НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Навіны і прэс-рэлізы


print  Версія для друку

04.12.2017

ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ

На пасяджэнні Кансультатыўнага савета пры Нацыянальным банку была разгледжана ўстойлівасць плацежнага балансу Беларусі як індыкатара эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі

Асноўныя выклікі, з якімі сутыкнулася эканоміка Рэспублікі Беларусь, праз прызму іх адлюстравання ў плацежным балансе, канкурэнтаздольнасць беларускіх вытворцаў і яе ўплыў на экспарт сталі цэнтральнай тэмай абмеркавання падчас пасяджэння Кансультатыўнага савета пры Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь, якое адбылося 1 снежня 2017 года пад кіраўніцтвам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка П.У. Калаура.

У ходзе пасяджэння члены Кансультатыўнага савета і запрошаныя эксперты заслухалі шэраг дакладаў, а таксама вынікі даследаванняў Нацыянальнага банка ў гэтай галіне.

Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што вызначальны ўплыў на дынаміку і структуру плацежнага балансу аказвае агульная макраэканамічная палітыка, умовы, якія створаны ў краіне для развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і прытоку інвестыцый. Уздзеянне ж цэнтральнага банка на плацежны баланс носіць нейтральны характар і праяўляецца галоўным чынам праз канал абменнага курса ў падтрыманні цэнавай канкурэнтаздольнасці беларускага экспарту.

Падчас абмеркавання ўдзельнікі пасяджэння Савета неаднаразова падкрэслівалі, што недастатковая эфектыўнасць выкарыстання інвестыцыйных і працоўных рэсурсаў з'яўляецца ключавым фактарам няўстойлівасці плацежнага балансу Рэспублікі Беларусь, пастаяннага дэфіцыту бягучага рахунку.

Адмоўнае сальда бягучага рахунку ў вызначальнай ступені залежыць ад стану знешняга гандлю, нізкай дыверсіфікацыі і паступовай страты канкурэнтаздольнасці беларускага экспарту. У сваю чаргу, абмежаванасць круга экспарту абумоўлена нізкай эфектыўнасцю міжкраінавага фактарнага абмену з боку нацыянальнай эканомікі: высокая матэрыялаёмістасць і нізкая тэхналагічная канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў.

"Для ўстойлівага эканамічнага развіцця краіны прынцыповым момантам з пазіцый дасягнення станоўчага сальда плацежнага балансу з'яўляецца эфектыўнасць экспарту. Яна грунтуецца на няцэнавай канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Забеспячэнне няцэнавай канкурэнтаздольнасці таксама з'яўляецца важным фактарам павышэння гібкасці курсаўтварэння беларускага рубля і яго канверсоўнасці па аперацыях бягучага і капітальнага характару", – адзначыў Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур.

Кансультатыўны савет пры Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь з'яўляецца дарадчым органам. Савет створаны ў верасні 2014 года з мэтай прыцягнення шырокага экспертнага патэнцыялу пры распрацоўцы і рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, для фарміравання ўмоў устойлівага развіцця банкаўскай і плацежнай сістэм Рэспублікі Беларусь. Кансультатыўны савет сфарміраваны з прадстаўнікоў Нацыянальнага банка, банкаў, грамадскіх і навуковых арганізацый.




Падзяліцца: