28.12.2017  
Інфармацыйнае паведамленне

Нацыянальны банк выпускае ў абарачэнне памятныя манеты "Свет вачыма дзяцей. 2017"


Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь з 28 снежня 2017 г. выпускае ў абарачэнне памятныя манеты "Свет вачыма дзяцей. 2017 ":

срэбную – наміналам 20 рублёў, масай 33,62 г, пробай сплаву 925, дыяметрам 38,61 мм, тыражом 1 000 штук;

медна-нікелевую – наміналам 1 рубель, масай 15,50 г, дыяметрам 33,00 мм, тыражом 2 000 штук.

Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў – кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай.

Аверс: уверсе злева – рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, у цэнтры – стылізаваны надпіс у два радкі: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ; унізе – кампазіцыя з дзіцячых малюнкаў; злева – намінал 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай), год выпуску і проба сплаву (на срэбнай манеце).

Рэверс: у цэнтры – выява клоўна, які жанглюе шарамі з выявамі саксафаніста, сабакі, твару дзяўчынкі і мядзведзя на веласіпедзе; уверсе па крузе надпіс: СВЕТ ВАЧЫМА ДЗЯЦЕЙ; унізе па крузе – стылізаваная арнаментальная паласа ў выглядзе месяца.

У дызайне манеты выкарыстаны кампазіцыі з малюнкаў дзяцей узроставай катэгорыі ад 7 да 9 гадоў, якія сталі пераможцамі адкрытага конкурсу дзіцячага малюнка "Дзеці малююць манеты", праведзенага Нацыянальным банкам у рамках Дня адчыненых дзвярэй – 2014.

Манеты адчаканены ў АТ "Дзяржзнак" якасцю: срэбныя – "пруф", медна-нікелевыя – "пруф-лайк".

Выпушчаныя ў абарачэнне манеты з'яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.