НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Навіны і прэс-рэлізы


print  Версія для друку

28.12.2017

ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ

Нацыянальны банк у 2018 годзе выпусціць у абарачэнне 11 найменняў памятных манет

Пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 5 снежня 2017 года № 507 зацверджаны Пералік памятных манет, якія з'яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і плануюцца да выпуску ў абарачэнне ў 2018 годзе.

У сувязі са 100-гадовымі юбілеямі з дня ўтварэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, унутраных войскаў Рэспублікі Беларусь, пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і фінансавай сістэмы Рэспублікі Беларусь плануецца выпусціць у абарачэнне памятныя манеты, прысвечаныя гэтым знамянальным датам.

Стала ўжо традыцыяй выпускаць памятныя манеты, прысвечаныя птушцы года, якую вызначае грамадскае аб'яднанне "Ахова птушак Бацькаўшчыны". У 2018 годзе такой птушкай абраны чорнагаловы шчыгел. Памятная манета "Чорнагаловы шчыгел" стане 12-й у межах серыі памятных манет "Птушка года".

Паводле кітайскага календара, 2019 год – год Свінні. У працяг серыі "Кітайскі каляндар" у 2018 годзе будзе выпушчана памятная манета "Год Свінні".

Вялікай папулярнасцю карыстаецца серыя памятных манет "Помнікі архітэктуры Беларусі". У рамках гэтай серыі плануецца выпуск памятных манет "Сафійскі сабор у Полацку", прысвечаных помніку архітэктуры XI–XVIII стагоддзяў.

У 2018 годзе будзе працягнуты выпуск памятных манет "Свет вачыма дзяцей". У дадатак да раней выпушчаных у абарачэнне манет, у дызайне якіх выкарыстаны кампазіцыі з малюнкаў дзяцей, якія сталі пераможцамі адкрытага конкурсу дзіцячага малюнка "Дзеці малююць манеты", праведзенага Нацыянальным банкам у рамках Дня адчыненых дзвярэй – 2014, будзе ажыццёўлены выпуск у абарачэнне памятных манет "Свет вачыма дзяцей. 2018".

Манеты спартыўнай тэматыкі традыцыйна папулярныя ў Беларусі і за мяжой. З 9 па 25 лютага 2018 года у горадзе Пхёнчхан, Рэспубліка Карэя, пройдуць XXIII Зімовыя Алімпійскія гульні. Да гэтай падзеі Нацыянальны банк выпусціць памятныя манеты "Алімпійскія гульні 2018 года".

Раней у рамках серыі "Заказнікі Беларусі" Нацыянальны банк выпусціў у абарачэнне срэбныя і медна-нікелевыя памятныя манеты "Альманскія балоты", "Чырвоны бор", "Заказнік" Днепра-Сожскі", "Заказнік. "Ліпічанская пушча", "Сярэдняя Прыпяць". У 2018 годзе Нацыянальны банк працягне выпуск памятных манет серыі "Заказнікі Беларусі", выпусціўшы памятныя манеты "Заказнік "Котра ".

Для адлюстравання на памятных манетах тэматыкі нацыянальнага дойлідства як адной з самых важных частак матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Нацыянальны банк адкрывае серыю памятных манет "Архітэктурная спадчына Беларусі" з выявамі на памятных манетах помнікаў архітэктуры.




Падзяліцца: