўляе маніторынг арганізацый вобласці, заснаваны на правядзенні рэгулярных апытанняў, для выяўлення тэндэнцый эканамічных працэсаў у вобласці, іх аналізу і прагнозу, забяспечвае функцыянаванне і развіццё рэгіянальнай сістэмы "Маніторынг прадпрыемстваў", падрыхтоўку аналітычных матэрыялаў;
  • арганізоўвае работу па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва на тэрыторыі вобласці;
  • разглядае ў межах сваёй кампетэнцыі запыты, звароты і скаргі грамадзян, банкаў і арганізацый;
  • ажыццяўляе іншыя функцыі ў парадку і на ўмовах, што вызначаюцца Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.