Памятныя манеты "Беларускі балет. 2013"
Дата выпуску ў абарачэнне: 6 мая 2013 года
Дызайн: С. Някрасава (Беларусь)Чаканка: ЗАТ "Літоўскі манетны двор", Вільнюс, Літва
Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў – кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай (акрамя залатой манеты наміналам 5 рублёў, бакавая паверхня якой гладкая).
Аверс
уверсе – рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; у цэнтры манеты – франтальная выява будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь пасля рэканструкцыі; па крузе надпісы: уверсе – РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, унізе: злева – год чаканкі, справа – проба сплаву (акрамя медна-нікелевай манеты), у цэнтры – намінал: 1 РУБЕЛЬ, 5 РУБЛЁЎ, 20 РУБЛЁЎ, 50 РУБЛЁЎ, 100 РУБЛЁЎ і 1000 РУБЛЁЎ на манетах адпаведных наміналаў.
Рэверс
на манетах – выявы фрагментаў з балета "Лебядзінае возера" П. Чайкоўскага.
На залатой манеце наміналам 1000 рублёў і срэбнай наміналам 100 рублёў: злева – рэльефная выява балерыны ў танцы; уверсе і ўнізе – два лунаючых пяры; у цэнтры – у два радкі надпіс: БЕЛАРУСКІ БАЛЕТ.
На залатой манеце наміналам 5 рублёў і срэбнай наміналам 20 рублёў: злева – рэльефная выява ў поўны рост балерыны ў танцы; справа – два лунаючых пяры; унізе па крузе надпіс: БЕЛАРУСКІ БАЛЕТ; на срэбнай – лагатып F15, які паказвае на прыналежнасць манеты да міжнароднай праграмы пад назвай Fabulous 15 (Ашаламляльныя 15).
На залатой манеце наміналам 50 рублёў і медна-нікелевай наміналам 1 рубель: у цэнтры – рэльефная выява балерыны, якая сядзіць у паўшпагаце; пад ёй у два радкі надпіс: БЕЛАРУСКİ БАЛЕТ (на залатой манеце замест кропкі ў літары "İ" ўстаўлены брыльянт); справа па краі манеты – дэкаратыўны арнамент з пер’я.