28.12.2017  
Інфармацыйнае паведамленне

Нацыянальны банк выпускае ў абарачэнне памятныя манеты "Легенда пра пчалу" серыі "Беларускія народныя легенды"


Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь з 28 снежня 2017 г. выпускае ў абарачэнне памятныя манеты "Легенда пра пчалу" серыі "Беларускія народныя легенды":

срэбную – наміналам 20 рублёў, масай 33,62 г, пробай сплаву 925, дыяметрам 38,61 мм, тыражом 1 100 штук;

медна-нікелевую – наміналам 1 рубель, масай 15,50 г, дыяметрам 33,00 мм, тыражом 2 000 штук.

Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў – кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай.

Аверс: уверсе – рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, па крузе надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ; у цэнтры на фоне стылізаванай выявы кола калаўрота размешчаны выявы пчол і соты; унізе – намінал: 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай), злева ад наміналу – год чаканкі, справа – проба сплаву (на срэбнай).

Рэверс: у цэнтры – стылізаваная выява пчалы, міфалагічных вобразаў і сімвалаў беларускіх легенд. Справа па крузе надпіс: ЛЕГЕНДА ПРА ПЧАЛУ.

Манеты адчаканены якасцю: срэбныя – "пруф", медна-нікелевыя – "пруф-лайк".

Выпушчаныя ў абарачэнне манеты з'яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.